Беларусы спажываюць алкаголю больш за ўсіх у Еўропе

Беларусь зноў ўзначаліла рэйтынг самых пітушчых краін. Да таго ж наша краіна апынулася яшчэ і на першым месцы ў Еўропе па колькасці самагубстваў.



img_bibo_kz.jpg

Пра гэта паведамляецца ў дакладзе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб стане здароўя еўрапейцаў,  перадае Deutsche Welle.
 

Таксама аўтары дакладу канстатуюць значную розніцу па працягласці жыцця ў розных рэгіёнах Еўропы.
 

Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі, Расіі і Малдове складае 71 год. У той жа час у Францыі, Італіі і Іспаніі з іх міжземнаморскай дыетай гэты паказчык на 11 гадоў больш.
 

Негатыўна ўплывае на стан здароўя еўрапейцаў спажыванне вялікай колькасці алкаголю. Фактычна, еўрапейцы з'яўляюцца сусветнымі лідэрамі па спажыванні алкагольнай прадукцыі.

Тут у наяўнасці таксама значныя рэгіянальныя адрозненні: калі ў пераважна ісламскіх краінах — такіх як Азербайджан і Турцыя — спажыванне алкаголю складае ў сярэднім 1,4 літра чыстага спірту ў год на чалавека, то ў Германіі — 11 літраў, а ў Беларусі — 14,4 літра.

У дакладзе таксама адзначаецца, што ў Еўропе больш высокі ў свеце ўзровень самагубстваў, а лідэрамі па колькасці самагубстваў у Еўропе з'яўляюцца Літва і Беларусь.

Прыводзіцца ў дакладзе і статыстыка па курэнні. Паводле ацэнак СААЗ, у Еўропе, у цэлым, паліць каля 30 адсоткаў насельніцтва, што сведчыць аб скарачэнні агульнага спажывання тытуню на еўрапейскім кантыненце.

Гэты факт часткова звязваюць з забаронамі на курэнне, павышэннем коштаў на тытунь і продажам тытунёвых вырабаў ва ўпакоўках з застрашваючымі фатаграфіямі наступстваў курэння.

Больш за ўсіх паляць у Расіі, на другім месцы — Грузія, за ёй ідзе Грэцыя. Менш за ўсё паляць у Даніі і Ісландыі.

Цяперашні даклад СААЗ рыхтаваўся яшчэ да таго, як у Беларусі знялі абмежаванне на продаж алкаголю. У бліжэйшы час могуць адмяніць і забарону на інтэрнэт-гандаль алкаголем і цыгарэтамі.