У Курапатах працягваюцца пратэсты супраць адкрыцця рэстарацыі

2 чэрвеня ў мінскім урочышчы Курапаты працягваюцца пратэсты супраць адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім» за 50 метраў ад мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій, паведамляе Радыё Свабода.

4cdb5ea0_8224_44ae_82fb_d222ca815ace_w1023_r1_s.jpg


А 12-й гадзіне група пратэстоўцаў на чале са Змітром Дашкевічам падышла да брамы рэстарацыі «Паедзем, паядзім», якая мусіла адкрыцца 1 чэрвеня. На браме дагэтуль вісіць шыльда «Зачынена. Пратэстоўцы разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг, прынеслі друкаваную інфармацыю пра Курапаты, а таксама Біблію.

c888fb4b_e7e6_46d1_bbcc_c1c1ee46be62_w650_r1_s.jpg


Грамадзянскі актывіст Вячаслаў Сіўчык распавёў Свабодзе, што яны будуць бараніць святыню да канца.
«Ганьба ўладзе і бізнесоўцам, калі ў гэтым святым месцы адкрыецца рэстарацыя. Мы патрабуем ад улады, каб яна адазвала ўсе дазволы на адкрыццё забаўляльнага комплексу побач з мемарыялам, і тут адкрыўся музей», — адзначыў спадар Сіўчык.
А на тэрыторыі самаго мемарыяла сёння праходзіць талака. Сюды прыйшлі Ніна Багінская, Марат Гаравы, Аляксей Янукевіч, шмат моладзі — яны будуць прыбіраць тэрыторыю. Фермер з вёскі Мацкі Уладзімір Матусевіч прывёз рассаду кветак.
Валерыя Чарнаморцава правядзе экскурсію па мемарыялу.
У нядзелю, 3 чэрвеня тут адбудзецца мемарыяльны мітынг, прысвечаны 30-годдзю адкрыцця пра ўрочышча пад Мінскам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек. Мітынг у Курапатах раённыя ўлады дазволілі.
1 чэрвеня адбылася акцыя абаронцаў Курапатаў супраць адкрыцьця рэстарацыі «Паедзем, паядзім». Вароты на тэрыторыю забаўляльнага цэнтру былі зачыненыя, але пасля заканчэння акцыі аўтафургоны сталі завозіць туды прадукты.

Хто стаіць за новай рэстарацыяй?

1 чэрвеня на сайце relax.by з'явілася рэклама рэстарацыі «Паедзем, паядзім», якая мае распачаць працу за 50 метраў ад Курапацкага мемарыялу на базе забаўляльнага комплексу, які раней меў назву «Бульбаш-хол».
У профілі рэстарацыі пазначана кампанія ТАА «Амізбел», аднак незразумела, ці ўласнік яна, ці арандатар установы. Юрыдычны адрас кампаніі супадае з адрасам рэстарацыі «Паедзем, паядзім».
Свабода датэлефанавалася па пазначаным тэлефоне і даведалася, што рэстарацыя працуе ў «тэставым рэжыме і пакуль не адкрылася для наведнікаў».
«Забраніраваць столік можна будзе на наступным тыдні», — сказалі Свабодзе.
Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст». Ейны дырэктар Андрэй Ярмоленкаў сказаў праз тэлефон Свабодзе: маўляў, «усё афіцыйна, чытайце на сайтах, рэклама ёсць».
Каля МКАД усталяваны банер з рэклямай рэстарацыі.

8ee85f20_8efc_48b8_8918_fce81da61b7d_w650_r0_s.jpg


У снежні 2017 году Ярмоленкаў пацвердзіў «Белсату», што ён уласнік «аб’екта на 51-м кіламетры», які здае ў арэнду.
У Мінаблвыканкаме карэспандэнту Свабоды адмовіліся назваць уладальніка, бо рэстаран, маўляў, не адкрыўся. У Мінрайвыканкаме сказалі, што ёсць афіцыйны дазвол на адкрыццё рэстарацыі. На пытанне, ці з'яўляецца ўладальнікам комплексу кампанія «БелРэстІнвэст», сказалі: «Відаць, так».

«Сказаць „не“ злачынству». Грамадскасьць пра адкрыццё рэстарацыі ля Курапатаў

Рэстарацыю пад лесам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек, збіраюцца адкрыць на месцы комплексу, які раней меў назву «Бульбаш-хол». Той комплекс пачалі будаваць у ахоўнай зоне мемарыялу, але пасля пачатку будаўніцтва межы ахоўнай зоны пасунулі. У Мінаблвыканкаме абаронцам Курапатаў паабяцалі, што 1 чэрвеня рэстарацыя не адкрыецца. Але які лёс яе чакае далей, невядома.
Адзін з лідараў абароны Курапатаў, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец заяўляў, што, «калі спатрэбіцца, людзі за Курапаты будуць стаяць насмерць». За дзень да мітынгу ва ўрочышчы актывісткі Вольга Мікалайчык і Ніна Багінская паставілі фігуру з плакатам «Мяне забілі ў Курапатах, на костках зробілі „кабак“». У інтэрнэце ідзе збор подпісаў супраць рэстарацыі.

b5f32347_710d_4abb_8358_2a884427d1b2_w650_r0_s.jpg


Як з'явіўся забаўляльны комплекс у Курапатах

Будоўля забаўляльнага цэнтру ў Курапатах, вядомага як «Бульбаш-хол», пачалася ў 2012 годзе ў межах ахоўнай зоны. Пасля зваротаў грамадскасці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэнні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў. Пратэсты грамадскасці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.
Пазней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» змяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.

Асноўнае пра Курапаты

Грамадскасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на баланс Беларускага саюзу мастакоў «​дзеля творчай дзейнасці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнес захаваць, і не парушаць маральных нормаў, якія там павінны быць захаваныя».​
16 лютага 2017 году грамадскасьць распачала абарону Курапатаў ад будаўніцтва ў іншым месцы бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка размясцілася за некалькі дзясяткаў метраў ад курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Мінгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.
Супрацстаяньне будаўнікоў і грамадскасці доўжылася больш за месяц. Урэшце прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.
Больш за 16 гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пашырэння кальцавой дарогі праз Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Свабода штодня асвятляла падзеі ва ўрочышчы, вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты».

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Даследчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Мінскам.