«Без Кастрычніцкай рэвалюцыі не было б ні Губазіка, ні даносчыкаў, ні беларускага тэлевізара»
Шмат хто здзіўляецца, чаму ўлады ў Беларусі, якія так баяцца рэвалюцый, з шырокім размахам святкуюць гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. А аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» гэтаму не здзіўляецца, бо, насамрэч, у беларускіх улад з Кастрычніцкай рэвалюцыяй адны і тыя ж ідэалы.
Вось не хацеў я табе нічога казаць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю — шчыра не хацеў. Але, гляджу, некаторыя вельмі абураюцца, што беларускія ўлады сёлета задумалі святкаваць гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі з такім агеньчыкам і размахам. Што гэта састарэлая традыцыя і ўсякія атавізмы. Дык дарэмна абураюцца. Як жа беларускім уладам не святкаваць? У беларускіх улад з Кастрычніцкай рэвалюцыяй адны і тыя ж ідэалы.
Таму што ідэалы Кастрычніцкай рэвалюцыі — гэта, вядома, не пра сацыяльную роўнасць. Якая там сацыяльная роўнасць паміж зэкам, які памірае ад голаду на Беламорканале, і паэтам Міхалковым? Кастрычніцкая рэвалюцыя аднавіла сацыяльную няроўнасць, нябачаную з часоў старажытнага Шумера з яго працоўнымі лагерамі.
Кастрычніцкая рэвалюцыя не пра абарону правоў працоўных. Ад Кастрычніцкай рэвалюцыі працоўныя атрымалі толькі адно права. Права на працу на карысць Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ну і вядома, ніякага дачынення Кастрычніцкая рэвалюцыя не мае да справядлівасці.
Кастрычніцкая рэвалюцыя была насамрэч пра тое, каб пазбавіць людзей ад хімеры сумлення.
Галоўны ідэал Кастрычніцкай рэвалюцыі — прынцып адноснасці маралі. Ідэя пра класавую мараль. Што тое, што карысна, то і маральна. А калі мараль адносная, то можна рабіць літаральна ўсё. Галоўнае — прыдумаць сабе правільнае тлумачэнне. Можна сотнямі расстрэльваць узятых у закладнікі жанчын і дзяцей, можна загнаць мільёны людзей у лагеры, можна пісаць даносы на ўласных бацькоў. І ўсё гэта будзе маральна.
Вядома, і да бальшавікоў людзі здзяйснялі ўсякія гнюснасці. Але тых, хто здзяйсняў гнюснасці, як мінімум навакольныя лічылі дрэннымі людзьмі. Таму здзяйсняць гнюснасці ў прамысловых маштабах было ўсё ж такі не прынята. А бальшавікі навучылі, што саромецца тут няма чаго. Што гнюснасцю можна ганарыцца. Калі яна здзейснена на карысць правадыроў рэвалюцыі.
Калі беларускія ўлады кажуць пра агульнасць ідэалаў з «Вялікім Кастрычнікам», то яно ж так і ёсць. Таму што прынцып «часам не да законаў» — на самай справе, прыватны выпадак прынцыпу адноснасці маралі. Вось мараль бывае класавай, а законы бываюць для сваіх.
І калі яны кажуць, што без Кастрычніцкай рэвалюцыі іх бы не было, шануй гэта. Гэта той рэдкі выпадак, калі яны табе кажуць праўду. Хоць, можа, і самі гэтага не разумеюць. Без Кастрычніцкай рэвалюцыі не было б ні Губазіка, ні прафесійных даносчыкаў, ні няздольнага чырванець беларускага тэлевізара. Яны ўсе, як Гітлер, Сталін і Пол Пот, выраслі з ленінскай кепкі. З ідэі «што карысна, то маральна».
Але толькі з адной маленькай папраўкай. Для сведак стабільнасці галоўнае, каб карысна было асабіста ім самім, а не нейкім там прыдуманым прыгожым ідэалам. Таму што з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі ўсе прыдуманыя ідэалы ўжо выветрыліся. А новых прыгожых ідэалаў сведкі стабільнасці сабе прыдумаць не змаглі.
Так што ідэал застаўся толькі адзін: «Каб мне было добра і стабільна». І ў дасягненні гэтага ідэалу сапраўдныя сведкі стабільнасці не абмежаваны ніякімі маральнымі глупствамі. Уключаючы адданасць і вернасць. І калі раптам беларуская ўлада вычарпае сваю канкрэтную карысць, то неабцяжараныя мараллю сведкі стабільнасці зробяць так, як сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.