БТ папрасіла «Беларусьфільм» дубляваць па-беларуску мультфільмы для «Калыханкі»

На петыцыю за «Калыханку» па-беларуску, якую падпісалі больш за паўтары тысячы чалавек, прыйшоў афіцыйны адказ «Белтэлерадыёкампаніі». Большая яго частка падобная да адпіскі, аднак апошні сказ абяцае невялічкія змены, перадае Радыё Свабода.

319c9a8b2243e30d5bf09da0a767ce27_logo_1.jpg

У петыцыі звярталася ўвага на тое, што ў перадачы «Калыханка» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-3» дэманструюцца рускамоўныя мульфільмы, хоць сама перадача вядзецца па-беларуску і паказваецца на тэлеканале, які задумваўся як беларускамоўны.
Выходзіць, пісалі ў петыцыі, што перадача непрыдатная ні для беларускамоўных, ні для рускамоўных дзяцей: дыктары размаўляюць на адной мове, персанажы мультфільмаў — на другой.
БТ: Пытанне па-за нашай кампетэнцыяй, але папросім «Беларусьфільм» перакласці іх мультфільмы
Генеральны прадзюсар «Белтэлерадыёкампаніі» Глеб Шульман у адказе на петыцыю спачатку згадвае, што ў Канстытуцыі прапісаныя дзве дзяржаўныя мовы, што на БТ «ускладзеныя функцыі рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі», што паводле закону «Аб СМІ» не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды СМІ, што нельга ўмешвацца ў самастойнасць гэтай рэдакцыі, што перадачы «Калыханка», «Дабраранак» і «Размаўляем па-беларуску» ствараюцца на беларускай мове, што пытанне з ліцэнзаваннем знаходзіцца па-за кампетэнцыяй БТ, якая толькі закупляе правы на паказ праз замову Міністэрства культуры, якое і вызначае мову кіно і мультфільмаў.
За ўсім гэтым ідзе апошні сказ:

«Белтэлерадыёкампанія направіла запыт у Нацыянальную кінастудыю „Беларусьфільм“ з просьбай ажыццявіць дубляж існуючых мультыплікацыйных фільмаў і ўлічваць дзве дзяржаўныя мовы пры стварэнні новых мультфільмаў».


Гэта дапаможа?


Хіба зусім крыху. У самім звароце адзначалася, што за месяц чэрвень толькі 1 мультфільм з 30 быў беларускай вытворчасці (і той па-руску). Астатнія — палова савецкія (па-руску), палова эпізоды брытанскага мультсерыялу (па-руску).
Нават калі «Беларусьфільм» будзе перакладаць свае мультфільмы на беларускую мову, доля іх мультфільмаў у «Калыханцы» мінімальная.
Незразумела, што значыць просьба «улічваць дзве дзяржаўныя мовы пры стварэнні новых мультфільмаў» — само БТ, як відаць з адказу, ведае пра гэтыя дзве дзяржаўныя мовы, ды руская гучыць у абсалютную большасць эфірнага часу. 
Зварот, які тычыўся мовы «Калыханкі», не накіроўваўся ні падпісантамі, ні аўтарам адказу ў Міністэрства культуры, якое БТ называе адказным за выбар кантэнту для «Калыханкі».

На петыцыю за 50% эфіру дзяржаўнага ТВ па-беларуску пакуль не адказалі


Больш як 1300 подпісаў сабрала яшчэ адна петыцыя, запушчаная ў чэрвені: за тое, каб палова эфірнага часу на дзяржаўных тэлеканалах Беларусі была на беларускай мове.
Аўтары петыцыі згадваюць вельмі малую долю беларускай мовы на дзяржаўным ТБ і заяўляюць аб «дэпапулярызацыі» адной з дзяржаўных моў.
З моманту, як зварот адаслалі ў Міністэрства інфармацыі, прайшло 29 дзён, адказу пакуль няма. Адказ на петыцыю маюць даваць праз 15 каляндарных дзён — або, калі «патрабуецца дадатковы разгляд», праз 30.

Дзяржаве «дастаткова» беларускай мовы на ТБ — яе там амаль няма

Дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пераважна рускамоўныя. На «Беларусь-1» хіба ёсць асобныя перадачы па-беларуску: 10- і 15-хвілінныя «Навіны рэгіёну», асобныя рубрыкі перадачы «Добрай раніцы, Беларусь», штодзённая віктарына «Мая Беларусь» на 2-5 хвілін, асобныя штотыднёвыя, штомесячныя і штоквартальныя перадачы па-беларуску. У «нумарной» сетцы БТ ёсць таксама тэлеканал «Беларусь-3», пра які кіраўніцтва БТ казала, што беларускамоўныя перадачы на ім займаюць 32% штодзённага вяшчання, а па-беларуску робяцца 75% уласных перадач.
Тым часам беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы, адмовілі ва ўключэнні ў беларускія тэлевізійныя кабельныя сеткі: на петыцыю аб гэтым намеснік гендырэктара «Беларусь-1» Сяргей Шышко адказаў, што «ў сетцы вяшчання прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадач і рубрык».
Стварыць беларускамоўны тэлеканал задумалі самі кабельныя аператары — з такой прапановай яны звярнуліся да дэпутаткі Алены Анісім, яна перадала прапанову міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу. Анісім кажа, што Карлюкевіч назваў прапановы цікавымі.
Мабільны аператар Velcom, які фундуе праект перакладаў фільмаў на беларускую, цяпер збіраецца стварыць свой тэлеканал, на якім абяцае ў тым ліку беларускамоўны кантэнт.
Паводле Радыё Свабода