БМЗ пасля «Дажынак»: дзве тысячы заяў на звальненне

Рабочыя чакаюць пачатку наступнага года, каб сысці з завода. На працягу дзевяці месяцаў яны не атрымлівалі прэмій, а зарплата, па сутнасці, была замарожаная на ўзроўні 2012 года. Склалася сітуацыя, пры якой склады Беларускага металургічнага завода былі заваленыя гатовай прадукцыяй, якую няма куды было збываць. 



bmz.jpg

Беларускі металургічны завод пасля падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскіх «Дажынак», здаецца, паступова прыходзіць у сябе.
Як вядома, славутыя 1,2 трыльёна рублёў, выдаткаваныя на фестываль, пайшлі не толькі з абласнога бюджэту, але і з кашалькоў простых рабацяг галоўнага металургічнага гіганта краіны. Па дадзеных Камітэта дзяржкантролю, паходжанне гэтых грошай — не таямніца: палова з іх былі ўзятыя за кошт крэдытаў і з рахункаў мясцовых арганізацый.
Але і гэта яшчэ не ўсё.

Замарожаная зарплата


Сёння на ўсю моц на БМЗ будуецца новы драбнагатунковы драцяны стан, ідзе рэканструкцыя сталеплавільных печаў. У канцы зімы СМІ паведамлялі, што на тэрыторыі плошчай 12 гектараў размесцяцца драцяны стан, сем вытворчых участкаў, лініі вытворчасці катанкі і пруткоў, а таксама адміністрацыйна - бытавы будынак, склады, лабараторыя, вальцатакарная майстэрня, кампрэсарная станцыя, водападрыхтоўка. На ўсё гэта Еўразійскі банк развіцця і «Беларусбанк» выдзелілі пад гарантыю ўрада каля 280 мільёнаў еўра. А агульны аб'ём работ складае 326 мільёнаў еўра.
Зразумелая справа, што грошы паступаюць не адразу. Паўплывала ўсё — і «Дажынкі», і агульныя выдаткі на будаўніцтва. Рабочыя з канца мінулага года не атрымлівалі прэмій: заробак, па сутнасці, быў замарожаны на ўзроўні 2012 года. Да таго ж склалася сітуацыя, пры якой завод быў завалены гатовай прадукцыяй, якую няма куды было збываць. І ў той час, калі, па розных дадзеных, у аддзеле кадраў ляжала ад двух да трох тысяч заяў на звальненне, дзяржаўныя СМІ, у тым ліку прэс - служба прадпрыемства, адрапартавалі на ўсю краіну аб галавакружных поспехах на заводзе.

Усё найлепшае, але шчасця няма


Напрыклад, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, наведаўшы ў жніўні перад «Дажынкамі» БМЗ, заявіў, што інвестыцыйныя праекты, якія рэалізуюцца на Беларускім металургічным заводзе, — сусветнага ўзроўню. «Найлепшы будаўнічы прадукт 2013 вырабляецца на БМЗ», «Ацэнка — станоўчая», «Найлепшая ў рэспубліцы моладзь працуе на БМЗ» — такімі загалоўкамі забяспечвала прэс-служба БМЗ чытачоў мясцовай газеты «Металург». Усё найлепшае і ўсё — на БМЗ.
Рабочыя завода сітуацыю бачаць зусім па-іншаму.

«Я папрацаваў на БМЗ амаль дзесяць гадоў, і нават падчас крызісу 2011 года, калі адбылася трохразовая дэвальвацыя нацыянальнай валюты, мы пратрымаліся за кошт таго, што нам хоць і патроху, але павышалі зарплаты. Улетку гэтага года я паспрабаваў перавесціся ў іншы цэх, каб павысіць разрад і атрымліваць больш высокую зарплату, але маё начальства заявіла, што нікога нікуды не пераводзяць. Тады я і многія мае калегі паклалі на стол заявы аб сыходзе, каб мы маглі паехаць у Расею і хоць бы трохі зарабіць грашанят для нашых сем'яў. Нам, натуральна, адмовілі, спаслаўшыся на тое, што па кантракце я павінен адпрацаваць да канца года. І так сотні людзей, якія чакаюць 1 студзеня, каб сысці з заводу», — заявіў рабочы Уладзімір.


Паводле яго слоў, нават сталяварам, якія заўсёды атрымлівалі прыстойныя зарплаты, цяпер плацяць па 6-8 мільёнаў, што зусім не параўнальна з той шкоднай вытворчасцю, на якой яны працуюць кожны дзень.

Улічваючы сітуацыю, якая склалася, верагодна, пасля таго, як грошы банкаў паступілі на рахунак, які доўгі час пуставаў, рабочых вырашылі трохі папесціць і пачалі выдаваць прэмію — упершыню за доўгія месяцы.


«Далі ў гэтым месяцы па 500 тысяч. Але хіба гэта грошы?» — кажа Аляксей, які працуе ў адным з цэхаў БМЗ.

Адсутнасць банкнот у жлабінчан-металургаў адбілася і на спажывецкім рынку. Прадпрымальнікі скардзяцца на нізкі попыт на працягу амаль ўсяго года.


«Людзі купляюць толькі самае неабходнае, — кажа прадпрымальнік Людміла. — Напрыклад, вопратку і абутак да асенне-зімовага сезона. Ды і тое, шмат хто з прадпрымальнікаў ідуць на саступкі пакупнікам, прадаючы польскія і турэцкія тавары ў растэрміноўку».
Падчас правядзення «Дажынак», напрыклад, металургам прапаноўвалі купляць тавары на самім кірмашы, абавязаўшы прадпрымальнікаў не працаваць у пятніцу і суботу. Праўда, некаторыя з гандляроў не закрылі свае ралеты і працягнулі працу.
«Вядома, сёння вялікую канкурэнцыю нам складаюць крамы і, асабліва гіпермаркет «Еўраопт», — кажуць жлобінскія прадпрымальнікі. — Але цалкам відавочна, што сёння лішніх грошай у людзей няма. Усё пайшло на «Дажынкі».
camarade.biz