Былой інфекцыйнай бальніцы Мінскага гета адмоўлена ў статусе помніка

Будынку былой інфекцыйнай бальніцы Мінскага гета па вуліцы Кальварыйская, 3-а адмоўлена ў наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці — помніка гісторыі. Такое рашэнне прыняла Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры (рада), паведаміў НЧ старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.



c300_1.jpg

Антон Астаповіч

Ён распавёў, што ў лютым бягучага году таварыства накіравала ў Мінкультуры прапанову па наданню статуса помніка гісторыі будынку былой інфекцыйнай бальніцы Мінскага гета.

Сваю прапанову грамадскасць матывавала тым, што пасля акупацыі сталіцы Беларусі нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны ў двухпавярховым тэ-падобным цагляным будынку грамадскай гарадской архітэктуры 1930-х гадоў (былой школе) размясцілася інфекцыйная бальніца Мінскага гета. У гэтай бальніцы пад кіраўніцтвам яе галоўнага ўрача Льва Куліка дзейнічала падпольная група, існавала яўка для сувязі з партызанамі, прымаліся зводкі Савінфармбюро, збіраліся медыкаменты для падпольных і партызанскіх баявых груп і вязняў гета. Кіраўнік падпольнай групы Леў Кулік быў схоплены нацыстамі пры спробе ўсталяваць сувязь з вязнямі Мінскай турмы і расстраляны.

Сваю пазіцыю рада матывавала тым, што «будынак страціў свае архітэктурныя вартасці, а памяць аб падзеях, звязаных з дзейнасцю ў гэтым будынку антынацыстскага цэнтра пад час акупацыі, у 2010 годзе ўшанавана шляхам усталёўкі мемарыяльнай шыльды на дадзеным аб’екце».

Аднак, на думку Астаповіча, мемарыяльная шыльда ў гонар гераічных і трагічных падзей Другой сусветнай вайны амаль не пакідае шанцаў захавацца будынку, які знаходзіцца ў вельмі прывабным для інвестараў месцы — побач з станцыяй сталічнага метро «Фрунзенская».

«Што такое інвестыцыйныя праекты ў Мінску — мабуць ведае кожны. А памяць трэба захоўваць і зрабіць гэта можна, у тым ліку, і праз зберажэнне матэрыяльных сведчанняў падзей мінулага. З гэтага сыходзіла таварыства, якое па супольнай ініцыятыве з сынам загінулага падпольшчыка Раманам Куліком і звярнулася ў Міністэрства культуры з прапановай надаць статус помніка гісторыі будынку па Кальварыйскай, 3-а. Але не так думае нашая рада пры Мінкультуры, бо мабуць зусім не асэнсавала трагічных падзей Другой сусветнай вайны і сваю адмову аб наданні былой інфекцыйнай бальніцы статуса помніка гісторыі сфармулявала вельмі цікава — стратай будынкам архітэктурных вартасцяў. Вось так і атрымалася — грамадства кажа пра неабходнасць захаваць будынак, як матэрыяльную сведку вайны, а атрымлівае адказ пра адсутнасць архітэктурных асаблівасцяў на фасадзе гэтага будынку», — падкрэсліў Антон Астаповіч.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь ёсць вельмі цікавыя аб’екты, нават такія, як Свята-Елісавецінскі манастыр у Навінках, што на ўскрайку Мінска. І думаеш пасля гэтага — чым сучасныя будынкі, узведзеныя літаральна колькі год таму, заслужылі права знаходзіцца ў гэтым спісе насуперак крытэрыям помніка, вызначаным у законе. Адказу няма. Застаецца толькі гадаць — можа архітэктура там геніяльная, а можа яшчэ што?

«А вось з будынкам былой інфекцыйнай бальніцы Мінскага гета ўсё наадварот. І згодна крытэрыям аб’ект варты быць помнікам, і ўсё ў парадку з дакументальнымі падцвярджэннямі тых крытэрыяў, і нават архітэктурнае аблічча ён амаль не страціў, што вызначыць лёгка па былых фотаздымках, толькі фасады атынкавалі. І застаецца гадаць — чаму такі будынак не варты быць помнікам? Гэта што — сваеасаблівы падарунак нашай рады грамадству да 3 ліпеня? А можа ўсё значна прасцей і проста сядзяць у радзе трошачку антысеміты?» — задаецца пытаннем Астаповіч.