Да 30-годдзя адкрыцця Курапатаў

З 2 па 4 чэрвеня грамадзянская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» ладзіць шэраг сустрэчаў да 30-годдзя адкрыцця таямніцы ўрочышча на паўночна-усходнім ускрайку Мінска.

kurapaty_30_hoddze_adkryccja_logo.jpg


Так, 2 чэрвеня з 12:00 ініцыятыва праводзіць талаку ў Курапатах па ўпарадкаванні аб'ектаў гістарычнай тапаграфіі Нацыянальнага некропалю з высаджваннем кветак.
3 чэрвеня эксперты прымуць удзел ва ўрачыстасцях ва ўрочышчы.
4 чэрвеня а 12:00 у сядзібе прафсаюзу РЭП па вул Кульман,4 пачнецца II круглы стол па экалагічнаму стану ўрочышча. Старэйшая навуковая супрацоўніца, кандыдатка сельскагаспадарчых навук (лесазнаўства) Таццяна Барсукова з Інстытуту эксперыментальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча НАН Беларусі распавядзе пра вынікі маніторынгу стану атмасфернага паветра ў Курапатах.
Да ўдзелу ў круглым стале запрошаны актывісты ініцыятывы, журналісты, Арцём Быстрык з «Цэнтру экалагічных рашэнняў» (Мінск) і навукоўцы.
Прадстаўнік «Гарадскога ляснічага» (Мінск) — кампаніі экалагічнага таварыства «Зялёны адказ» па захаванні зялёных зонаў у гарадах высілкамі гараджанаў Ігар Корзун пазнаёміць з асноўнымі накірункамі стратэгіі экалагічнага выратавання Курапатаў.
Нагадаю, што летась 30 траўня адбыўся I круглы стол на экалагічных праблемах гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты».
Удзельнікі яго прышлі да высновы, што ўрочышча павінна набыць статус помніка прыроды.
У сваім дакладзе «Ацэнка стану абъектаў расліннага свету на тэрыторыі ўрочышча Курапаты», падрыхтаваным Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Ігар Корзун зазначыў, што пасля навуковага маніторынгу стану прыроднага асяроддзя, які неабходна правесці ў Курапатах адпаведным спецыялістам, у тым ліку батанікам, біёлагам і глебазнаўцам разам з валанцёрамі, трэба дамагчыся мараторыю на любую гаспадарчую дзейнасць на тэрыторыі народнага мемарыялу і ягонага атачэння. Гэтыя і іншыя крокі, у тым ліку прызначэнне спецыяльнага даглядчыка курапацкага лесу, фармаванне ўзлеску і кулісаў урочышча, а таксама ўвядзенне запаведнага статусу для часткі ягонай тэрыторыі даюць мажлівасць захаваць, у тым ліку, некаторыя найбольш маляўнічыя сухія і паваленыя дрэвы, якія стануць сімваламі трагедыі, што адбылася ў старым хваёвым бары ў 1930- 1940-я гады. Для бяспечнага існавання і захавання Курапатаў ім неабходна надаць статус помніку гісторыі і прыроды, упэўнены Ігар Корзун.  
На думку мовазнаўцы і грамадскага дзеяча Вінцука Вячоркі, грамадскім актывістам, якія працуюць у Курапатах, неабходна не толькі строга выконваць усе рэкамендацыі спецыялістаў-эколагаў, але і выпрацаваць пералік дзеянняў, катэгарычна забароненых у запаведным лесе.
Паколькі даследаванне «Ацэнка антрапагеннага ўздзеяння на стан атмасфернага паветра на тэрыторыі ўрочышча Курапаты» ў траўні 2017 году яшчэ не завершылася, па гэтай праблеме было вырашана правесці II круглы стол.