Да пяці гадоў турмы з-за міліцыянта «з бардаком у галаве»

У Слуцку 9 жніўня пачаўся незвычайны для гэтага месца судовы працэс, на якім міліцыянтам адводзіцца роля пацярпелых. Двое маладых мужчын, братоў Барбашынскіх, абвінавачваюцца ў злосным непадпарадкаванні міліцыянтам пры выкананні службовых абавязкаў, у супраціве і збіцці супрацоўнікаў РАУС.

img_6374_logo.jpg


Па версіі траіх супрацоўнікаў Слуцкага РАУС, падвыпіўшыя мужчыны, якія вярталіся дамоў з начной кавярні «Слуцкі пачастунак» 19 сакавіка 2016 года, адмовіліся праехаць з міліцыянтамі ў спецыяльны ізалятар (медыцынскі выцвярэзнік), а ў працэсе прымусовай дастаўкі пабілі міліцыянтаў. Хлопцам пагражае да пяці гадоў турмы па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу Беларусі.


Абвінавачаныя віны за сабой не прызнаюць і ў сваю чаргу абвінавачваюць міліцыянтаў у хлусні і разбойным нападзе з прычыненнем цялесных пашкоджанняў і паломкай рабрын аднаму з іх.


Пад час двух судовых пасяджэнняў прагучалі паказанні маладых мужчын, якія яны далі ў працэсе следчага дазнання і якія падцвердзілі зараз.


Яны не адмаўляюць, што выпівалі ў начной кавярні. Прыкладна ў гадзіну ночы пайшлі дадому, дом знаходзіўся непадалёку. Былі выпіўшыя, але нічога дрэннага не рабілі. Ішлі роўна, па абочыне цёмнай пустыннай дарогі. Ліхтары не гарэлі. Людзей навокал не было. Раптам наляцелі міліцыянты. Ім паказалі, што дом Барбачынскіх недалёка, літаральна побач. Але міліцыянты сталі цягнуць і збіваць братоў, закінулі ў аўтамашыну, пусцілі газ. Аднаго з братоў збівалі некалькі разоў.


«Балелі вочы, пасля збіцця атрымалі праблемы з здароўем, прасілі аказаць медыцынскую дапамогу, просьба была пакінута без ўвагі. Назаўтра раніцай, 20 сакавіка, пакінуўшы выцвярэзнік, мы самі вызвалі хуткую дапамогу, якая завезла ў паліклініку, — паведаміў Ігар Барбашынскі. — Рэнтгенздымак сведчыў пра паломку рабрыны. Пасля напісалі заяву ў РАУС на гвалт з боку супрацоўнікаў міліцыі. Праз некалькі дзён даведаліся, што на нас заведзена крымінальная справа і як быццам пабілі не нас, а мы білі міліцыянтаў. 7 чэрвеня мы былі арыштаваныя».


Пачатак гісторыі: Міліцыянт заўсёды мае рацыю?    


Да пачатку судовага працэса і падчас яго абвінавачваемыя знаходзяцца за кратамі, нягледзячы на хадайніцтва адваката на замену ўтрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.


На судовы працэс мужчыны былі дастаўлены ў кайданках, як неймаверныя бандыты.


У першы дзень судовага пасяджэння ў зале было шмат людзей. Амаль два дзясяткі случчан наведалі працэс. Па тварах і размовах людзей было бачна, што прыйшлі яны сюды не дзеля таго, каб маральна падтрымаць міліцыянтаў.


Пад час разгляду судовай справы 10 жніўня некаторыя не маглі стрымаць свае негатыўныя эмоцыі, і суддзя Паўленка выдаліла дваіх чалавек з залы.


Жанчына, якая не ўтрымалася ад смеху падчас дачы паказанняў пацярпеўшага міліцыянта Яўгена Шусцера, так патлумачыла свае паводзіны: «23-хгадовы міліцыянт Шусцер вельмі смешна патлумачыў супярэчлівасць сваіх паказанняў. З матэрыялаў следства па яго паказаннях вынікала, што ў аўтамабілі яго біў адзін з братоў, а цяпер ён ужо не памятае, ці той біў яго, ці толькі махнуў на яго рукой. І нават не памятае, калі ў яго з’явіўся той сіняк: у той дзень, ці ў наступны, ці яшчэ праз дзень. А на пытанне адваката пра блытаніну прывёў аргумент, што «ў яго — такі бардак у галаве!»


«Калі ў тваёй галаве бардак, і ты не памятаеш такой важнай падзеі, то ідзі лячыся, не хлусі, і не засажвай людзей у турму», — выказала сваю думку случчанка, жанчына сярэдніх гадоў.


Пажылы мужчына, які папрасіў яго не называць, выказаў сваю думку наконт убачанага і пачутага на другі дзень судовага пасяджэння: «Я адно зразумеў: правоў у мяне няма ніякіх. Убачыў міліцыянта — рабіся чарвяком і паўзі паміж лістоў, каб не заўважыў. А калі выпіў — не хадзі нават у прыбіральню на ўласным двары, бо праз плот могуць убачыць з грамадскага месца. Лічу, што ў адносінах абвінавачваемых маюць месца гвалт і тэрор. Не тых судзіць трэба».


Судовыя пасяджэнні пакінулі пасля сябе шчымлівыя ўражанні: маладыя прыгожыя мужчыны ў клетцы, якіх прывялі на ланцугу; нядобрыя канваіры, што варожа рэагуюць на прысутных у залі, супярэчлівыя паказанні здаровых і дужых міліцыянтаў...


Падзеі па-за межамі рэальнасці. Вярнуцца ў рэальнасць дапамагае толькі мужная адвакатка, якая ўбачыла несупадзенні і супярэчлівасці ў сведчаннях «пацярпелых» і запатрабавала прадстаўлення ў суд дадатковых дакументаў, якія б пралілі святло на гэтую блытаніну. Следчыя і кіраўніцтва РАУС чамусьці не паклапаціліся да гэтагу часу выканаць яе хадайніцтвы і забяспечыць дастатковую колькасць доказаў. Выглядае так, што для іх зашмат вусных сведчанняў і пісьмовых рапартаў сваіх супрацоўнікаў для таго, каб з лёгкасцю аформіць людзям новае жыхарства «на зоне».


Наступнае судовае пасяджэнне адбудзецца 19 жніўня.