Да зімніх святаў А1 выпусціла паштоўкі з цытатамі Караткевіча. Іх можна атрымаць бясплатна
З заўтрашняга дня ў офісах кампаніі А1 будуць распаўсюджваць паштоўкі з цытатамі беларускага класіка.
![728922ade37d081cf6989b25bcee402a.jpeg 728922ade37d081cf6989b25bcee402a.jpeg](/img/v1/images/728922ade37d081cf6989b25bcee402a.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча мы пачалі інфармацыйную кампанію #Караткевіч90, каб праз серыю падзей і акцый анлайн-праектаў нагадаць пра ўнёсак знакамітага пісьменніка ў нацыянальную культуру і расказаць пра яго як асобу, — распавядае «Онлайнеру» начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.
Серыя — гэта 10 паштовак, на якіх намаляваны беларускія совы ў розных абразках, у якіх чытаюцца адсылкі да твораў Уладзіміра Сямёнавіча. «Рабі нечаканае — і тады пераможаш», «Гонар і чэсць — яны належаць табе і больш нікому», «Мова наша мілагучная, плаўная, дарагая. Як поплаў блакітная!», «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае, асуджаны зноў перажыць яго безліч разоў» і іншыя.
![7bc37900edd8da385058668810f03761.jpeg 7bc37900edd8da385058668810f03761.jpeg](/img/v1/images/7bc37900edd8da385058668810f03761.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Я перачытала «Дзікае паляванне караля Стаха». Гэта адзін з маіх самых улюбёных твораў, які пужае і заварожвае з дзяцінства, — патлумачыла мастачка Ніка Сандрас. — Я пераглядала фільм, таксама чытала кавалкамі і іншыя розныя яго творы, каб пагрузіцца ў атмасферу. Хацелася б, каб паштоўкі не выглядалі сучаснымі, каб яны былі цёплымі і лямпавымі, быццам бы персанажы выглядваюць на нас са старых фотаздымкаў. Чаму менавіта совы, не ведаю, нарадзіўся вобраз выпадкова, а пасля ад яго пайшла і ўся серыя. Мне падаецца, ва ўсіх беларусаў совы выклікаюць пазітыўныя эмоцыі.
Калі ўгледзецца ў паштоўкі, то можна не толькі ўбачыць сімвалы беларускага арнаменту, але і разгадаць некаторыя таямніцы. Напрыклад, на адной з паштовак сава трымае каралеўскую папараць — незвычайную і даволі рэдкую расліну беларускіх лясоў. А на іншым малюнку рака на фоне невыпадкова нагадвае Ў — такая літара ёсць толькі ў беларускім алфавіце.
— Вельмі цёплыя і душэўныя паштоўкі. Відаць, што яны зроблены з любоўю, — ацаніла серыю пляменніца Уладзіміра Караткевіча Алена Сінкевіч. — Уладзімір Сямёнавіч любіў маляваць паштоўкі ўласнаруч. І маляваў ён менавіта тыя, якіх не было ў той час, — калядныя і велікодныя. Клаў у канверт і ўсіх сваіх сяброў віншаваў.
Пляменніца Караткевіча першай падпісала паштоўку для сваіх блізкіх, а таксама адправіла некалькі святочных пасланняў у Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт Тараса Шаўчэнкі, дзе вучыўся Уладзімір Караткевіч, у грамадскую бібліятэку імя Уладзіміра Караткевіча ў Таліне, дзіцячую бібліятэку імені У. С. Караткевіча і ў музей у Оршы, а таксама ў аршанскую школу №3, дзе ёсць асобная музейная зала, прысвечаная пісьменніку.
![84a681741b773ddf166b131f85dea192.jpeg 84a681741b773ddf166b131f85dea192.jpeg](/img/v1/images/84a681741b773ddf166b131f85dea192.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З заўтрашняга дня паштоўкі можна бясплатна атрымаць у любой з фірменных крамаў кампаніі А1, незалежна ад таго, купляеце вы нешта ў краме ці не. Таксама адпаведную паштоўку да свайго заказу атрымае кожны наведвальнік кавярні «Інклюзіўны барыста», што знаходзіцца ў цэнтры лічбавых паслуг А1 на вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Паштоўкі разам з заказам прывязуць і кліентам віртуальнай крамы А1. Тыраж абмежаваны, таму акцыя будзе доўжыцца да моманту, пакуль не скончацца паштоўкі.
Аднак усю серыю можна будзе спампаваць на афіцыйным сайце кампаніі А1 у высокай якасці.
Фота Onliner.by