Праваабаронцы заклікалі падтрымаць зняволеных жанчын лістамі і паштоўкамі

Летам 2020 года ўпершыню пра жанчын Беларусі гучна загаварылі як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Шмат СМІ пісала, што ў мірных пратэстаў «жаночы твар» і менавіта жанчыны яго рухаюць.

tass_42057238_1.jpg

Гэта звязана і з рашучасцю Святланы Ціханоўскай вылучыць сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта замест арыштаванага мужа, і мірныя жаночыя ланцугі салідарнасці пасля катаванняў на Акрэсціна, і жаночыя суботнія маршы, і аб’яднанне трох штабоў – Святланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкала і Марыі Калеснікавай, якія сталі сапраўднымі лідаркамі руху за дэмакратычыныя змены ў краіне.
Гэта таксама і незлічоная колькасць дзяўчат, жанчын, бабуль, якія кожны дзень робяць нябачную працу: пішуць лісты падтрымкі, наведваюць судовыя працэсы, збіраюць перадачы для родных за кратамі, падтрымліваюць адна адну і ўсіх навокал.
Разам з тым, як ніколі да гэтага, вялізарная колькасць жанчын была кінутая за краты па палітычных матывах.
ПЦ "Вясна" вядома як мінімум пра 141 палітычна матываваную крымінальную справу, заведзеную у Беларусі супраць жанчын ад пачатку выбарчай кампаніі.
Як мінімум 49 жанчын знаходзяцца ў месцах зняволення ці пад хатнім арыштам. Дзесяць з іх ужо асуджаныя на рэальныя тэрміны пазбаўлення волі, астатнія чакаюць судоў.
38 жанчын прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Яшчэ мінімум 17 жанчын асуджаныя да “хатняй хіміі” альбо на штрафы і зараз знаходзяцца на волі. Мінімум 75 жанчын зараз знаходзяцца на волі ў статусе падазраваных па крымінальных справах, частка з іх з’ехала за мяжу.
Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы за правы жанчын праваабаронцы “Вясны” заклікаюць падтрымаць дзяўчат і жанчын лістамі і паштоўкамі з віншаваннямі да гэтага свята: выказаць ім сваё захапленне, салідарнасць і падзяку. Адрасы для лістоў можна знайсці на сайце "Вясны".