На журналіста Кастуся Жукоўскага склалі пратакол за «апытанне грамадскага меркавання»

Лоеўскія міліцыянты закідалі гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага пратаколамі.

Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі


Пратакол склаў маёр міліцыі Хічоў А.В. Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага абвінавачваюць паводле часткі 4.1 артыкулу 9.29 Адміністрацыйнага Кодэксу Беларусі («Незаконнае правядзенне апытанняў грамадскага меркавання»).

«21 чэрвеня 2016 года Жукоўскі знаходзіўся ў г.п. Лоеў і праводзіў даследаванне», — напісана ў пратаколе.

Таксама ў дакуменце адзначаецца, што вынікі апытанняў грамадскага меркавання закраналі грамадскае меркаванне ў справе геапалітычнай сітуацыі і былі праведзеныя на тэрыторыі Лоеўскага раёну без адпаведнай акрэдытацыі, а пасля зʼявіліся на «Белсаце».

Брутальна затрымалі, а цяпер даслалі пратакол «за правядзення апытанняў»

21 чэрвеня міліцыянты затрымалі ў Лоеве журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага ды Аляксея Атрошчанкава. Кастусь Жукоўскі кажа, што ў будынку лоеўскага РАУС міліцыянты яго білі і душылі, пасля чаго журналіст зняў пабоі і напісаў у Следчы камітэт заяву па факце збіцця. Сярод супрацоўнікаў міліцыі, якія «адзначыліся» жорсткімі паводзінамі, гомельскі журналіст назваў і першага намесніка начальніка аддзелу ўнутраных справаў Лоеўскага РАУС Генадзя Маджару.

Неўзабаве пасля інцыдэнту ў раённым цэнтры лоеўскія міліцыянты даслалі Жукоўскаму і Атрошчанкаву 6 пратаколаў на дваіх.

У пратаколах сцвярджалася, што Жукоўскі нібыта абразіў мясцовых чыноўнікаў: кіраўніцу Лоеўскага райвыканкаму Ірыну Пастухову ды намесніцу старшыні райвыканкаму па ідэалогія Наталлю Каураву, а таксама згаданага вышэй Генадзя Маджару. Іншыя абвінавачванні тычыліся таго, што Жукоўскі нібыта не падпарадкоўваўся Маджару і ўчыніў дробнае хуліганства.

Цяпер дадалося абвінавачванне ў «правядзенні апытанняў грамадскага меркавання без акрэдытацыі».

belsat.eu