Каб патрапіць у кватэру Тамары Сяргей, парушаны закон

Намесніца старшыні Мінскага гарадскога суда Таццяна Тупік парушыла закон, каб судовыя выканаўцы змаглі патрапіць у кватэру юрысткі Тамары Сяргей.

zanczyny_sjarhej_4.8.16_1_logo.jpg


28 ліпеня Тамара Сяргей накіравала старшыні Мінгарсуда наглядную скаргу на пастанову суддзі гэтага суда Валеры Камісарава. Ён 24 чэрвеня падтрымаў рашэнне суддзі суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыі Шабуні, якая 20 мая аштрафавала праваабаронцу на 40 базавых велічынь (840 руб.).  У сваёй скарзе Тамара Сяргей прасіла старшыню Мігарсуду прыпыніць выканаўчую вытворчасць па спагнанні штрафу. Пры гэтым юрыстка аплаціла дзяржаўную пошліну ў памеры адной базавай велічыні (21 руб.), як таго патрабуе заканадаўства.
Аднак суддзя Таццяна Тупік вярнула скаргу без разгляду, матывуючы свае дзеянні тым, што праваабаронца не аплаціла дзяржпошліну ў поўным памеры (дзве базавыя велічыні, ці 42 руб.).
У каментары НЧ спадарыня Тамара зазначыла, што Таццяна Тупік паступіла незаконна, бо, згодна заканадаўству, дзяржпошліна аплачана ў поўным памеры. “Я расцэньваю дзеянні суддзі Таццяны Тупік як наўмысныя, накіраваныя на дапамогу судовым выканаўцам, якія намагаюцца патрапіць у маю кватэру”, — падкрэсліла Тамара Сяргей.
Нагадаем, што юрыстка пакараная штрафам за арганізацыю і ўдзел у недазволеным пікетаванні, што 31 сакавіка на сталічай плошчы Свабоды зладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны дзеля таго, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.  
27 ліпеня і 4 жніўня судовыя выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Савецкага раёну Мінска двойчы спрабавалі патрапіць у кватэру Тамары Сяргей, каб зрабіць агляд жылля і высветліць матэрыяльны стан праваабаронцы. У якасці падставы для агляду была названая вялікая сума штрафу, якую павінна ўнесці ў фонд дзяржавы юрыстка. Аднак яна адмовілася дапускаць судовых выканаўцаў у сваю кватэру.
29 ліпеня судовы выканаўца Настасся Шкрабо наклала арышт на жыллё юрысткі дзеля спагнання з яе штрафу ў памеры 840 рублёў.  Праваабаронца расцаніла гэтыя дзеянні як доказ уціску. “Бо, згодна заканадаўству, спагнанне не можа быць звернута на кватэру, дзе я стала пражываю. Нягледзячы на гэта, судовая выканаўца ўсё ж такі арыштавала маё жыллё. Такім чынам, Настасся Шкрабо пераступіла закон”, — падкрэсліла Тамара Сяргей.