Чаму ўлады шукаюць дыялогу са студэнтамі?

Апошнія некалькі дзён адным з асноўных вектараў, які быў абраны беларускімі ўладамі ў іх адчайнай спробе аслабіць напал пратэстных настрояў у грамадстве, стала спроба выбудоўвання дыялогу са студэнтамі.

photo_2020_09_05_12_49_05_888x666.jpg

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на незапланаванай (натуральна, для студэнтаў) сустрэчы ў БДУ вяшчае аб адсутнасці якіх бы там ні было перадумоў для незадаволенасці (“праца ёсць, размеркаванне ёсць. Што вы хочаце?”) i абвінавачвае ва ўсім тым, што адбываецца ў краіне, заходніх “лялькаводаў” і тэлеграм-каналы.
Першы намеснік Міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч ў мяцежным Лінгвістычным распавядае аб хлуслівых “прафесійных прастытутках”, немагчымасці згвалтавання мужчын “згодна з заканадаўствам”, пад смех тых, хто сабраўся ў зале, заяўляе аб непрымяненні газу для разгону дэманстрантаў, паколькі гэта забаронена ў Беларусі. Гродзенскім студэнтам прапанавана загадзя падрыхтаваць пытанні для сустрэчы з уладамі і перадаць іх на папярэдні разгляд.
Рэктар БДМУ Сяргей Рубніковіч заяўляе пра магчымасць аднаўлення адлічаных за ўдзел у пратэстах студэнтаў пры ўмове іх “пакаяння”. Са студэнтамі БДУ, актыўнасць якіх у пратэстным руху была заўважнай, вядуць гутаркі карэктныя спадары, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі адміністрацыі прэзідэнта.
Чаму менавіта студэнты, актыўнасць якіх у пратэстах не гэтакая вялікая, як таго можна было чакаць, раптам сталі прыярытэтнай аўдыторыяй для беларускіх уладаў?
Гэта тлумачыцца шэрагам прычын. Па-першае, Беларусь – краіна, дзе фактычна перамагла усеагульная вышэйшай адукацыя: колькасць асоб, якія навучаюцца ў ВНУ, у нас дастаткова значная. Калі ўлічыць апошнія падзеі, якія відавочна паказваюць на рост пратэстных настрояў у студэнцкім асяроддзі (прынамсі – у сталічных ВНУ), то гэта азначае толькі адно: павелічэнне і без таго не малой часткі актыўных прыхільнікаў пераменаў. 
Па-другое, і я мяркую, што гэта галоўная прычына занепакоенасці уладаў, існуе сур'ёзны гістарычны вопыт, калі студэнцкі рух выступіў ў якасці вядучай сілы сацыяльных пратэстаў.
Верагодна, найбольш дакладныя аналогіі ўзнікаюць з гісторыяй пратэстаў супраць камуністычных рэжымаў ва Ўсходняй Еўропе: Венгерская рэвалюцыя 1956 года фактычна пачалася з мірнага шэсця студэнтаў па вуліцах Будапешта; адной з ключавых фігур пратэстаў супраць акупацыі ў Чэхаславакіі быў студэнт Ян Плах, які 16 студзеня 1969 года здзейсніў самаспаленне, што прывяло да новай хвалі абурэння.
Не менш палохаючымі для ўладаў з'яўляюцца і студэнцкія рухі эпохі “каляровых” рэвалюцый. Гэта і сербскі “Адпор”, дзейнасць якога адыграла галоўную ролю ў паразе на выбарах Слабадана Мілошавіча, гэта і грузінская “Кмара” пары “рэвалюцыі ружаў”, і ўкраінскі студэнцкі рух “Пара!” часоў “аранжавай рэвалюцыі”. Ды і памяць пра акцыі беларускага “Зубра” відавочна вельмі трывожыць сённяшнюю ўладу.
Па-трэцяе, здаровае грамадства не трывае замахаў на сваіх дзяцей. Нават у самых, на першы погляд, далёкіх ад уцягнутасці ў палітычныя працэсы людзей у такім выпадку спрацоўвае амаль інстынктыўнае імкненне бараніць малодшага. Калі факт адлічэнняў беларускіх студэнтаў з шэрагу ВНУ за іх грамадзянскую пазіцыю выклікаў гэтакі моцны шквал абурэння ў грамадстве, што адбудзецца, калі ўлада распачне больш рашучыя меры па падаўленні пратэстных настрояў у студэнцкім асяроддзі?
Улада спрабуе ісці на дыялог са студэнтамі. Аднак спробы гэтыя выглядаюць болей чым нязграбнымі, што, на мой погляд, руйнуе магчымасць падобнага дыялогу яшчэ да таго, як ён пачаўся.
Ды і ў прынцыпе, пра які дыялог можа ісці гаворка? Можа і адносна нядаўняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ таксама можна лічыць дыялогам? Не. Дыялог можа весціся толькі на роўных.