Сям'і палітвязня Яўгена Бароўскага патрэбная дапамога
Родныя Яўгена звярнуліся да праваабарончага цэнтра «Вясна» па дапамогу з пагашэннем судовага пазову.
Яўген Бароўскі — жыхар Мінска, асуджаны да 4 гадоў калоніі за гвалт над амапаўцамі каля «Пушкінскай». Яўген і яшчэ трое мінчукоў перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, «уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі».
«НЧ» пісаў пра Яўгена і яго дзяўчыну Вераніку ў межах спецпраекта «Падзеленыя кратамі».
Родныя Яўгена звярнуліся па дапамогу:
«Яўгену выстаўлены пазоў на пакрыццё маральнай шкоды супрацоўнікам АМАПу ў памеры 15859 рублёў.
Мне вельмі патрэбна дапамога з пагашэннем пазову. Нягледзячы на тое, што я працую, гэтая сума для мяне непад'ёмная.
Вялікая частка таго, што я зарабляю сыходзіць на прадуктовыя і рэчавыя перадачы, на "атаварку"».
Падтрымаць сям'ю палітвязня можна тут.