Ці абароніць сцяна на мяжы Польшчу і ЕС і чаму супраць выступілі больш за 1000 навукоўцаў?

Польшча працягвае ўзводзіць сцяну на мяжы з Беларуссю, нягледзячы на няўпэўненасць у тым, ці дапаможа Еўрасаюз фінансаваць будаўніцтва. А навукоўцы пратэстуюць супраць сцяны.

b78952c_60099.jpg

Польскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што сцяна на мяжы абароніць краіну і ЕС у цэлым ад міграцыйнай хвалі з Афрыкі і з Блізкага Усходу, паведамляе euronews.com.

Апошнія некалькі месяцаў мігранты трапляюць на тэрыторыю Еўропы з Беларусі. Узвядзенне сухапутнага бар'еру працягласцю 186 кіламетраў і вышынёй 5 метраў, згодна з папярэднімі ацэнкамі, абыдзецца ў амаль 350 мільёнаў еўра.

Прадстаўнік памежнай службы Польшчы Ганна Мішальска пракаментавала неабходнасць узвядзення сцяны на мяжы так: «Для нас гэта адназначна важны элемент сістэмы аховы мяжы, ва ўмовах міграцыйнага ціску неабходна выкарыстоўваць кожную дадатковую магчымасць абароны. Ёсць месцы, дзе фізічныя бар'еры ўстанаўлівацца не будуць, таму што там ёсць рэкі ці балоты. Але мы будзем ахоўваць гэтыя ўчасткі мяжы па-іншаму, ці, напрыклад, будзе электронны бар'ер».

Аднак эколагі і некаторыя мясцовыя жыхары скардзяцца, што сцяна негатыўна паўплывае на ахоўныя тэрыторыі з унікальнай флорай і фаўнай, найперш на Белавежскую пушчу:

— Не ўсе вераць, што такая дурная штука, як сцяна, нешта абароніць, таму што яна знішчае прыроду і не дапаможа чалавеку. Сітуацыя на мяжы будзе толькі пагаршацца — і пагаршацца з-за сцяны, як мы гэта ўжо даўно бачылі ў іншых краінах — ЗША і Германіі... Сцяна перарэжа экасістэму Белавежскай пушчы напалову», — кажа актывістка руху «Не сцяне!» Юстына Паўслюскевіч.

Ужо больш за тысячу навукоўцаў накіравалі ў Еўракамісію пратэст супраць будаўніцтва Польшчай сцяны на мяжы.

Навукоўцы-эколагі з Польшчы і іншых дзяржаў ЕС патрабуюць ад кіраўніцтва Еўракамісіі спыніць будаўніцтва сцяны на мяжы Польшчы і Беларусі. Адпаведны зварот на сайце naukadlaprzyrody.pl падпісалі ўжо больш за 1 200 чалавек.

Асабліва непакояцца навукоўцы за Белавежскую пушчу. Таму што сцяна можа «паставіць пад пагрозу захаванне шматлікіх ключавых прыродных працэсаў, якія з'яўляюцца падставай для ўнясення Белавежскай пушчы ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА».