Чаму Слуцкі райвыканкам супраць беларускамоўных шыльдаў?
Каб паправіць даўнішнія хібы слуцкага будаўніцтва з заблытанай нумарацыяй дамоў на вуліцы 8 Марта, случчанка Зінаіда Цімошак замовіла за ўласныя грошы шыльду з назвай сваёй вуліцы і нумарам дома. Шыльду планавалася размясціць на бакавой сцяне пяціпавярховіка з тым, каб яе можна было бачыць здалёк.
Нумары дамоў пяціпавярховікаў тут размешчаны ў такой цікавай паслядоўнасці, што іх можна паказваць усім, хто хоча паправіць настрой: №№ 4, 6 – пасля адразу ідуць №№ 22 і 32. Да таго ж да цотных дамоў прыватнага сектара прымыкаюць шматлікія завулкі, ёсць і завулак 8 Марта, якія дадаткова ўносяць неразбярыху.
— Яшчэ ў лістападзе 2019 года адмыслоўцы вырабілі для нашага дома №22 і за мае грошы шыльду на беларускай мове «вуліца 8 сакавіка», — распавядае пра нешчаслівую долю беларускамоўный шыльды грамадская актывістка. — На белым колеры размешчаны чырвоны надпіс — з тым, каб пасавала бэжаваму і чырвонаму колерам на бакавой сцяне дома і была відна здалёк. Звярнулася ў камунальную службу 511 з просьбай аб прымацаванні шыльды. У прызначаны час з’явілася супрацоўніца ЖКГ і некуды панесла. Праз дзве гадзіны вярнула яе назад са словамі «Забракавалі ў аддзеле архітэктуры райвыканкама». Прыйшлося звяртацца пісьмова за тлумачэннем у Слуцкі райвыканкам. Думала, што не падыходзіць нейкім чынам па знешняму выгляду, форме, ці колеру.
У заблытаным адказе з райвыканкаму ад 24.01.2020 г. № 3/1-2/640 за подпісам намесніка старшыні Пенязя М.П. гаворыцца, што згодна з правіламі размяшчэння дамавых знакаў «на будынках і збудаваннях, размешчаных у сярэдзіне вуліцы, усталёўваюцца толькі дамавыя знакі з указаннем нумара будынка альбо збудавання».
— Лічу, што ў маім выпадку гэта правіла не спрацоўвае, бо сама нумарацыя дамоў не адпавядае правілам размяшчэння саміх будынкаў згодна заканадаўству, — не згаджаецца жыхарка. — Тут трэба яшчэ пашукаць, дзе сярэдзіна, а дзе канец.
У адказе таксама ўтрымліваецца дзіўная аргументацыя аб немагчымасці размяшчэння шыльды на беларускай мове, якая, па словах таго ж намесніка старшыні, мае права быць па-беларуску:
«На падставе Закона РБ ад 16 лістапада 2010 года №190-3 "Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў” найменні геаграфічных аб’ектаў прысвойваюцца на беларускай мове. Але дзеянне Закона не распаўсюджваецца на назвы аб’ектаў, якія прысвоены да ўступлення ў сілу Закона 02.03.2011. У дадзеным выпадку раней прысвоенае найменне на рускай мове захоўваецца».
Таму няма магчымасці ўсталяваць знак з беларускамоўнай назвай («вуліца 8 Сакавіка»), «бо адсутнічае права самастойна змяняць на беларускую мову аналагавыя дадзеныя дома».
— Аднак на даўно збудаваным доме №4 гэтай жа вуліцы ўжо многа гадоў вісіць беларускамоўная шыльда «8-га Сакавіка», і за гэта нікога яшчэ не арыштоўвалі і не каралі, — гаворыць Зінаіда Цімошак. — У выніку мне не дазволілі ўсталяваць маю дадатковую шыльду на беларускай мове на бакавой сцяне дома, але ў студзені 2020 года супрацоўнікі ЖКГ усталявалі дадаткова новую шыльду на расійскай мове каля 1-га падъезда.
Зінаіда Цімошак зноў прадоўжыла перапіску, каб абскардзіць адмоўнае вырашэнне пытання і ўсё ж прымацаваць сваю шыльду. Да таго ж на вуліцах горада з’явіліся новыя рускамоўныя ўказальнікі вуліц, якія супярэчаць нават беларускім шыльдам на дамах, шмат каму са случчан не падабаецца, што вуліца беларускага паэта Максіма Багдановіча на ўказальніках пададзена на расійскай мове. Аб гэтым і іншым гаворыцца ў новым звароце старшыні Слуцкага ТБМ Зінаіды Цімошак у райвыканкам:
«Што датычыцца ганебнага рускамоўнага ўказальніка «улица Максима Богдановича», хачу праінфармаваць райвыканкам, што Максім Багдановіч — беларускі паэт, які пісаў вершы на беларускай мове, быў душою адданы не Расіі, а Беларусі. Ён, калі кіраўніцтва райвыканкама не ведае, нават напісаў верш, прысвечаны слуцкім ткачыхам, у якім ухваляў нашыя беларускія васількі. Пісаць у беларускім горадзе Слуцку ўказальнікі вуліцы Багдановіча з яго прозвішчам на рускай мове — гэта не ўшанаванне памяці знакамітага паэта, а адкрыты здзек з яго памяці і творчасці. Гэтакі ж здзек учынены і над памяццю Альгерда Абуховіча ў Навадворцах, і над некаторымі іншымі беларускімі паэтамі. Чамусьці ў суседнім Капылі не дадумаліся напісаць на ўказальніках «улица Тишки Гартного», «улица Кузьмы Черного». Затое там ёсць вуліцы Цішкі Гартнага і Кузьмы Чорнага. Добрыя прыклады можна пашукаць і ў суседніх Старых Дарогах. Усё вышэй сказанае яшчэ раз даказвае, што кіраўніцтва Слуцкага райвыканкама з непавагай адносіцца да адной з дзяржаўнай моў — беларускай, а паважае толькі адну дзяржаўную мову — рускую».
Зыходзячы з сутнасці тэмы Зінаіда Цімошак просіць райвыканкам:1) дазволіць размяшчэнне беларускамоўнай шыльды на бакавой сцяне дома №22 (вуліца 8 Сакавіка) адпаведна колеру сцяны дома;2) ліквідаваць рускамоўныя ўказальнікі вуліц, якія не адпавядаюць беларускамоўным шыльдам на дамах («улица Копыльская», «улица Виленская»);3) замяніць рускамоўныя ўказальнікі вуліц з імёнамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў на беларускамоўныя;4) замяніць паламаны ўказальнік «улица Софии Слуцкой – улица Виленская» на новы, але беларускамоўны, бо вобраз беларускай святой і назва гістарычнай вуліцы гэтага заслугоўваюць;5) Ажыццявіць іншыя мерапрыемствы па ліквідацыі засілля рускамоўных назваў і шыльд з тым, каб беларускія жыхары горада Слуцка разумелі, што яны жывуць у Беларусі.