Хто нас яднае

У Мінску прэзентаваная кніга «Справа Бяляцкага». Выданне пабачыла свет у серыі "Бібліятэка Свабоды". Аўтар кнігі журналіст Валер Каліноўскі пастараўся не толькі раскрыць чытачу акалічнасці крымінальнай справы супраць вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, але і рознабакова паказаць яго асобу.



b114a73f_7644_481f_8e66_dd8de4cf7773_w640_r1_s.jpg

Што можа аб’яднаць былых палітыкаў-супернікаў, людзей мастацтва, літаратуры, сваякоў палітзняволеных? Магчыма, крыху нелагічна, але асоба чалавека, які сядзіць у турме. Сядзіць за тое, што стварыў моцную арганізацыю, якая многа гадоў дапамагала пацярпелым людзям.
Кніга «Справа Бяляцкага» не столькі пра крымінальную справу, паводле якой Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады турмы, колькі пра справу ягонага жыцця — абарону грамадзянскіх і культурных правоў чалавека.

1_a.jpg

Аўтар кнігі Валер Каліноўскі

3_a.jpg

Пісьменнік Уладзімір Арлоў і аўтар кнігі "Справа Бяляцкага" Валер Каліноўскі


«Бяляцкі — асноватворны персанаж гісторыі. Пасадзі яго на пустым месцы — тут неўзабаве з’явяцца музей, царква і праваабарончая арганізацыя. Культура, вера і права. Зразумела, гэта будуць не столькі будынкі, колькі людзі, грамадзянская супольнасць, пачаткі грамадства», — піша ў пасляслоўі рэдактара Сяргей Дубавец.


Падчас прэзентацыі Сяргей Дубавец адзначыў, што кніга добра паказвае сутнасць крымінальнай справы супраць праваабаронцы, у супрацьвагу таму, што трансліравалі дзяржаўныя медыя — маўляў, Бяляцкі злодзей, то натоўп мусіць апраўдана крычаць «распні яго!». «Прапаганда кажа, што Бяляцкі «купаецца ў раскошы», скраў грошы ў дзяржавы, таму сядзіць у турме. А нашая задача была — сабраць факты, паказаць, што не купаўся ён у раскошы, не езздіў на шыкоўных машынах, як казалі па дзяржаўнаму тэлебачанню. Аўтар паказаў Бяляцкага такім, якім яго ведаем мы, для тых людзей, якія яго не ведаюць. Мы пісалі кнігу так, каб яна была даступная і на іншых мовах», — патлумачыў рэдактар кнігі Дубавец.


Прысутнічалі на мерапрыемстве і палітыкі — Анатоль Лябедзька, Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Казулін. Апошні на сваім уласным досведзе зведаў, што такое шлях палітзняволенага.


«Мне часта задаюць пытанне, чым палітычны адрозніваецца ад звычайнага зэка. Усё залежыць ад чалавека. Сутнасць турмы — зламаць чалавека. Але ёсць людзі, якія не ламаюцца, у якіх ёсць стрыжань. У Бяляцкага гэты стрыжань ёсць. Нам пашанцавала, што ў гэты цяжкі час мы бачым святло і бачым надзею. Калі нашая моладзь, як Аліневіч, піша з турмы: „тут прасвятленне“. А Мікіта Ліхавід правёў 90 дзён у ШЫЗА, але сказаў, што не прызнае ані гэтую ўладу, ані прысуд. Кожны можа задумацца: можна змагацца асабіста. Алесь — нашае святло, якое дапамагае марыць пра будучыню краіны. І я ўпэўнены, што гэтая будучыня будзе вельмі хутка», — сказаў у сваёй невялікай прамове Аляксандр Казулін.

2_a(1).jpg

Аляксандр Казулін


Бард Эдуард Акулін, стары сябра Алеся Бяляцкага, прысвяціў яму песню, а таксама распавёў кароткую гісторыю з удзелам пісьменніка і цяпер палітыка Уладзіміра Някляева:


— На маім нядаўнім юбілеі выступаў Уладзімер Някляеў. Ён згадаў гісторыю нашага даўняга знаёмства. Тады я, Анатоль Сыс і Алесь Бяляцкі былі яшчэ вельмі маладыя. Някляеў сказаў: «Аднаго з іх — таленавітага паэта — забрала смерць; другога — таленавітага праваабаронцу — забрала турма, а трэці святкуе сёння свой юбілей». Калі скончылася мая вечарына, я падышоў да Някляева і сказаў, што мне сорамна, што я юбілей адзначаю, а адзін памёр, другі ў турме... «Не расстройвайся, — сказаў мне Някляеў, — у цябе яшчэ ўсё наперадзе». І сапраўды, у наш час ад турмы і ад сумы ніхто не застрахаваны, нават той, хто ездзіць на "майбаху"».

Натуральна, на прэзентацыі кнігі прысутнічала і жонка Алеся Бяляцкага — Наталля Пінчук. Яна зачытала ўрывак з навагодняй віншавальнай паштоўкі ад Алеся: «Мне падаецца, што мінулы год быў нейкім перавалам выпрабаванняў і цяжкасцяў, і што далей нам усім будзе лягчэй».
«Я спадзяюся, — сказала Наталля, — што гэта здзейсніцца. У дачыненні да ўсіх нас».

4_p(1).jpg

Другая злева Наталля Пінчук