«Чаму чыноўнікам можна жыць у катэджах у Мінску, а нам — не?»
«Каб нас пачулі, мы
гатовыя перакрыць Партызанскі праспект», — казалі некаторыя жыхары Паўночнага
пасёлка ў прыватных размовах пасля сустрэчы з дэпутатам Мінгарсавета.
На сустрэчу з дэпутатам
Мінгарсавета Ігарам Русакевічам ў СШ № 172 прыйшлі дзясяткі жыхароў Паўночнага
пасёлка Мінска. Дэпутат адразу даў зразумець, што ён вялікі начальнік, а людзі,
што прыйшлі да яго, — прасіцелі. Ён папярэдзіў, што прыме толькі некалькі
чалавек, а не ўсіх, хто прыйшоў на сустрэчу, паколькі памяшканне невялікае (для
сустрэчы з дэпутатам вылучылі чамусьці стандартны клас, а не актавую залю).
Калі клас быў запоўнены
людзьмі, а яны не толькі сядзелі за партамі, але і стаялі у праходах і дзвярах,
— народны абраннік заявіў, што з годна з нейкім заканадаўствам, фота і
відэаздымка забаронена. Негатоўнасць дэпутата агучыць спасылкі на адпаведныя
артыкулы закона дазволіла журналісту НЧ працягнуць выконваць сваю працу, але
досыць цынічная і грэблівая манера стасункаў з людзьмі грамаду напачатку крыху збянтэжыла.
Дарэчы, на ўсіх
папярэдніх сустрэчах жыхары пасёлку рабілі аматарскае відэа, каб фіксаваць свае
прапановы і пытанні, а таксама адказы і абяцанні начальства.
Сябра ініцыятыўнай групы жыхароў Паўночнага пасёлка (яна была створана грамадой напярэдадні сустрэчы проста ў холе школы) Таццяна ў сваім выступе нагадала пра абавязкі дэпутатаў мясцовай улады, распавяла, чаму людзі лічаць грамадскае абмеркаванне, якое было арганізаванае мясцовымі уладамі, фіктыўным, агучыла супольнае патрабаванне — правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне з удзелам зацікаўленых жыхароў.
Прысутныя паспрабавалі даць наказ дэпутату, каб ён правёў своеасаблівае расследаванне, як рыхтаваліся грамадскія слуханні, зрабіў копіі шэрагу праектных дакументаў і экспертыз, каб жыхары пасёлка, яго выбаршчыкі, змаглі выбудаваць лінію абароны.
“Вы мяне абавязаць не можаце, вы можаце мяне толькі прасіць, і я буду рабіць, што магу”, — адрэзаў прадстаўнік улады.
Спадар Русакевіч адразу адхрасціўся ад публічнай падтрымкі патрабаванняў грамадзян, паколькі гэта усяго толькі іх “пажаданні”, а не “законныя патрабаванні”, і дадаў, што падпісваць сваім імем калектыўны ліст у Адміністрацыю прэзідэнта не будзе. Маўляў, ёсць інтарэсы горада і іншых выбаршчыкаў акругі, якія магчыма і паселяцца ў шматпавярховіках.
Тым не менш, дэпутат не
раздаваў пустых абяцанак, імкнуўся быць гранічна шчырым — і казаў, што захаваць
запланаваныя да зносу прыватныя дамы практычна нерэальна. Ён таксама паведаміў, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Курсевіч на нарадзе ў адміністрацыі
Заводскага раёна спрабаваў адстаяць інтарэсы грамадзян, але вынікі
несуцяшальныя.
Па словах Ігара Русакевіча, магчыма атрымаецца адстаяць 5-10
дамоў, але пакуль невядома якіх. На такую правакацыю людзі не паддаліся:
“Зямля можа быць забраная для дзяржпатрэбаў, а новыя дамы на месцы нашых — гэта хіба дзяржпатрэбы?!”
“Калі дзяржава хоча сутыкнуць нас ілбамі, гэта будзе самая дарагая дарога для дзяржавы!”
“Чаму вы зносіце наш, добраўпарадкаваны раён? Тры гады таму вы нам дазволілі рабіць рамонты і паляпшаць нашы дамы, а цяпер разбураеце!”
“У краіне крызіс! Навошта разбураць добрыя дамы і будаваць на іх месцы новыя?
“Вы чый дэпутат? Вы зацікаўленыя ў зносе?”, — запытваліся людзі.
Ігар Русакевіч паспрабаваў аджартавацца: “У мяне акруга 23 тысячы чалавек. А прыватны сектар, дарэчы, выбары праігнараваў”. А потым дадаў: “Мінск будзе пашырацца, А прыватны сектар — зносіцца. Нічога з гэтым не зробіш”.
Раз-пораз дэпутат плаўна стараўся перавесці тэму размовы, паразважаць над пытаннямі грашовай кампенсацыі за знос, пабудовы паліклінікі…
“Вас прымусяць зрабіць
тое, што патрэбна. Паўночны пасёлак знясуць. Скажыце пра гэта шчыра!” — не
вытрымаў каларытны дзядок і дэманстратыўна пакінуў памяшканне.
“Чаму чыноўнікам можна жыць у катэджах у Мінску, а нам нельга?”, “Мы даглядаем свае дамы і плацім за іх падаткі!”, “Перасяліце нас у катэджы ў Дразды. На Дразды мы згодныя!” — грымела заля.
Людзі абураліся, што хочуць зносіць іх 89 дамоў і тут жа побач будаваць новых 99 катэджаў.
“Мы хочам ініцыяваць змены ў закон, каб можна было заплаціць у дадатак маральную кампенсацыю за страту зручнага месца пасля зносу”, — спрабаваў збіць накал грамады дэпутат.
“Давайце ўзаконім статус катэджнага пасёлка!” — насядалі прысутныя на дэпутата, —
“Дапамажыце нам! Наш пасёлак — санітарная зона каля заводаў. Яго неабходна захаваць, як лёгкія раёна!”
Нарэшце дэпутат Ігар Русакевіч пагадзіўся абмеркаваць ідэю наконт змены статусу пасёлка з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыем Курсевічам.
“На жаль зараз ніякага
канкрэтнага рашэння не прынялі. Мы толькі пагаварылі з дэпутатам”.
“Мы супраць зносу і будзем змагацца. Мы падпісалі сумесную заяву”.
“Самая галоўная тэма: катэджны пасёлак каб быў, другое — гэта санітарная зона, якая адгароджвае астатніх ад заводаў, зялёная зона”.
“Мы хочам застацца на сваёй зямлі. Яна абжытая, яна наша”, — дзяліліся ўражаннямі па заканчэнні сустрэчы жыхары Паўночнага пасёлка з журналістам НЧ.
Актывістка Таццяна
Іосіфаўна падсумавала вынікі сустрэчы з дэпутатам Мінгарсавета:
“Сёння прагучала прапанова надаць Паўночнаму пасёлку статус катэджнага пасёлка. Усе сёння гэта падтрымалі, мы гэта занеслі ў свой пратакол, які перададзім з усімі дакументамі дэпутату гарсавета. Мы будзем пісаць у пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта, перададзім туды ліст з подпісамі супраць зносу і копіямі усіх нашых дакументаў”.
Ініцыятыўная група ў складзе
шасці чалавек будзе інтэнсіўна весці перапіску і сустракацца з дэпутатамі ледзь
не раз на тыдзень. Калі будзе вострая патрэба, будзе зноў праводзіцца пашыраны
сход з удзелам жыхароў.
Некаторыя жыхары у прыватных размовах казалі, што настроеныя на рашучыя дзеянні, ажно да перакрыцця Партызанскага праспекту, “каб нас пачулі”.