Судовыя выканаўцы «выбіваюць» штрафы з актывістаў любой цаной

Улады ўсё часцей прыбягаюць да такога метаду ўздзеяння на актывістаў, як штрафы,  каб «выкалаціць» з незадаволеных грошы і знізіць градус грамадзянскай актыўнасці.

516d5793_6003_45ab_a9fe_de2676434fcc_mw1024_mh1024_s.jpg



Праваабаронца з Барысава Алесь Абрамовіч атрымаў апавяшчэнне, што, на падставе пастановы аддзела прымусовага выканання Барысаўскага раёна ад 22 ліпеня, вынесена забарона адказчыку на здзяйсненне адчужэння на частку ізаляванага памяшкання, зарэгістраванага за ім.  Па сутнасці, гэта “першая ластаўка перад дажджом”: наступным дзеяннем можа быць арышт нерухомасці.

Прычына падобнага рашэння адна: нясплата штрафаў па адміністрацыйных пастановах за ўдзел Абрамовіча ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, у прыватнасці, у мітынгах прадпрымальнікаў, якія адбываліся ў маі і чэрвені ў многіх гарадах Беларусі.

Апошнім часам улады ўсё часцей прыбягаюць да такога метаду ўздзеяння на актывістаў, каб “выкалаціць” з іх штрафы і знізіць градус грамадзянскай актыўнасці.

Так, напрыканцы ліпеня актывістку Ніну Багінскую судовыя выканаўцы запатрабавалі вызваліць  садовы дамок у кааператыве “Геолаг-СМ” (вёска Дамашаны), які быў у маі арыштаваны за-за нясплаты штрафаў, накладзеных пастановамі судоў.

У рамках выканання пастановы аб здзяйсненні асобнага вытворчага дзеяння аддзела прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінская яшчэ ў маі з кватэры актывісткі ў Мінску судовыя выканаўцы канфіскавалі мікрахвалёўку і пральную машыну ў лік штрафаў за акцыі, а таксама  наклалі арышт на дачныя ўчасткі. І вось чарга дайшла да канфіскацыі першага з іх.

А 4 жніўня стала вядома аб тым, што накладзены арышт на жыллё актывісткі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры, юрысткі Тамары Сяргей. Пра гэта гаворыцца ў пастанове ад 29 ліпеня судовага выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Савецкага раёну Мінска Настассі Шкрабо. Сваё рашэнне яна матывавала тым, што арышт на жыллё неабходны для спагнання штрафу з праваабаронцы ў памеры 840 дэнамінаваных рублёў.  

А вось што распавёў сайту "Беларускага дакументацыйнага цэнтра"  адзін з лідараў руху прадпрымальнікаў і сябра аргкамітэта па стварэнні прафсаюза прадпрымальнікаў «Салідарнасць» Алесь Макаеў:

«3 жніўня мне патэлефанавала судовая выканаўца Савецкага раёна Мінска… Судовы выканаўца сказала, што мне трэба тэрмінова заўтра прыехаць на «Ракаўскі кірмаш», бо яны прыедуць туды, каб канфіскаваць тавар на карысць неаплачаных штрафаў за акцыі. Калі яны да мяне прыязджалі ў мінулы раз —  канфіскавалі тавар на 43 мільёнаў. Пасля чаго яны ўжо некалькі разоў рабілі пераразлік — чароўным чынам 40 мільёнаў ператварыліся ў 20 мільёнаў недамінаваных рублёў. На «Ракаўскі рынак» прыехалі судовыя выканаўцы: 3 жанчыны ў форме і мужчына на пазадарожніку з канфіскату. Пасля таго, як адчынілі кіёск, яны канфіскавалі тавар на 123 новых рубля, пагрузілі ў пазадарожнік і з'ехалі".

У такіх абставінах выклікае сумненне не зусім законная практыка арышту жылых памяшканняў грамадзян, паколькі канфіскаваць жыллё, якое належыць грамадзяніну на праве асабістай уласнасці згодна з заканадаўствам, практычна немагчыма.


spring96.org