Сёння — у сабаку, заўтра — у чалавека

Пасярод белага дня невядомы застрэліў сабаку на вачах гаспадыні. Другога сабаку жанчына паспела закрыць сваім целам.

Фота з фб Святланы Бруснікінай

Фота з фб Святланы Бруснікінай

“Побач з кальцавой дарогай, па-зверску, прыцэльным агнём невядомым паляўнічым забітая мая Еliadа Algero (Аslan vom Türkenkopf & Stella Artua Algero Lana), ёй было ўсяго 3 гады, проста так забіў. Ні за што! — напісала на сваёй старонцы ў фб Святлана Бруснікіна. — Сябры, прашу максімальныя рэпост, трэба падымаць усю ІНТЭРНЭТ-СУПОЛЬНАСЦЬ, інакш спантанныя расстрэлы не скончацца, хай усе даведаюцца, што можна страляць у адным кіламетры ад горада Мінска, што можна забіць проста так: сёння сабаку, а заўтра і чалавека! Усё гэта ў Беларусі! Ён трымаў мяне на прыцэле, але, мабыць, перадумаў, забіў Элю! Хацеў яшчэ страляць у Фурба, але я кінулася на яго, перашкодзіўшы зрабіць стрэл!”

Еliadа Algero Lana. Фота з фб Святланы Бруснікінай

Еliadа Algero Lana. Фота з фб Святланы Бруснікінай


Мы звязаліся са Святланай, каб даведацца пра падрабязнасці:

— Мы з сабакамі выехалі пагуляць за горад, за Кальцавую дарогу на поле непадалёк ад вёскі Яркава (за кіламетр ад Сухарава). Толькі прыехалі, ішлі ўздоўж возера. Здалёк пабачылі чалавека ў белым камуфляжы, што ішоў з боку Яркава. Стрэльбу расчахлёную ён трымаў дзвюма рукамі перад сабой. Мы ішлі насустрач. Здалёк мы падумалі, што гэта недзе тут пейнтбалісты гуляюць. Мы з сабакамі пасунуліся на іншы бок дарогі. Калі да нас заставалася метраў дзесяць, ён моўчкі ўскінуў стрэльбу і навёў на нас. Сабакі захваляваліся, я скамандавала: “Штэйт!” (Стаяць!). Паслухмяная Элька замерла. Фурба наогул развярнуўся да нас. Элька толькі дрэсіроўку здала, толькі дыплом атрымала. Стрэльба ў яго была наізгатове. Эля не брахала, ніхто не брахаў. Яна стаяла, апусціла галаву, каб панюхаць снег, і ў гэты момант ён стрэліў. Ён стрэліў у холку. Не ў грудзі патрапіў, не ў галаву. Яна не нападала. А пасля ён не апусціў зброю, а перавёў на Фурба. Я выскачыла на лінію агню, закрыла сабой сабаку і пабегла на яго. Ён паставіў мне падножку і стукнуў лакцём у спіну. Я ўпала ў снег, крычу: “Што ты робіш!”. Ён моўчкі пачаў збягаць. Пабег у бок Хацежына.

Міліцыя прыехала праз 1,5 гадзіны пасля выкліку. Мы пайшлі па следзе. У паляўнічага за спіной быў забіты заяц. Засталіся сляды крыві на снезе. Крывавы след прывёў да апошняга дому ў Дзегцяроўцы.

Еliadа Algero Lana. Фота з фб Святланы Бруснікінай

Еliadа Algero Lana. Фота з фб Святланы Бруснікінай


Забойца быў зусім побач, і жанчына вельмі добра яго разгледзела, таму без праблем зможа пазнаць.

Па яе словах, паляўнічаму, што забіў сабаку, гадоў 40. Рост 176–180. Вельмі светлыя бровы і вусы ды чырвоны твар. Пра гэта Святлана Бруснікіна распавяла і міліцыі. Але тыя сказалі з сумнай іроніяй: “Што ж вы яго не сфатаграфавалі?”

Сёння жанчына паехала на ўскрыццё сабакі, падчас якога павінны дастаць кулю (ці што іншае), якой была забіта Эля.

Святлана Бруснікіна з Фурба (Furbo Algero Lana). Фота з фб Святланы Бруснікінай 

Святлана Бруснікіна з Фурба (Furbo Algero Lana). Фота з фб Святланы Бруснікінай
 

Дарэчы, па словах Бруснікінай, у Дзегцяроўцы два чалавекі маюць зарэгістраваную зброю, але міліцыя сцвярджае, гэта не яны забілі Элю.
Жанчына просіць як мага больш пашырыць інфармацыю, каб забойца не застаўся не пакараным.