Чатыры дні ў клетцы — чатыры гады «хіміі»
«Мая сям’я перажыла цяжкі тыдзень, цяжкі ва ўсіх сэнсах, ад нервовага да
матэрыяльнага, і гэты тыдзень цягнецца ўжо з 21 красавіка. Але побач
нямала людзей, якія не далі кінуцца ў роспач, сагравалі ўсімі магчымымі
сродкамі», — уражанні бацькі Зміцера Галко.
Чацвёрты судовы дзень па справе Зміцера Галко цягнуўся для мяне вельмі доўга і выклікаў трывогу. Абвяшчэнне выраку суддзя Аляксандр Якунчыхін прызначыў на 17 гадзін.
Везлі ў суд без пашпарту
Падсуднага выправілі з камеры на этап без рэчаў і пашпарту, краем вуха ён пачуў рэпліку ад канвойных: «Пашпарт яму не трэба!» — маўляў, вернецца назад. Для такога фіналу справы былі падставы: пракурор запрасіла тры гады пазбаўлення волі.
Ды недзе, у нейкім невядомым нам кабінеце праявілі, з чыноўнага пункту гледжання, гуманнасць. Пазбаўленне волі замянілі абмежаваннем, прыплюсаваўшы, праўда, год — замест трох стала чатыры.
У залі, дзе мы стоячы слухалі кароценькі выступ Якунчыхіна, нечакана ўзніклі лёгкія воплескі — сведчанне радасці, магло ж быць нашмат горш. Мяне адзін з журналістаў нават павіншаваў з перамогай. Мы ўжо настолькі звыкліся з адсутнасцю ў краіне апраўданняў у судзе, што любая папраўка ў міліцэйска-следчых паперах успрымаецца як перамога.
Зміцер быў без радасці, хаця праз пару хвілін канваіры павінны былі выпусціць яго з клеткі. Ён пачаў гаварыць: лепш бы турма, бо «хімія» згладжвае і нават знішчае драматызм падзей, забудуцца пра злачынцаў і пра мяне. Ну, хіба можна было чакаць іншай рэакцыі ад чалавека, які яшчэ нядаўна быў скаваны кайданкамі і сядзеў на мулкай лаве падсудных?
Перамогі ў судзе не атрымалася. Вырак жорсткі. Невінаватага чалавека на чатыры гады (на чатыры!) пазбаўляць права быць з сям’ёй, займацца любімай працай, жыць немаведама дзе і шукаць працу ў складанейшых умовах, каб аплочваць усе гэтыя побытавыя «зручнасці».
Судоваму выраку ў любым выпадку было наканавана стаць скандальным. Апраўданне Зміцера Галко выклікала б шаленства ў афіцыйных інстанцыях. Мяркую, Якунчыхін мог бы аддаць сваю мантыю на з’ядзенне молі. Прынімаючы ж цалкам бок абвінавачвання, суддзя адгарнуў бы справядлівасць, капітуляваў перад няпраўдай.
Хто пазваў іх у кватэру?
Пра саму справу, што пачалася 25 лістапада, пісалася многа. У мяне няма намеру стамляць чытача паўторамі.Адны і тады бэсцілі Зміцера («радзіцель накупіў бухла і спойваў дзяцей»), і цяпер у каментарах сустракаюцца зласліўцы: «А што ён думаў, калі спойваў сына?» Другія старанна, слова ў слова, перапісвалі міліцэйскія паперы. Трэція абаранялі трапіўшага ў пераплёт таварыша і стараліся разабрацца, што ж насамрэч адбылося ў кватэры па вуліцы Мележа.
На вялікі жаль, ніводнаму з журналістаў нечага не хапіла, каб правесці ўласнае расследаванне і высветліць усё да драбніц. Зразумела, не нацыянальны маштаб. Паўтару толькі некаторыя дэталі. Па-першае, Зміцер хутка з’ехаў (спакойна з’ехаў, выканаўшы ўсе дакументальныя фармальнасці ў школе сына і ў рэдакцыі «Экономической газеты»).
Па-другое, каб узважыць усе абставіны, трэба было наведаць школу, дзе вучыўся Янка (Ян-Хрысціян), сын Зміцера. Там і цяпер гуляюць неверагодныя чуткі пра ўдзельнікаў тусоўкі 25 лістапада. Злачынныя, я б сказаў, чуткі. І яны не маглі там узнікнуць без педагогаў і міліцыянтаў.
Мой унук — чалавек несумненных патэнцыйных музыкальных і матэматычных талентаў, і галоўнае, вельмі вольналюбівы. Школьныя педагогі не маглі праходзіць міма, што называецца, і меліся прыкметы маральнага тэрору падлетка. Твой бацька не там працуе, не тое піша, Гэта толькі адзін штрых. Янка пісаў, што «школа — гэта турма».
Бяда многіх, і мая таксама, што мы занадта давяраемся Сеціву. Нас больш уважліва чытаюць нашы нядобразычліўцы і ворагі, чым сябры.
Інфармацыя пра маючы адбыцца збор падлеткаў на кватэры па вуліцы Мележа актыўна выходіла ў эфір. Звесткі ад міліцыянтаў, што іх выклікалі раззлаваныя суседзі, не знайшлі пацвярджэння ў судзе. Міліцыянты ішлі па адрасе, хутчэй за ўсё, з пэўна акрэсленымі намерамі, да канкрэтных асоб. Да бацькі, які працуе не там і піша не тое, што трэба. І да сына, які называе сталічную школу турмой.
Чорныя плямы працэсу
Суддзя Аляксандр Якунчыхін адразу паказаў свой нораў. У першы дзень прыгразіў выдаліць з залы маці і самога падсуднага. Тое, што многае з таго, што гаварылі сведкі і пракурор, немагчыма было разабраць, яго не хвалявала.
Толькі сляпыя і глухія маглі знайсці ў фактах, агучаных на працэсе, гвалт, збіццё міліцыянта. Бо яго і ў прыродзе не было. Міліцыянты, пацярпелы і сведкі, не змаглі нават дагаварыцца толкам, і цешылі слухачоў відавочнымі несупадзеннямі ў сведчаннях.
Атрымаўшы магчымасць знаёміцца з некаторымі матэрыяламі справы, здзівіўся, што ў паказаннях міліцыянтаў нічога не было пра выскокванне падлеткаў з вокнаў другога паверха на вуліцу. Ім было нявыгадна ўзгадваць зламаныя ў дваіх юнакоў хрыбетнік і нагу, бо тыя ратаваліся ад уварвання. Участковы пры гэтым крычаў: «Наркапрытон! Порнастудыя!»
Міліцыянты не выявілі ў кватэры злачынства.
Зміцер Галко затрыманы, кінуты ў камеру, дзе правёў выходныя. У панядзелак яго абвінавачваюць у адміністрацыйным парушэнні (лаянка на вуліцы, пра падзеі ў кватэры няма і згадкі), ушпільваюць штраф у 40 рублёў і рэкамендуюць валіць у сваю Украіну. Важная падрабязнасць, у справе аб адміністрацыйным парушэнні няма аніводнай згадкі, што падсудны быў нецвярозы.
Хаця для ўсіх міліцыянтаў гэта найпершы клопат, запісаць, што суб’ект быў п’яны і лаяўся.
Адвакат Наталля Мацкевіч, на мой погляд, цудоўна падрыхтавалася да працэсу, грунтоўна вывучыла дэталі справы, і прафесійна выступіла ў судзе. Яна двойчы хадайнічала аб вывучэнні адміністрацыйнай справы, па якой Зміцера аштрафавалі і выпусцілі. Выпусцілі чалавека, заўважым, якога праз некалькі дзён сталі абвінавачваць у гвалце над міліцыянтам. Суддзя Аляксандр Якунчыхін двойчы адхіліў хадайніцтва адваката. Двойчы ён адхіліў хадайніцтва і аб далучэнні карткі са станцыі «хуткай дапамогі», якая б дапамагла ў высвятленні храналогіі падзей. Не будзем варажыць, чаго так баяўся суддзя. На мой погляд, матэрыялы адміністрацыйнай справы, якая, дарэчы, знаходзіцца ў тым жа Савецкім судзе, і картка «хуткай дапамогі» перакрэслівалі б паказанні пацярпелага і сведак.
Гэта акалічнасць упрыгожвае якасць працэсу?
Адзінае станоўчае ўражанне было адлюстравана мною ў Фэйсбуку: «“У мяне няма схільнасці да эйфарыі, але я свае дзённікавыя, камерныя нататкі хачу пачаць з камплімента суду. Дакладней, эпізоду, у якім падсуднаму, чалавеку ў металічнай клетцы, майму сыну Зміцеру далі магчымасць выказаць усё (усё, на той момант!). Яго ўважліва выслухалі, не перарывалі, не рабілі спроб збіць, заблытаць, не абвяргалі і не тыкалі ў паказанні сведак. Што ў дачыненні да апошніх, на мой погляд, рабілася дагэтуль бессаромна.
У любым выпадку выступ Зміцера стаў ключавым у працэсе. Асабіста ў мяне зніклі цяжкія сумневы. Я быў упэўнены у адсутнасці злачынных матываў і самога злачынства ў паводзінах сына. Але цяпер мая інтуітыўная вера ўмацавалася канкрэтным, падрабязным факталагічным пералікам усіх крокаў».
Каб зразумець усё ў гэтай даволі простай для следства справе (адно, што яе ніхто і не вёў толкам), трэба было ўважліва выслухаць усіх сведкаў, прамову і апошняе слова Зміцера, а таксама бліскучую прамову адваката, а перад гэтым усе яе пытанні да сведак.
Мая сям’я перажыла цяжкі тыдзень, цяжкі ва ўсіх сэнсах, ад нервовага да матэрыяльнага, і гэты тыдзень цягнецца ўжо з 21 красавіка. Але побач нямала людзей, якія не далі кінуцца ў роспач, сагравалі ўсімі магчымымі сродкамі.
Гэта справа – не толькі драма маёй сям’і. Яна — жывое сведчанне многіх хвароб грамадства. Канвеер маны, ілжэсведчання міліцыянтаў супраць апазіцыянераў натхняе іх на ўседазволенасць, самадурства, гатоўнасць лезці ў тваё асабістае жыццё, не зважаючы ні на законы, ні на прыстойнасць.
Пацярпелы ацаніў свае пакуты ў 850 рублёў. Столькі ў яго ўяўленні каштуе мана.
Судовы вырак — пуцёўка ў доўгі пакутлівы шлях
Я згадваў пра інцыдэнт з тэлефонам, калі ўчастковы, не маючы на тое права, пачаў здымаць на камеру падлеткаў. Зміцер загароджваў іх рукамі. Актыўна аберагаў. Ён прызнае, што ў той момант тэлефон мог выслізнуць з рук на падлогу. Участковы Юрый Чыркоў гаварыў аб матэрыяльным уроне ў 150 рублёў. Звестак аб кошце рамонту тэлефона ён не прадставіў. Плюс яшчэ 850 рублёў — гэта, па ягоным перакананні, дастатковая кампенсацыя за яго службовыя пакуты.
Дык вось, 850 рублёў за маральныя пакуты ў выраку суда засталіся, а 150 рублёў за разбіты тэлефон — знікаюць. Выветрыла іх скразняком, ці што?!
З гэтага можна зрабіць верагодную выснову: тэлефон ніхто не разбіваў. Але тады і галоўнага доказу фізічнага кантакту падсуднага з міліцыянтам, нібыта пацярпелым, не было!?
Пра алкагольную бомбу
Ніхто не абмінае сцвярджэння што ў кватэры было 15 пляшак з-пад алкаголю. «Радзіцель накупіў бухла!» Калі б такая колькасць спіртнога была выпіта, то паказнік у праміле выскокваў за 3-4 адзінкі.
Зміцер сам быў цвярозы, што дакументальна сведчыць адміністрацыйная справа, якую суддзя так і не захацеў дадаць для вывучэння бакам. Ніводзін падлетак не сказаў, што бацька Яна ўжываў алкаголь. Сляды зелля былі знойдзены ў 5 чалавек з 17 ці 18. Міліцыянты не здолелі дакладна, пад пратакол, падлічыць усіх.Калі б сапраўды ў кватэры ўжылі 15 пляшак, то падлеткі валяліся б упокат. Але ж у міліцыянтаў не ўзнікла намеру выклікаць «хуткую» для дапамогі атручаным.
Адкуль з’явілася столькі пляшак, Зміцер не ведае. Не выключана, што для ўзмацнення адмоўнага ўражання ў публікі госці падкінулі «рэчавых доказаў», — яны ж больш гадзіны правялі ў кватэры ўжо без гаспадароў.
Як імя тваё, суддзя?
Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын падрыхтаваў змястоўнае дасье суддзі Аляксандра Якунчыхіна. У пераліку яго службовых дасягненняў — прысуды многім і многім апазіцыянерам з часоў Плошчы 2010 года. Вопыт багаты.
Цікава, што ў пастанове, датаванай 26 чэрвеня 2018 года аб пачатку судовага разбіральніцтва, значыцца суддзя Шаціла С.В.
Атрымліваецца, працэс вывучаў адзін суддзя, а судзіць даручылі другому. Аналагічная метамарфоза была са следчымі: справу кідалі ад аднаго да другога. З пракурорамі тое ж самае. Усе дні на працэсе прысутнічаў адзін пракурор, а для вызначэння тэрміну пакарання з’явіўся другі. Няўжо за гэтым хаваюцца толькі службовыя абставіны і няма чыста маральных, калі некаму ўсё-ткі не хочацца купацца ў брудзе?
У нас ва ўсім палітыка, а ў гэтай справе — тым больш
У завяршэнне дазвольце працытаваць пару нататак з Фэйсбуку, які асабіста я ўспрымаю, як дзённік для сябе і сяброў.
«Адна істотная акалічнасць у справе Зміцера Галко, на якую пакуль што ніхто не звярнуў увагі. Уся хада падзей — ад той тусоўкі падлеткаў да ўчарашняга выраку ад вырадкаў юстытуцыі — гэта высокая, вельмі высокая верагоднасць помсты ад «русскава миру».
Апошнія сумневы скептыкаў наконт таго, ці мае працэс над Зміцерам Галко істотныя прыкметы палітычнага, павінны былі б знікнуць у ходзе слухання.
Рэжым увогуле адхрышчваецца ад паняцця «палітычныя вязні», камуфлюючы людзей і з'явы пад чыста крымінальныя. Ды нячысцік выдае з вантробамі сваіх улюбёнцаў, як бы яны не зашмалёўвалі свае дзеянні. Зміцера міліцыянты пратрымалі ў камеры некалькі сутак, потым даказвалі суду, што ён брыдка лаяўся і не зважаў на заўвагі грамадзян. Менавіта з матэрыяламі гэтага суда не захацеў знаёміцца суддзя. Паколькі ўсё гэта тычыцца Савецкага суда, то Якунчыхін меў магчымасць з імі знаёміцца ў любы момант. І, хутчэй за ўсё, баяўся іх абнародаваць.
Зміцер пасля выхаду з камеры стаў актыўна пісаць пра мярзотнасць міліцыянтаў, што не засталося незаўважаным. Людзі, блізкія да міліцэйскага асяродку, так і сказалі: не пісаў бы — не чапалі б.
Палітычны характар працэсу не ў тым, бэсціць падсудны, кандыдат у вязні, Лукашэнку альбо не. Узгадвае партыйныя праграмы альбо не. Палітычнасць працэсу ў тым, што чалавек апынуўся на лаве падсудных не за злачынствы альбо намер іх здзейсніць, а за імкненне абараніць свае грамадзянскія правы. А потым у друку выкрываць фактычна злачынныя дзеянні міліцыі.
Міліцыі, у першую чаргу, дадзены дазвол на самаўпраўства, ігнараванне законных працэдур, на ілжэсведчанне — і вывад іх з-пад следства і судовага пераследу.
Канешне, тут ужо не палітыкай, выбачайце, смярдзіць, а крыміналам, толькі абарочваецца ён на галовы тых, хто не хоча падаць перад самадурамі ніц».
***
Вынік нашых размоў учора: Зміцер не азлоблены, псіхалагічна не падаўлены. Збіраецца жыць і працаваць. Абы злыдні не перашкаджалі.