Блогер Эдуард Пальчыс з-за кратаў: «Нават праз тэлевізар разумею, што TikTok захоплівае свет»
«З красавіка лісты амаль не прыходзяць. Хіба толькі ад сваякоў, і тое не ўсе. Калі я не адказаў на ваш ліст — значыць, ён да мяне не дайшоў», — распавёў палітвязень Эдуарт Пальчыс у картокім інтэрв'ю з-за кратаў «Нашай Ніве».
Эдуард Пальчыс быў затрыманы 27 верасня 2020 года, тады яму далі 30 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак на волю так і не выйшаў, яго перавялі ў СІЗА. Эдуарда вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў, яму пагражае да 15 гадоў. Праваабаронцы прызналі блогера палітвязнем, а ўлады прызналі канал Эдуарда экстрэмісцкім. Яго жонка Вікторыя цяжарнай выехала з Беларусі, нарадзіла дачку ўжо за мяжой. Эдуард змог з-за кратаў коратка адказаць пытанні «Нашай Нівы».
— Ці чакаў затрымання?
— Ужо ў ліпені я разумеў, што калі па мяне прыйдуць — паеду па сур’ёзнай справе, бо меў ужо адміністратыўку.
— Ці чакаў такой жорсткаці ад беларускай сістэмы?
— Гэтая сістэма — нашчадак СССР. Таму нічога новага ў гэтым няма. Але ў прынцыпе, падсвядома, хацелася верыць, што чалавечнага ў ёй больш, чым бесчалавечнага.
— Чаму не з’ехаў раней?
— Наконт ад’езда — глабальна не было ў планах на 2020 збегчы куды-небудзь. Я ўвогуле планаваў правесці гэты год спакойна.
— Што было самым цяжкім за гэты год пад вартай?
— Нават праз тэлевізар разумею, што TikTok захоплівае свет».
— Ці змяніліся нейкія погляды за гэты час?
— Кардынальных пераменаў няма.
— Што дапамагае трымацца?
— У мяне выдатная жонка, сям’я, сябры. З імі трымацца можна — хоць 10 гадоў.
— Як не звар’яцець за кратамі?
— Калі ўспрымаць камеру як манастырскую келью і больш чытаць, то мазгі заўсёды будуць у парадку.
— Чаго не хапае?
— У першую чаргу — інфармацыі. Інфармацыйная блакада. Таксама не хапае стасункаў з жонкай і дачкой.
— Ці схуднеў ты за гэты час?
— Трошачкі. Але адвакат кажа, што вельмі добра схуднеў».
— Ці не плануеш пісаць нешта? Можа быць, кнігу?
— Думкі пра кнігу былі. Але калі выбіраеш паміж напісаннем кнігі і ўкраінскім камедыйнымі ток-шоў, то я выбіраю ток-шоў.
— Як даходзяць лісты?
— Да красавіка 2021-га з поштай усё было больш-менш нармальна. Даходзілі лісты ад чужых людзей, адпраўляў свае таксама нармальна. З красавіка лісты амаль не прыходзяць. Хіба толькі ад сваякоў, і тое не ўсе. Калі я не адказаў на ваш ліст — значыць, ён да мяне не дайшоў.
— Ці былі прапановы аб пакаяльным інтэрв’ю ці напісаць прашэнне аб памілаванні?
— Інтэрв’ю не прапаноўвалі. Але прыйшло два лісты ад Васкрасенскага. Але я нешта пакуль не зразумеў, хто гэта і чаму ён мне піша.
— Як ты сябе ўспрымаеш: ахвярай ці героем?
— Улічваючы, што я ў краіне, дзе ўсіх саджаюць, то ўспрымаю сябе звычайным грамадзянінам.
— Ці не расчараваны, што змены ў краіне не наступілі так хутка, як чакалася?
— Я нават радуюся, што ўсё зацягнулася. Бо да 2020-га ў беларусаў у палітычным сэнсе было шмат наіўнага і дзіцячага. Калі б усё было хутка і проста, то нацыя б не зрабіла важныя высновы, якія, я спадзяюся, яна зрабіла цяпер. Усё сапраўднае і вартае даецца праз выпрабаванні. Таму мы і перажываем унікальны час, хай і цяжкі. Гэта трэба выкарыстоўваць для ўсведамлення сапраўднага і добрага, будучага і мінулага.
— Чаго ты чакаеш?
— Я чакаю, што будзе закрыты суд і рэальны тэрмін. Нават зачакаўся — калі ж ужо калонія?
— Ці шкадуеш пра што-небудзь?
— Шкадую, што на Валадарцы няма глазіраваных сыркоў на атаварцы. Усё будзе добра! А самыя смачныя — бярозаўскія сыркі.
https://d1r6jbpshm04er.cloudfront.net/?c=ar&i=277339