Чаму палітзняволеных 3000, а афіцыйны статус мае толькі 801 вязень
Тлумачым, як так. А таксама чаму колькасць носьбітаў гэтага горкага статусу хутка пераваліць за тысячу.
Першы намеснік кіраўніка Следчага камітэта Алег Шандаровіч заявіў пра 2700 чалавек, якія праходзяць па «пратэсных» крымінальных справах.
Гэта было ў канцы верасня. Пасля таго крымінальныя справы былі заведзеныя на прыкладна 200 чалавек за каментары адносна гібелі мінскага айцішніка Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ. Былі і новыя крымінальныя справы па іншых эпізодах. Акрамя таго, у статыстыку Шандаровіча, найхутчэй што, не ўваходзяць справы, якія фармальна маюць эканамічны характар, але разглядаюцца праваабаронцамі і міжнароднай супольнасцю як палітычныя: справа Тутбая з 15 фігурантамі, справа Віктара Бабарыкі і г. д.
Такім чынам, на сёння маем прыкладна 3000 фігурантаў крымінальных спраў палітычнага характару. Між тым афіцыйны статус палітвязняў на сёння мае 801 чалавек.
Статус палітвязня разам вызначаюць прадстаўнікі групы праваабарончых арганізацый з міжнароднай рэпутацыяй – усе яны за апошні час дэлегалізаваныя ў Беларусі. Гэты працэс адбываецца па выніках разгляду на аснове вызначаных крытэраў.
Па-першае, не ўсе імёны затрыманых па крымінальных справах вядомыя праваабаронцам. З прыкладна 3000 яны на сёння ведаюць 1719. Многія застаюцца невядомыя грамадскасці.
Па-другое, праваабаронцы не лічаць палітвязнямі людзей, якія знаходзяцца на хатняй хіміі ці дома пад падпіскай пра нявыезд.
Па-трэцяе, у спіс не ўваходзяць тыя, хто ўжо адбыў свой тэрмін і выйшаў на свабоду. Як толькі чалавека вызваляюць, нават пад падпіску, хоць справа і не спыненая, ён са спісу знікае.
Па-чацвёртае, як правіла, палітвязнямі да суда не прызнаюць абвінавачваных па «тэрарыстычных артыкулах». У сувязі з сур’ёзнасцю закідаў правааабаронцы чакаюць матэрыялаў справы і суда, нават калі грамадскасць бачыць у справах чыстую мірную палітыку, як у выпадку былога топ-следчага Яўгена Юшкевіча.
Па-пятае, палітвязнямі не прызнаюць зняволеных за акты насілля. Было, прыкладам, шмат крытыкі на адрас праваабаронцаў за выпадак са Станіславам Барановічам. Гэты былы палітвязень з Плошчы-2010 паўторна трапіў пад суд, калі з кулакамі кінуўся бараніць ад АМАПа мінскіх студэнтаў-анархістаў, якіх затрымлівалі ў Мінску на прыпынку грамадскага транспарту. Барановіча палітвязнем тады так і не прызналі.
Усе разам гэтыя фактары і прыводзяць да разбежкі ў статыстыцы.
У бліжэйшы час лічба палітвязняў будзе расці. Верагодна, статус атрымае рэшта схопленых за каментары ў сацыяльных сетках. А па меры судоў – і новыя зняволеныя па іншых справах.
Неймаверная для еўрапейскай краіны ХХІ стагоддзя колькасць палітвязняў працягвае расці.
Наша Ніва