«Братэрскі» візіт

Напрыканцы мая Беларусь з афіцыйным візітам наведае зноўабраны стары кіраўнік Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства ўжо заявіў, што гэты візіт ёсць пацверджаннем значнасці сувязяў дзвюх дзяржаў. Каляпалітычнае кола тым часам пасмейваецца, што Уладзімір Уладзіміравіч едзе наведаць тэрыторыі, якія ўваходзяць у праграму па збору зямель.

Напрыканцы мая Беларусь з афіцыйным візітам наведае зноўабраны стары кіраўнік Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства ўжо заявіў, што гэты візіт ёсць пацверджаннем значнасці сувязяў дзвюх дзяржаў. Каляпалітычнае кола тым часам пасмейваецца, што Уладзімір Уладзіміравіч едзе наведаць тэрыторыі, якія ўваходзяць у праграму па збору зямель.
Першы афіцыйны візіт у статусе кіраўніка расійскай дзяржавы Уладзімір Пуцін зробіць у Беларусь 31 мая. «Бясспрэчна, візіт, які мы рыхтуем, з’яўляецца важным з усіх пунктаў гледзішча. Гэта візіт новага прэзідэнта Расійскай Федэрацыі — дзяржавы, з якой у нас каласальныя сувязі, і двухбаковыя, і ў розных інтэграцыйных форумах, — бадзёра заявіў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. — Гэта сігнал, накіраваны на пацвярджэнне значнасці сувязяў дзяржаў гэтага рэгіёну паміж сабой, тых працэсаў, пра якія мы гаворым, і значнасці не толькі ў двухбаковых адносінах Беларусі і Расіі, але і ў значна больш шырокім кантэксце».
«Наш наступны крок — запуск з 2015 года праекта Еўразійскага эканамічнага саюза», — заяўляў Уладзімір Пуцін, выступаючы перад дэпутатамі Дзярждумы са справаздачай за мінулыя чатыры гады. Уласна на прэзідэнцкі тэрмін Пуцін ішоў з некалькімі прыярытэтнымі ідэямі: дэмаграфічная паспяховасць расійскай дзяржавы, яе захаванне, уладкаванне і абарона ад знешніх пагроз, новыя працоўныя месцы, пабудова новай эканомікі, умацаванне пазіцый Расіі ў свеце — перш за ўсё праз новую інтэграцыю на еўразійскай прасторы.
Ці радуюцца на Карла Маркса, 38 такой увазе да Беларусі з боку расійскага ўладара? Сумнеўна. Прынамсі так гавораць хіба што толькі пра заклятых сяброў. «Ні ў Расіі, ні ў Пуціна няма рэсурсаў для таго, каб задушыць Беларусь», — заяўляў Аляксандр Лукашэнка 8 мая, адказваючы на пытанні дэпутатаў парламента. Паводле яго слоў, памыляюцца тыя, хто лічыць, што Уладзімір Пуцін пасля абрання на пасаду прэзідэнта РФ «пачне душыць Беларусь».
«Па-першае, для гэтага ў Пуціна няма рэсурсаў; па-другое, гэта сабе на шкоду. І Расія ніколі на гэта не пойдзе», — пераконваў слухачоў Лукашэнка. Ён успомніў пра перыяд, калі Расія ўстанавіла для Беларусі «вельмі высокія кошты» на энерганосьбіты. «Справа не столькі ў АЭП. Расія зразумела, што яшчэ год такой палітыкі ў дачыненні да Беларусі — і Беларусь больш ніколі не будзе на баку Расіі, таму акуратненька адступілі», — патлумачыў сутнасць сяброўства беларускі лідар. І дадаў, што другі раз такой памылкі «Пуцін не паўторыць». Увогуле, Аляксандр Лукашэнка любіць гаварыць пра свае фобіі ў фантазійнай форме і з часціцай «не» — «Плошчы не будзе», «ніхто нас не нахіліць», «зоймем зараз рынкі — асабліва Расіі, перад уступленнем у СГА — ніхто нас адтуль не выжыве» і гэтак далей.
Цікава, што візіту Пуціна ў Беларусь папярэднічаў візіт прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. І прайшоў ён не пад прыцэламі фота і відэакамер у Мінску, а ў Белавежскай пушчы ў рэзідэнцыі «Віскулі». Відавочна, палітычныя лідары дзвюх краін дамаўляліся аб паразуменні і супрацоўніцтве пад крылом вялікага інтэграцыйнага праекту Расіі. «Мы ў дэкларацыях напісалі, што да 2013 года Расія падыдзе да магчымасці вырашэння пытання аб чыгуначных тарыфах, а да 2015 года завершыць працу па манапалістах: па газаправоднаму, трубаправоднаму транспарту. І мы тады падыдзем да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза», — растлумачыў прэзідэнт Казахстана Назарбаеў. «Разглядаючы вашу краіну ў якасці апорнай пляцоўкі для ўмацавання эканамічнай прысутнасці ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне, Беларусь гатова стаць для Казахстана «заходнімі варотамі» на шляху ў Еўропу», — абяцаў персанальныя бонусы Лукашэнка.
«Пуцінскай фішкай інтэграцыі застаецца адзіная валюта — расійскі рубель. Сёння няма нейкіх асаблівых прыкмет, каб такую валюту хацелі бачыць у Мінску і Астане. Але і казаць аб нейкай фрондзе Лукашэнка—Назарбаеў намерам Пуціна інтэнсіфікаваць стварэнне Еўразійскай саюза было б несур’ёзна», — гаворыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Цікава, што перад візітам Уладзіміра Пуціна з’явілася інфармацыя аб тым, што кіраўніцтва Беларусі не мае намеру прадаваць кантрольны пакет акцый «Беларуськалія», аб пэўным ступары ў перамовах па стварэнні альянсу буйнейшых вытворцаў грузавікоў на постсавецкай прасторы — МАЗа і КамАЗа.
Наўрад ці ў Адміністрацыі Лукашэнкі чакаюць лёгкага этапу ў адносінах з Расіяй. Тым больш, што гаспадар Крамля мае канкрэтны план на бліжэйшыя гады, што зусім не ўпісваецца ў планы Лукашэнкі, для якога захаванне незалежнасці ёсць захаваннем сябе. Разам з тым адным з абавязковых пунктаў самазахавання ёсць падтрыманне ў Беларусі пэўнага ўзроўню жыцця. Так што бліжэйшым часам будзе цікава назіраць, як і пад заклад чаго гэтыя грошы будуць выцягвацца ў Расіі.
Беларускае падарожжа Уладзіміра Пуціна ўжо выклікала рэакцыю ў заходніх палітыкаў — першы афіцыйны візіт у дыктатару вельмі паказальны для рэпутацыі расійскага кіраўніка. Яго апанент, лідар «Аб’яднанага грамадзянскага фронту» Гары Каспараў у сваім артыкуле ў «The Wall Street Journal» напісаў: «Міф аб тым, што Расія і ЗША ўзаемна выгодныя стратэгічна, гадамі насаджаўся амерыканцам. Але падтрымліваць гэтую фантастыку становіцца ўсё цяжэй. Спадар Пуцін раптам адмяніў сваю паездку на саміт G–8 на вышэйшым узроўні ў Кэмп-Дэвідзе. І замест гэтага робіць свой першы замежны візіт у часе новага прэзідэнцкага тэрміну ў нелегітымную дыктатуру Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Можа, Пуціну працягнуць турнэ — наведаць усіх сваіх братоў-дыктатараў?»