У Следчы камітэт масава выклікаюць на допыты ў справе праваабарончага цэнтру «Вясна»
Следчыя хочуць даведацца, ці плацілі кіраўнікі філіяў «Вясны» штрафы і пошліны пры абскарджванні рэпрэсіўных прысудаў.
Паводле «Палескай Вясны», у Мазыры і Светлагорску спасылаюцца на забраныя падчас ператрусаў на кватэрах і ў офісах рэгіянальных філіяў копіямі абскарджвання прысудаў паводле артыкулу 23.34. Гэтыя дакументы з'яўляюцца падставай для выкліку на допыты.
Следчыя задаюць пытанні пра тое, хто аплачваў штрафы і пошліны. Так, у Мазыры следчыя наўпрост задаюць пытанні пра тое, што звязвае выкліканых з кіраўніком Мазырскай філіі «Вясны» Уладзімерам Целепуном.
У Светлагорску цікавяцца адносна кіраўніцы мясцовага прадстаўніцтва Алены Маслюковай.
Акрамя таго, усіх прымушаюць даваць падпіску аб неразгалошванні, каб зрабіць «расследаванне» максімальна закрытым.
Вядома найменей пра шэсць чалавек, якіх выклікалі на допыты ў справе «Вясны» у Мазыры, і пра 10 чалавек у Светлагорску.
5 сакавіка Рада праваабарончага цэнтру «Вясна» прыняла заяву наконт крымінальнай справы ў дачыненні да арганізацыі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Юрыст Гомельскай філіі «Вясны» Леанід Судаленка ўжо зняволены і абвінавачаны паводле гэтай справы. Таксама ў зняволенні знаходзяцца кіраўніца валанцёрскай службы Марфа Рабкова, валанцёры Тацяна Ласіца і Андрэй Чапюк.
Радыё Свабода