Чарга фур на Казловічы перавысіла 20 кіламетраў. Рэпартаж з-пад мяжы

Кіроўцы ў роспачы: некаторыя тут ужо шостыя содні. Сваю стойбу абмяркоўваюць жыва і злосна. Большасць сыходзіцца на тым, што «некаторыя людзі заіграліся».

«Пинскдрев» яшчэ вязе ў Заходнюю Еўропу

«Пинскдрев» яшчэ вязе ў Заходнюю Еўропу


Пад вечар нядзелі 5 снежня галоўная шаша Беларусі М1 была забітая цяжкавагавымі грузавікамі пачынаючы ад паўночнага прадмесця і да самога памежнага перахода Казловічы. Там-сям фуры паркаваліся ў дзве ніткі, пакідаючы для руху ў бок мяжы толькі адну паласу. Няцяжка палічыць, што ў гіганцкім корку былі запёртыя тысячы аўтамабіляў на расійскіх, польскіх, казахскіх, але збольшага на беларускіх нумарах.

Дзмітрый, кіроўца фуры з беларускімі нумарамі, стаіць на ўзбочыне насупраць свайго аўто дзесьці пасярэдзіне гіганцкай «колейкі». Кажа, што глядзеў учора рэпартаж афіцыйнага дзяржаўнага тэлеканала. «Гэта ж як яны ўсё з ног на галаву пераварочваюць. Проста разыгрываюць нас як карты. Чэрняць тых палякаў. А тым што, тавары непатрэбныя? Я вось у Польшчу еду. За сённяшні дзень нават з месца не скрануліся».

Адсюль чарга пачыналася 1 снежня

Адсюль чарга пачыналася 1 снежня

fota_2._6_logo.jpg

5-га снежня — чарада фур вырасла да Тэльмаў, паўночнага прадмесця Брэста


Кіроўцы разумеюць: палякам нясоладка даводзіцца пад прэсам тых арабска-курдскіх турыстаў-бежанцаў, якіх раскілзалі (не са свайго ж хацення-волі) беларускія сілавікі. Ужо каторыя содні ў цёмны час з боку блізкай у Брэсце беларуска-польскай мяжы (праходзіць літаральна па Брэсцкай крэпасці) чуваць гукі верталёта. Той чэша туды-сюды ўздоўж мяжы. Відаць, лётае над Заходнім Бугам, высвечвае чарнявых шукальнікаў заможнага еўрапейскага фарту. Днямі палякі пачалі нешта вяшчаць па магутных дынаміках. Здалёк не надта разабраць. Напэўна, патрабуюць прытрымлівацца законных шляхоў. Сітуацыя тысяч завабленых у пастку «гасцей» хай сабе і горшая, чым у кіроўцаў фур, але гэтыя людзі недурныя, спанатраныя. Прафесія абавязвае — іх на крывой казе не аб’едзеш.

«Пятнаццаць тысяч тых арабаў у Беларусь прыцягнулі — навошта? У народа спыталі? — кажа з верхатуры сваёй кабіны стырнавы ліловага «Вольва» на беларускіх нумарах. — У горшым выпадку, яны тут застануцца, а нам акурат гэта і трэба. Самі жывем з дня ў дзень, а ім і мячэт пабудуй, і закрываць аблічча, бэсціць нашых жонак-дзяцей яны будуць. Абараняйся ў сябе дома».

Кіроўца з «МАНа» насупраць не згодзен. «У мяне знаёмы “пагранец” ёсць, дык ім жа жыць на нешта трэба. 16 застаў толькі ў ваколіцах Брэста. Эрдаган за тых курдаў з лодак тры мільярды еўра з Еўрасаюза спагнаў, а мы што, горшыя? Вось яны і падвезлі».

Двое маладых вадзіцеляў за Камянецкім кальцом кажуць, што вайной усё можа закончыцца. «Гэта ж чыстай вады правакацыя. Людзі паміраюць. А ну, яны спакойна на той свет адыходзіць не згодныя? Мы, на ўсялякі пажарны, рыхтуемся памалу. А што рабіць? Стоячы тут суткамі. Вось, ад кальца і сюды, бачыце, метраў дзвесце будзе. Гэта за сёння мы праехалі. Мы брэсцкія, то абярнуліся дадому, тое-сёе ўзялі, каб зусім без абароны не быць».

Мясцовыя ўлады робяць нейкі мінімум, даволі рытуальны. На самім кальцы паставілі дзве пластыкавыя будкі «той-той». Але хто сюды пацягнецца нават за кіламетр? Каб ва ўсіх навідавоку, як індыйскі раджа ці французскі кароль часоў Ранняга Сярэднявечча? Дык тут лесу колькі хочаш, з абодвух бакоў трасы. А і тое не датрымліваюцца — наўпрост ля ўзбочыны кучкі было відаць ды паперу пасля падціркі. За ноч выпаў снег — цяпер яшчэ больш маляўніча будзе.

Цяжкавагавікі на эстакадзе і на мосце за Камянецкім кальцом.

Цяжкавагавікі на эстакадзе і на мосце за Камянецкім кальцом.


Кіламетраў з дзесяць агораў я ўздоўж той калоны, едучы па сваіх справах. У адным месцы стаяў «Джылі», унутры нейкія спецназаўцы, мяркуючы па ўніформе, час бавілі. Налічыў тры экіпажы Дзяржаўтаінспекцыі — ехалі ў бок мяжы. Адзін форменны «Опель» быў прыпаркаваны насупраць калоны — двое інспектараў стаялі ў разарванай першай яе нітцы. Прышчучылі відаць кіроўцу лядашчай старэнькай фуры. А можа, і не. Можа, пра духоўнае ажыўлена так даводзілі. Карацей, нейкая намінальная прысутнасць так званых «сілавікоў» усё ж была. Канешне, менш, чым на мінулагодніх акцыях, але былі — факт.

З тыдзень таму тут ехаў — чарга пачыналася ад скрыжавання М1 з дарогай у вялікую вёску Чэрні. Гэта 16 кіламетраў ад Казловічаў. За колькі дзён набрыняў гэты непарадак аж вось як.

Батон у чаканні мяжы счарствеў і заплесневеў на выкід

Батон у чаканні мяжы счарствеў і заплесневеў на выкід


Што ж, «такога яшчэ не было». Гэтыя словы аднаго з кіроўцаў гэта чыстая праўда. Але што яшчэ будзе? Ды пры такіх раскладах і пасылах?? Нядобра. Палічыць нават школьнік — чарга гэтая нішто іншае, як гіганцкія эканамічныя страты. Нявыкананая дамова пастаўкі — хто будзе плаціць няўстойку? Дні і ночы мусовага таптання на месцы кіроўцаў — ім жа як мінімум трэба плаціць суткавыя, каб не памерлі з голаду. Не кажам ужо пра хуткапсуйныя грузы. Нядобра вельмі. Але калі дурны — то як з гуся вада?

Брэст — Чэрні — Камянецкае кальцо.