Чаму грамадскасць супраць рэстарацыі ля Курапатаў?
Хачу нагадаць усім, каму баляць Курапаты, карані сённяшняй сітуацыі вакол Народнага мемарыялу.
У 2003 годдзе па заказу Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій архітэктары Таццяна Косьціч і Вольга Кукуня з сталічнага інстытуту “Праектрэстаўрацыя” распрацавалі гістарычна абгрунтаваны праект ахоўнай зоны Курапатаў з мемарыялізацыяй урочышча. Гэты праект заслугоўвае высокай ацэнкі, бо ён улічвае інтарэсы Курапатаў, грамадскасці і дзяржавы.
20 траўня 2003 года праект быў аднагалосна ўхвалены сябрамі Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры (далей – Рада). Прычым, сябра Рады, намеснік дырэктара дэпартамента па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі назваў подзвігам працу спецыялістаў, якія навукова абгрунтавалі праект, зыходзячы з сусветнага вопыту ў падыходзе да помнікаў такога ўзроўню.
На думку аўтараў праекту, мяжа новай забудовы павінна праходзіць на адлегласці не менш за 300 метраў ад Курапатаў. Сваю пазіцыю архітэктары матывавалі, у першую чаргу, неабходнасцю максімальнага захавання ад антрапагеннага ўціску сістэмы гістарычнай планіроўкі з былымі дарогамі, ландшафтам і краявіднымі кропкамі, што фарміруюць старадаўняе асяроддзе і атачэнне гістарычна-культурнай каштоўнасці.
На жаль, на сёння ў Беларусі памеры ахоўнай зоны Курапатаў вызначаюць не гэтыя крытэры і сумленныя архітэктары, а чыноўнікі і інвестары — забудоўнікі тэрыторыі вакол урочышча, якія і выступаюць заказчыкамі праектаў зонаў аховы гэтага ўнікальнага помніка трагедыі беларускага народа. Прычым гэтыя праекты потым зацвярджаюцца адпаведнымі пастановамі Міністэрства культуры.
Вось чаму насуперак рашэнню Рады ад 20 траўня 2003 года Мінкультуры значна скараціла прапанаваную спецыялістамі “Праектрэстаўрацыі” плошчу ахоўнай зоны помніка з яго усходняга боку. Свае дзеянні чыноўнікі матывавалі тым, што праект Косьціч і Кукуні не адпавядае існуючым нормам, але так і не змаглі адказаць на пытанне — якім канкрэтна.
А ласыя кавалкі зямлі, што атачаюць урочышча, спакусілі да незаконнага новага будаўніцтва ў ахоўнай зоне помніка. Менавіта СТАА “БелРэстІнвест” у ахоўнай зоне з заходняга боку Курапатаў пабудавала чатыры дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарацыі і дзіцячую пляцоўку аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”. І хоць 27 лістапада 2012 года Генеральная пракуратура накіравала Мінскаму аблвыканкаму адпаведнае прадстаўленне аб неабходнасці цягам месяца ліквідаваць гэтыя парушэнні заканадаўства, вышэйназваныя пабудовы стаяць і да гэтай пары пад іншай назвай -- рэстарацыя “Паедзем, паядзім”.
Чаму стаяць? Таму, што Міністэрства культуры сваёй пастановай №70 ад 1 снежня 2014 году зацвердзіла змяньшэнне ахоўнай зоны Курапатаў з заходняга боку на 1,1 га, дзе якраз і былі незаконна збудаваны вышэйпералічаныя аб’екты.
У выніку шырыня ахоўнай зоны Курапатаў ад навукова абгрунтаваных 300 метраў скарацілася ў шэсць разоў — да 50 метраў.
І апошняе. Паводле заканадаўства, ахоўваемы аб’ект мусіць мець яшчэ і зоны аховы, якія рэгламентуюць рэжымы ўтрымання тэрыторыяў помніка і прылеглых абшараў.
Зоны аховы Курапатаў складаюцца з зоны ахоўнай, дзе толькі дзеля каштоўнасці дазволена новае будаўніцтва. рэгулявання забудовы, дзе забаронена ўзвядзенне прамысловых прадпрыемстваў і шматпавярховікаў, а таксама аховы ландшафту.
Аднак сумная гісторыя з скарачэннем ахоўнай зоны Курапатаў сведчыць, што яна, на жаль, не выконвае свае функцыі — не рэгламентуе рэжымы ўтрымання запаведнага лесу ў Курапатах і прылеглых да яго абшараў.