Ці шмат у свеце магіі? Бенін адзначае Нацыянальны дзень Вуду

Злавесныя рытуалы з пратыканнем лялек іголкамі, скокі вакол вогнішча і крывавыя ахвярапрынашэнні — пераважна з гэтым, дзякуючы неўтаймавальнаму Галівуду, у нас асацыюецца вудуізм. Але рэальнасць вельмі далёкая ад фільмаў жахаў. Бенін 10 студзеня адзначае Нацыянальны дзень Вуду, і гэта нагода паразважаць, наколькі моцная цяга да магіі не толькі ў Афрыцы.

5_49_1.jpg

Вудуізм пры бліжэйшым разглядзе з’яўляецца не такім ужо і страшным, як падаецца. Гэта — традыцыйная рэлігія ў Беніне, як і ў некаторых іншых заходнеафрыканскіх краінах. Насамрэч, слова «вуду» азначае ўсяго толькі «дух», а рэлігія Вуду характарызуецца найперш проста верай у добрых і злых духаў, якія насяляюць сусвет. Асноўныя рэлігійныя практыкі гэтай веры — нашэнне спецыяльных талісманаў, што абараняюць ад зла, а таксама правядзенне асаблівых рытуалаў з танцамі і музыкай.

Напэўна, некаму рэлігія вуду падасца дзікунскай і ўласцівай «слабаразвітым афрыканскім народам». Але, калі прыгледзецца да «цывілізаваных нас», ці далёка мы адышлі ад тых жа жыхароў Беніна? Цывілізаваныя беларусы, якія шануюць традыцыі, на Дзяды вараць куццю і ставяць на стол лішнюю талерку, каб з імі частаваліся і духі продкаў, якія завітваюць у гэты дзень у госці да нашчадкаў.

Чысты вудуізм, ці не так?

Дарэчы, традыцыя «лішняй талеркі» — не чыста асаблівасць беларусаў. У Грузіі таксама ставяць на стол лішнюю талерку, праўда, на Раство. І таксама — для духаў продкаў.

Цікава: між Беларуссю і Грузіяй тысячы кіламетраў, вельмі адрозныя мовы і культуры, але «магічныя практыкі» — адныя і тыя ж. Можа, нешта ў гэтым ёсць?

Вуду — гэта каталіцызм! Не верыце?

Нацыянальным днём Вуду 10 студзеня было абвешчана ў 1993 годзе былым прэзідэнтам Беніна Нісефорам Соглам. Па афіцыйнай версіі, адной з мэт гэтага свята было змяненне ўяўлення пра рэлігію ў больш прывабнае рэчышча. Па неафіцыйнай версіі — вудуізм дапамог прэзідэнту выратавацца ад смерці, і ў падзяку ён вырашыў надаць культу афіцыйны статус у краіне.

Нягледзячы на адносную «дзяржаўную маладосць», афіцыйная рэлігія ўжо зазнала спробы пераследу. У 1996 годзе, пасля таго, як Согла пакінуў пасаду, новы прэзідэнт Мацье Керэку паспрабаваў забараніць свята, заявіўшы, што Бенін — дзяржава свецкая і афіцыйнай рэлігіі ў ёй не месца. Аднак парламент адхіліў прапанову новага прэзідэнта, таму свята да гэтага часу праходзіць штогод.

З лялькамі вуду таксама не ўсё проста. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, зусім не кожны вядзьмар можа зрабіць тую ляльку, нават больш — не кожны можа прычыніць праз яе нейкую шкоду чалавеку.

У рэальнасці вуду праца з лялькамі можа праводзіцца толькі жрацамі, якія знаходзяцца на некалькіх узроўнях у залежнасці ад ступені майстэрства. Жрацы першых трох узроўняў з дапамогай лялек могуць мець зносіны з духамі мёртвых і рабіць толькі лёгкае чараўніцтва — скажам, насылаць любоўныя чары. Жрацам на ўзроўні майстэрства вышэй даступныя ўжо рытуалы аглушэння суперніка і звароты да духаў лесу. І толькі служкам вуду вышэйшага ўзроўню даступныя рытуалы, што дазваляюць з дапамогай лялек аказваць наўпроставае ўздзеянне на чалавека. Але і гэтае ўздзеянне — далёкае ад шкоды. Асноўны напрамак такіх цырымоній — не прычыненне пакут, а, наадварот, збаўленне ад хвароб.

Так што злавесныя лялькі, як іх уяўляе Галівуд, на самай справе могуць быць не толькі бяскрыўднымі, але і карыснымі.

Самае цікавае, што ў 1860 годзе Ватыкан прызнаў рэлігію вуду… адным з адгалінаванняў каталіцызму! А на першай цырымоніі святкавання прысутнічаў Папа Рымскі Ян Павел II, які адзначыў «асноватворную праведнасць», уласцівую вучэнню і вераванню вуду.

Танец шаманаў на Фестывалі вуду ў Беніне

Танец шаманаў на Фестывалі вуду ў Беніне

Ці шмат у свеце магіі?

Магічнае мысленне, як ні дзіўна, уласцівае шмат каму, і не толькі ў афрыканскіх рэлігіях. З пачаткам уварвання Расіі ва Украіну кібервойскі апошняй узламалі сайт Крамля і атрымалі доступ да ўсёй тэлефоннай базы. Сярод нумароў тэлефонаў членаў адміністрацыі расійскага кіраўніка і журналістаў у базе былі таксама і кантакты цэлага пулу крамлёўскіх ведзьмакоў і варажбітак.

Яшчэ перад першым рэферэндумам па змене Канстытуцыі Беларусі — а гэта было ў 1996 годзе, тады, калі ў Беніне спрабавалі забараніць Нацыянальны дзень Вуду — сярод экзальтаваных грамадзян РБ хадзілі чуткі, што Лукашэнка абірае дні галасавання з дапамогай ведзьмароў і астролагаў — і менавіта таму ён перанёс першапачатковую дату галасавання з 7-га лістапада на 24-га.

Тое ж тычыцца і змены Лукашэнкам даты нараджэння. Пагадзіцеся, жаданне «нарадзіцца» ў адзін дзень са сваім малодшым сынам — несур’ёзная падстава для змены даты нараджэння для дарослага чалавека. Астролагі і блізкія да акультызму асобы сцвярджалі, што, ведаючы дакладную дату і час нараджэння, можна стварыць дакладны астрапрагноз і нават нашкодзіць праз гэта чалавеку. Таму Лукашэнка вырашыў «заблытаць варожых магаў», пасоўваючы свой дзень народзінаў невядома куды.

Займацца такімі глупствамі, канешне, не з рукі сталаму чалавеку. Але гэта здарылася і дае нам уяўленне пра тое, што часам робіцца ў мазгах і Лукашэнкі, і Пуціна з ягоным пулам варажбітак.

І, канешне ж, нельга не заўважыць «магічнае мысленне» беларускага ўрада. З аднаго боку, шматслоўныя заклінанні пра поспехі беларускай эканомікі, якіх, насамрэч, не назіраецца нават у мікраскоп, рацыянальна патлумачыць нельга. А з ірацыянальнага пункту погляду, гэта якраз укладаецца ў магічную канцэпцыю пра тое, што «думкі — матэрыяльныя». І, калі тысячу разоў уявіць «моцную і квітнеючую Беларусь», яна ад гэтага сапраўды стане моцнай і квітнеючай, а ўсе праблемы разыдуцца самі сабой.

І таму яны безліч разоў паўтараюць слова «халва» ў спадзеве на тое, што ў роце ўсё ж стане салодка.

Так што магія — ці яна вуду, ці не вуду — прысутнічае і навокал нас. Прынамсі, уяўленні некаторых асоб пра магію. І добра, калі гэтыя ўяўленні застаюцца пры асобе. Але ж бывае і не так…

«А калі ўсё ж ёсць?» Як засцерагчыся ад магіі

Напачатку снежня ў амбасады Украіны ў некаторых еўрапейскіх краінах пачалі дасылаць пасылкі з жахлівым змесцівам — вачыма забітых сабак. Падавалася б, гэта відавочная спроба запалохаць украінскіх дыпламатаў. Але нумаролаг і экстрасэнс Ігар Мехеда патлумачыў выданню «Obozrevatel», што ўсё не так проста.

Па яго словах, гэта старажытная вядзьмарская практыка: у акультызме так насылаюць праклёны. Калі ўзяць любую сярэднявечную кніжку па вядзьмарстве, то там напісана, як наводзіць праклён праз жабу. Бяруць жабу, кідаюць яе ў банку, туды ж кідаюць скарпіёнаў, атрутных павукоў, пчол, вос — усё, што мае яд. Зразумела, тыя кусаюць жабу, пасля чаго яна памірае ў страшных пакутах. Пасля памерлую жабу заклінаюць «Ты павінна з’есці Івана Іванавіча» і падкідаюць яе названаму чалавеку. Калі Іван Іванавіч глядзіць на такі «падарунак», энергетычная форма жабы кідаецца на яго і «з'ядае». У выніку чалавек пачынае хварэць і можа нават памерці.

У многіх рэлігіях лічыцца, што энергія душы канцэнтруецца менавіта ў вачах. Таму ўсю гэтую інфармацыю нясуць вочы забітай жывёлы. І таму ва ўкраінскія амбасады дасылалі менавіта вочы.

Няўжо Расія вырашыла паваяваць з Украінай на магічным узроўні? Экстрасэнс не бачыць у гэтым нічога дзіўнага і нагадвае: у Трэцім рэйху быў інстытут «Анэнэрбе», які курыраваў акультныя навукі. А «варажбіткі Пуціна» даюць падставу меркаваць, што і ў сучаснай Расіі нешта падобнае існуе.

«Людзі лётаюць у космас, ствараюць перадавыя тэхналогіі, але многія да гэтага часу знаходзяцца свядомасцю ў Сярэднявеччы і карыстаюцца метадамі сярэднявечнай магіі. Дарэчы, апытанне, праведзенае ў Расіі, паказала, што 70% людзей вераць у акультныя трактаты. Яны вераць, што гэта працуе», — кажа Мехеда. І, адпаведна, дзейнічаюць згодна са сваёй верай.

Але ж павальнага мору сярод украінскіх дыпламатаў чамусьці не назіралася. Усё таму, што, паводле экстрасэнса, гэтыя практыкі працуюць, калі чалавек у іх верыць, калі прымае гэтыя «правілы гульні». Калі ён не верыць у акультызм, сабачыя вочы ды лялькі вуду на ім не спрацуюць.

А ўвогуле ў любой краіне свету да 25% насельніцтва, па звестках Мехеды, вераць у нешта інфернальнае і тагасветнае.

Так што, калі вы верыце ў магію лялькі вуду — гэта будзе лялька вуду. А калі не верыце — проста лялька.

У любым выпадку, Нацыянальны дзень Вуду ў Беніне збірае тысячы турыстаў з усяго свету. А выбар, у што верыць — выключна за вамі!