Цырк за дротам, або Як я назіраў за «выбарамі»

Наш карэспандэнт правёў усе шэсць дзён галасавання на адной з самых скандальных акруг Мінска ў якасці назіральніка. Як жа гэтая «кухня» выглядае з пункту гледжання тых, хто ў ёй варыцца?

vybary_u_mjascovyja_savety__1__logo.jpg


Хто такі назіральнік і што ён можа?

Стаць назіральнікам можа кожны грамадзянін Беларусі, галоўнае — вылучыцца ад палітычнай партыі, грамадскай арганізацыі альбо сабраць 10 подпісаў выбаршчыкаў з акругі. Мэта назіральніка — сачыць за адкрытасцю выбарчага працэсу і лічыць колькасць апушчаных бюлетэняў, а на парушэнні — рабіць заўвагі камісіі ўчастка ці пісаць скаргі.
Назіраць мне дазволілі толькі сваімі вачыма без ніякіх тэлефонаў. Божа барані дастаць фотаапарат і навесці на кагосьці, а тым больш відэакамеру — адразу выганяць. Прычым нідзе ў Выбарчым кодэксе ані слова не напісана пра забарону на здымкі. Самае абсурднае, што аднойчы мне на ўсе гэтыя ціскі сама камісія адказала артыкулам аб галоснасці на выбарах.

На маім участку былі акрэдытаваны каля 10 назіральнікаў: два з кампаніі «Права выбару», некалькі падобных на настаўніц і таямнічая жанчына, якая кожны дзень пісала нейкія заўвагі і вельмі пільна сачыла за ўсімі незалежнымі назіральнікамі, прычым значна болей, чым за выбаршчыкамі ці камісіяй. На другі дзень я зразумеў, што яе асноўная мэта — пазбавіць непраўладных назіральнікаў акрэдытацыі шляхам скаргаў.


Што робяць сябры камісіі і як туды трапіць?

У школе было тры ўчасткі. Камісіі двух з іх сфармаваліся з настаўніц школы, яшчэ адна — з супрацоўнікаў ЖЭСа і прадстаўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый. Са старшынём ЖЭСавага ўчастка гутарыў доўга. На выгляд інтэлігентны 65-гадовы мужчына, атрымаў інваліднасць праз няўдалую аперацыю па анкалогіі, ускосна пацвердзіў мае думкі наконт шматлікіх парушэнняў. Па яго словах і словах іншых сябраў, трапіць у камісію можа далёка не кожны, гэта «клуб» для сваіх.

Многія сябры камісіі здзівілі сваім як палітычным, так і простым невуцтвам. Напрыклад, вельмі рэзала слых фраза «ложи телефон», адзін запытаўся, чаму на маім світшоце з выявай «Менск» памылка. Любы накіраваны ў іх бок гаджэт (нават без камеры), прыводзіў да віску і катэгарычных патрабаванняў не здымаць. Што ж яны так хаваюць, што не хочуць быць заўважанымі?


vybary_u_mjascovyja_savety__2__logo.jpg


Як і хто галасуе датэрмінова?

За 5 дзён да асноўнага дня галасавання распачынаецца датэрміновае: усе тры ўчасткі знаходзяцца ў даволі маленькім памяшканні. Скрыні для галасавання ў кожнага ўчастку свае, але маленькія, верагодна, разлічаныя для невялікай колькасці бюлетэняў.
Афіцыйнай прычыны прагаласаваць не ў асноўны дзень няма. Але ёсць шмат агульнага ў такіх выбаршчыкаў. Як я заўважыў, гэта пераважна жанчыны, гадоў 35-50, у вельмі непрыкметным адзенні. Яны часта хавалі свае твары пад хусткай, шалікам ці капюшонам.

Участак адчыняецца а 10 раніцы. Спачатку цішыня: за гадзіну мог ніхто не прыйсці. А потым пачынаецца… У першыя гадзіны я сапраўды верыў у такую шчырую актыўнасць. Нават ствараліся чэргі. Але пачаў заўважаць нейкую заканамернасць: большасць выбаршчыкаў ідзе быццам па камандзе, адразу цэлымі групамі, часта зусім не гледзячы на нумар участку і амаль заўсёды прыходзяць, ужо трымаючы ў руках пашпарт.  

На другі дзень я пачаў пазнаваць гэтых людзей. Нехта з іх мяняў адзенне, але ўсё адно «спальваліся». Я бачыў, як адзін і той жа чалавек прыходзіў па тры разы ў адну школу. Хаця, не выключана, што нехта мог і пяць разоў прагаласаваць, маючы «сакрэтны» шыфр у пашпарце на старонцы з прапіскай. Кульмінацыяй усёй гэтай катавасіі стала тое, што я пазнаў настаўнікаў з маёй былой школы, якая знаходзіцца ў суседняй акрузе. Адзін з іх двойчы прагаласаваў за гэтыя дні, а ў мяне выкладаў грамадазнаўства, то бок — асновы права. Потым па маім апісанні яго пазналі назіральнікі і на іншым участку.
Такія «каруселі» працягваліся падчас усяго датэрміновага галасавання, але іншыя назіральнікі, апроч каманды «Права выбару», іх не заўважалі. Права ж лавіць грамадзяніна і патрабаваць прад’явіць пашпарт назіральнік не мае. І скаргу не падаш — доказаў няма. Абсурднасці гэтым масавым парушэнням дадае тое, што на мясцовых выбарах няма мінімальнага парогу яўкі. Дастаткова прагаласаваць хоць аднаму чалавеку — выбары адбыліся.
У канцы кожнага дня вывешваўся пратакол аб колькасці прагаласаваўшых: у першыя дні ён амаль не адрозніваўся ад маіх падлікаў, нават лічбы былі заніжаны. Але ў канцы «датэрміноўкі» ў дакуменце камісіі колькасць прагаласаваўшых адрознівалася ад маёй ужо на 20 чалавек. Усяго датэрмінова прагаласавалі аж 38% выбаршчыкаў майго ўчастка.

vybary_u_mjascovyja_savety__6__logo.jpg


Што адбываецца ў асноўны дзень? The Show must go on

Нядзеля, 18 лютага, сімвалічна выпала на праваслаўную дарадлівую: участкі паасобку, поўныя камісіі, шмат назіральнікаў. Усе чакаюць народ. А ён пачынае ісці, мабыць, не адразу, але ў гадзін 12 магло завітаць адразу да пяці чалавек. Твары іншыя: шмат пенсіянераў, ішлі і цэлымі сем’ямі. Недзе кожны пяты — з дзецьмі, аднойчы нават у руках выбаршчыка ўбачыў сабаку. Людзі стаяць ля кабінцы каля хвіліны, многія чытаюць інфармацыю са стэнда з кандыдатамі. На датэрміновых такога амаль не было. Але моладзі — мінімум, нягледзячы на тое, што раён даволі новы. Практычна не сустракаюцца і тыя асобы, якія амаль увесь тыдзень хадзілі галасаваць.
Усе так вераць, што іх голас нешта зменіць? На маю думку, гэта самае рытарычнае пытанне беларускіх выбараў. У гэты дзень у школе арганізавалі свята Масленіцы. Актавая зала была цалкам запоўнена дзецьмі, іх бацькамі, бабулямі і дзядулямі. Многія бацькі спачатку шлі галасаваць, а потым глядзець школьнае прадстаўленне. Спрыяла яўцы і праца «буфета», дзе прадаваўся алкаголь па даволі нізкіх коштах. Дазвалялі адразу распіваць там жа, на вачах навучэнцаў гэтай жа школы…
На сваім участку я разам з напарніцай за дзень налічыў каля 260 чалавек. З улікам тых дзіўных асобаў на датэрміновым галасаванні нават па нашых падліках за ўсе шэсць дзён прыйшло крыху больш за палову з усіх выбаршчыкаў участка.

vybary_u_mjascovyja_savety__5__logo.jpg

Як усё лічаць і дзе фальсіфікуюць?

Пасля пятай гадзіны колькасць новых твараў на ўчастку ў разы зменшылася. Скончылася свята, скончылася шоў. А восьмай вечара ўчастак зачынілі. Мая напарніца падала прапанову аб адкрытым і галосным падліку галасоў. Згодна ёй, кожны бюлетэнь падымае кіраўнік камісіі ды агучвае і паказвае назіральнікам. Астатнія сябры камісіі толькі кладуць у свой стос падліку пасля таго, як бюлетэнь будзе агучаны старшынёй, то бок — неагучаныя лісты апроч кіраўніка ніхто не кранае. На нашае здзіўленне гэту прапанову прынялі.
Распачаўся падлік. Назіральнікам дазволілі стаць у радыусе 5 метраў ад стала з бюлетэнямі. Апроч мяне і напарніцы астатнія наглядалі са спінаў сябраў камісіі, а на мае заўвагі адказвалі, што ўсё бачаць.
Спачатку ішло ўсё адносна галосна: адчынілі празрыстую скрыню для датэрміновага галасавання. Старшыня камісіі дэманстравала амаль кожны бюлетэнь. Адразу выявіўся яўны фаварыт. Але далей распачаўся нейкі трэш: усё хутчэй астатнія сябры камісіі пачалі «грэбсці» неагучаныя бюлетэні. Галоснасць ператварылася ў паказуху. Далей адчынілі скрыню выбаршчыкаў на даму: усяго 8 галасоў, і ўсе іх паказалі.
Апошнімі распячаталі дзве вялікія празрыстыя скрыні асноўнага дня галасавання. Па нашых з напарніцай падліках, у нядзелю прагаласавалі 250-260 чалавек — удвая менш, чым на датэрміновым. Лісткоў было менш — спяшацца няма куды і варта б кожны бюлетэнь агучваць ды паказваць. А атрымалася ўсё наадварот: падлічылі ўсё яшчэ хутчэй. Старшыня агучыла не больш, чым 40 галасоў і больш канцэнтравала ўвагу на сапсаваных бланках, астатняе сябры камісіі імгненна расхапалі па сваіх стосіках. Увесь падклік галасоў працягнуўся, прыкладна, як школьны ўрок — 45 хвілін. На «ЖЭСаўскім» участку, як мне паведамілі назіральнікі, не было нават і паказухі: усе скрыні падлічылі разам без ніякай агучкі.

vybary_u_mjascovyja_savety__4__logo.jpg


Выніковыя лічбы мяне і напарніцу зусім здзівілі: згодна з пратаколам, у нядзелю прагаласаваў 301 чалавек. Мы «праваронілі» больш за 40 выбаршчыкаў? Афіцыйная яўка на ўчастку «спальнага» раёна Мінска на мясцовых выбарах склала каля 62%, амаль дзве траціны з якой — «датэрміновыя» галасы.
Падлік з абяцанага галоснага і адкрытага стаў такім жа, як і галасаванне тых падазроных асобаў на датэрміновых выбарах. Але галоўнае ж, не як галасуюць, а як лічаць. Уся камісія — гэта настаўніцы, якія ўжо на наступны дзень пойдуць вучыць дзяцей. Страшна думаць, чаму. 
Фота аўтара