Чацвёрты дзень суда над Золатавай. Дэтэктыў

Калі ў мінулы дзень мы вызначыліся, што суд над рэдактарам TUT.BY Марынай Золатавай — гэта кіно, то гэтым разам мы вызначыліся з яго жанрам. Гэта дэтэктыў.

Марына Золатава і яе адвакатка рыхтуюцца да пачатку працэсу

Марына Золатава і яе адвакатка рыхтуюцца да пачатку працэсу


У пятніцу, 15 лютага працягнуўся допыт рэдактароў TUT.BY, якія і не адмаўляюць таго, што карысталіся паролем газеты «Рэспубліка» для доступу да платнай ленты навінаў інфармагенцтва БелТА.

Цікаўнасць згубіла котку

Як мы і меркавалі на самым пачатку гэтай справы, «цікаўнасць згубіла котку». Рэдактарка Ганна TUT.BY Рудэнка, якую дапытвалі першай, канешне, не магла дакладна ўзгадаць, як, калі і ад каго ёй трапіўся пароль газеты «Рэспубліка» ад платнай ленты навінаў БелТА. Аднак яна адзначыла, што ў яе абавязкі ўваходзіць маніторынг інфармацыйных рэсурсаў. І таму яна з асабістай цікаўнасці ўваходзіла на платны сайт БелТА — для азнаямлення з матэрыяламі, якія там змяшчаюцца.

Між тым, яна адзначыла, што Золатавай не было вядома пра тое, што ў яе, Рудэнкі, ёсць пароль і лагін «Рэспублікі» да платнай падпіскі БелТА. Але пры гэтым яна ведала, што 19 сакавіка 2018 года Золатава размаўляла з іншай рэдактарскай — Ганнай Калтыгінай на тэму выкарыстання чужых пароляў ад БелТА. У гэтай размове Золатава забараніла Калтыгінай карыстацца чужым платным паролем.

Дык чаму ж Рудэнка, ведаючы пра забарону Золатавай, працягвала карыстацца доступам да платнай ленты БелТА?

Усё вельмі проста. Рэдактар TUT.BY маніторыць інфармацыйную прастору. Ён лазіць не толькі па навінавых сайтах, але і па сацыяльных сетках, твітэры, тэлеграме… Ён адчыняе па 50–60 інфармацыйных сайтаў на дзень, некаторыя — не па аднаму разу. А асаблівасцю сённяшніх інтэрнэт-браўзераў з’яўляецца тое, што яны запамінаюць паролі.

У мяне самога на «Новым часе» две ўкладкі. Адна — звычайны «Новы час», другая — адміністрацыйная панэль для абнаўлення сайта. На кампутары ў мяне тры пошты, і больш за тое, усе гэтыя пошты спампоўваюцца з сервера адной праграмай. І штораз уводзіць паролі на ўсё гэта ад мяне проста не патрабуецца. Кампутар для загрузкі ў мяне ўвогуле патрабуе не пароль, а адбітак пальца. Сучасныя тэхналогіі!

Браўзер Рудэнкі запомніў пароль «Рэспублікі» ад БелТА. Яна ўваходзіла на платную ленту, сама не ўсведамляючы, куды заходзіць! Яна так і заявіла ў судзе — уводзіла пароль толькі адзін раз. А потым проста не звяртала ўвагі, платная гэта лента ці бясплатная.

Рудэнка пацвердзіла яшчэ раз: персанальна Золатава не магла забараніць ёй карыстацца паролем ад БелТА, бо не ведала, што тая карыстаецца такім паролем.

Журналісты ў залі пасяджэнняў

Журналісты ў залі пасяджэнняў

Прычым цікава, што некторыя прадстаўнікі ў працэсе паспрабавалі высветліць і нейкія персанальна для іх карысныя рэчы. «За кошт чаго ў партала TUT.BY такі высокі рэйтынг?» — задаў пытанне прадстаўнік «СБ — Беларусь сегодня» Шпілеўскі. «За кошт высокага прафесіяналізму і даверу!» — адрэзала Рудэнка.

Былі і даволі цікавыя іншыя пытанні. Напрыклад: «Персанальна вам БелТА давала дазвол на выкарыстанне яе інфармацыі?» Ці давала персанальна вам газета «Рэспубліка» дазвол на выкарыстанне свайго пароля?»

Маўчанне — золата

Варта зазначыць, што над справай даволі добра папрацавалі следчыя — са сваім, канешне, ухілам. Напрыклад, Ганна Рудэнка на судзе казала: Золатава не ведала, што яна, Рудэнка, карыстаецца доступам газеты «Рэспубліка» да платнай падпіскі БелТА. Аднак у яе паказаннях, дадзеных, калі яна была абвінавачанай па «справе БелТА», ёсць адна фраза: «Золатава заўсёды ведае, чым займаюцца яе падначаленыя». За гэтую фразу і ўчапілася пракурор, выпытваючы ў Рудэнкі: дык ведала Золатава пра выкарыстанне чужых пароляў? Ці магла ведаць? Чаму на тым следстве так, а зараз — гэтак?

Тое самае адбылося ў час паказанняў іншай рэдактаркі TUT.BY, Ганны Калтыгінай. У час следства, калі яна таксама была абвінавачанай, следчы запісаў з яе слоў, што яна карысталася паролем «Рэспублікі» ад платнага сэрвісу БелТА, і Золатава пра гэта ведала. Але ў пратаколе допыту не сказана, якім чынам Золатава гэта ведала.

19 сакавіка 2018 года Золатава забараніла Калтыгінай карыстацца чужым паролем ад платнай падпіскі на БелТА. Пры гэтым на наступны дзень адбылася размова Золатавай і Калтыгінай. Яны абмяркоўвалі імавернасць платнай падпіскі на БелТА для TUT.BY, і прыйшлі да высновы, што гэта нерацыянальна. Золатава яшчэ раз папярэдзіла Калтыгіну, што карыстацца чужым паролем — дрэнна і непрыгожа. На гэтым размова скончылася.

Так што Золатава сапраўды, ведала, што Калттыгіна калісьці карысталася такім паролем. Але галоўная рэдактарка TUT.BY не ведала, што Калтыгіна, насуперак папярэджанням і дамоўленасцям, працягвае ім карыстацца. І ў допыце Калтыгінай як абвінавачанай, не адлюстраваная пазіцыя Золатавай па гэтым пытанні.

Як кажуць юрысты і правабаронцы: «Калі вас затрымалі на трое сутак — спяшацца вам ужо няма куды. Таму на пытанні следчых проста спакойна маўчыце».

Галіна Уласік і Ганна Рудэнка ў фае суда

Галіна Уласік і Ганна Рудэнка ў фае суда

Следчыя, нягледзячы на тое, што па заканадаўстве следства ў нас павінна весціся бесстаронне і ўсебакова, вядуць яго на свой капыл. І ўсё, што вы скажаце (асабліва пад час першага допыту), не толькі можа быць — абавязкова будзе! — выкарыстана супраць вас.

Калі пракурор паказвала на экране тэлевізара гісторыю браўзера Рудэнкі, дзе адлюстраваныя ўваходы Рудэнкі на платную ленту БелТА, сведка запыталася: навошта гэта, калі яна заходзіла на БелТА па ўласнай ініцыятыве, і Золатава пра гэта не ведала. Суддзя папулярна патлумачыў: гэта доказ бяздзеяння Золатавай, «якое выявілася ў папушчальніцтве, што прывяло да здзяйснення злачынства вамі». То бок, прызнанне віны астатнімі фігурантамі «справы БелТА» — гэта яшчэ адзін каменьчык у абвінавачванне Золатавай.

Так што маўчанне — усё ж золата.


«Замовілі» дакладна

Допыт яшчэ адной рэдактаркі TUT.BY Галіны Уласік у цывілізаванай краіне выклікаў бы скандал такога маштабу, што кіраўнік Следчага камітэту сышоў бы ў адстаўку. Але не ў нас.

Уласік таксама не адмаўляе, што карысталася платным доступам да БелТА, каб проста чытаць інфармацыю. Але ў сваёй працы яна інфармацыю з платнай ленты не выкарыстоўвала — калі што і ставіла ад БелТА на ленту TUT.BY, то толькі з адкрытага сайта і з адпаведнай спасылкай. Яна таксама маніторыць каля 50–60 розных рэсурсаў на дзень.

Раніцай 7 жніўня да Уласік дадому прыйшлі з ператрусам. Пасля ператрусу яе запрасілі праехаць у Следчы камітэт «у якасці сведкі». Там яе папрасілі сказаць, што на платны сайт БелТА яна заходзіла непасрэдна па ўказанні свайго кіраўніцтва — Марыны Золатавай. Уласік гэта зрабіць адмовілася. Імгненна была пераведзеная са статусу сведкі ў статус падазраванай, і выправілася на трое сутак у ізалятар часовага утрымання.

Прыкладна тое ж адбылося з Ганнай Калтыгінай. Калі яе прывезлі ў Следчы камітэт, яе настойліва папрасілі сказаць, што менавіта Золатава давала ўказанні выкарыстоўваць платную падпіску БелТА. У адказ Калтыгіна напісала дзве заявы: адна пра тое, што яна сапраўды, па сваёй ініцыятыве выкарыстоўвала чужы пароль доступу да платнай ленты навінаў БелТА, а другую — што Золатава ніякіх указанняў такога кшталту ёй не давала, і ўвогуле тут ні пры чым.

Што мы тут бачым? Па першае, мы тут бачым артыкул 394 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Прымус да дачы паказанняў» і артыкул 404 таго ж кодэкса «Прымус сведкі, пацярпелага альбо эксперта да адмовы ад дачы паказанняў альбо высноваў, альбо да дачы ілжывых сведчанняў альбо высноваў». Па абодвух артыкулах (394 — частка 1) максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі да трох гадоў.

Але, паколькі Уласік пасля адмовы агаварыць Золатаву накіравалі ў ІЧУ, то можна ўжо казаць пра частку 2 артыкула 394 — «Прымус да дачы паказанняў, злучаны з гвалтам». А гэта ўжо — да сямі гадоў.

Дзякуй богу, да часткі 3 гэтага артыкула, дзе кажацца ўжо пра катаванні, справа не дайшла. Праўда, невядома, як расцэньваюць жаночы блок ІЧУ яго «наведвальнікі».

Галіна Уласік і Ганна Рудэнка

Галіна Уласік і Ганна Рудэнка

У нармальнай краіне, пачуўшы аднолькавыя факты з вуснаў двух сведак (а калі ўлічыць папярэдні дзень суда, то чатырох — і Кулецкага, і Бабаед), суддзя б вокамгненна даў указанне пракуратуры праверыць гэтыя факты і ўзбудзіць крымінальную справу па вышэйзгаданых артыкулах. А ў нас суддзя Петраш… працягнуў судовае пасяджэнне, нібыта нічога не чуў!

І па-другое. Зараз відавочна, што ўвесь гэты працэс — «замова». І «замова» не толькі адносна TUT.BY, але «замова» Золатавай персанальна.

«Падстава»?

Адна з версій, чаму «прэсанулі» менавіта Золатаву, узнікла падчас чытання матэрыялаў справы. Сярод іншага быў прачытаны ананімны зварот нібыта журналістаў БелТА да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, яго копія накіравана старшыні СК Івану Наскевіч.

«Мы, журналісты БелТА, лічым сваім грамадзянскім і прафесійным абавязкам звярнуцца да вас і выкласці сваю пазіцыю па канфлікце TUT.BY і БелТА», — гаворыцца ў звароце.

У лісце сказана, што «TUT.BY заўсёды плаціў, але не на разліковы рахунак, а ў кішэню канкрэтных службовых асобаў БелТА», нібыта гэта «бізнэс на працягу апошніх 10 гадоў. Па гэтай прычыне паролі і коды да платнай падпіскі не мяняліся гадамі».

Трэба адзначыць, што ліст ананімны, не ўстаноўлена, што яго напісалі супрацоўнікі БелТА. І, канешне, ніхто з супрацоўнікаў TUT.BY не плаціў нічога «ў кішэню». Па факце ананімнага звароту праводзілася праверка і названыя факты не пацвердзіліся.

Але трэба ўзгадаць паказанні сведкаў ад БелТА ў другі дзень працэсу. Начальніца аддзела адміністравання сеткі БелТА Алена Кузняцова, якая адказвае за забеспячэнне доступу кліентаў да платнай падпіскі інфармагенцтва, паказала: па ўказанні кіраўніцтва яна прадстаўляла доступ без заключэння адпаведных дамоваў. «Калі прыходзіў начальнік цэнтра сувязі і казаў, што па распараджэнні кіраўніцтва трэба даць доступ, то, вядома, я як падпарадкаваная выконвала», — казала Кузняцова.

Можа быць, Золатаву «падставілі», каб схаваць продаж «левых» пароляў?

***

Пасля допыту Калтыгінай, нібыта, сведкаў ужо не засталося — калі, канешне, не з’явяцца дадатковыя. Суд вывучае матэрыялы справы. 18 лютага працэс пачнецца ў тым жа месцы ў той жа час, але з 14.15 ён будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Будзе вывучацца асабістая перапіска Золатавай, Уласік, Калтыгінай і Рудэнкі. Іх будуць дапытваць яшчэ.