Да 3 ліпеня Беларусь павінна прадставіць ААН інфармацыю аб прынятых мерах па выніках разгляду скаргі па справе Уладзіслава Кавалёва

Урад Беларусі да 3 ліпеня 2013 года павінен прадставіць у Камітэт ААН па правах чалавека інфармацыю аб прынятых мерах па выніках разгляду скаргі па справе Уладзіслава Кавалёва.



koval.jpeg

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, аб гэтым маці расстралянага вясной 2012 года па прыгаворы Вярхоўнага суда Беларусі Уладзіслава Кавалёва Любові Кавалёвай паведаміла ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Скарга маці Уладзіслава Кавалёва і яго сястры Таццяны Казяр была зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека 15 снежня 2011 года, разгледжана — 29 кастрычніка 2012 года.
Нагадаем, Уладзіслаў Кавалёў быў пакараны пасля таго, як Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватым у саўдзеле ў тэрарызме разам з асуджаным за тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 года Дзмітрыем Канавалавым.
Паводле слоў Кісляка, які прадстаўляе аўтараў скаргі, камітэт ААН устанавіў, што беларуская дзяржава парушыла права на жыццё Уладзіслава Кавалёва. Гэты міжнародны орган прызнаў таксама, што ў гэтай справе былі дапушчаныя наступныя парушэнні: прымяненне фізічнай сілы; прымушэнне да дачы паказанняў супраць сябе; парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. Акрамя таго, лічаць у ААН, суд не з'яўляўся незалежным і бесстароннім, было парушана права на перагляд прыгавору вышэйшай судовай інстанцыяй.
Праваабаронца адзначыў, што, на думку Камітэта па правах чалавека, пры разглядзе справы Кавалёва беларуская дзяржава парушыла шэраг палажэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Факультатыўнага пратакола да яго, які прадугледжвае працэдуру звароту асуджанага ў ААН.
Як дапоўніў Кісляк, у сваім рашэнні Камітэт ААН звярнуўся да беларускіх улад з патрабаваннем апублікаваць сваё рашэнне ў сродках масавай інфармацыі, а таксама прыняць меры, каб падобныя парушэнні не дапускаліся ў будучыні.
"3 студзеня 2013 года афіцыйны пераклад рашэння на рускую мову накіраваны ў пастаянную місію Беларусі ў Жэневе. З гэтага дня пачынаецца 180-дзённы тэрмін для прыняцця мер па выніках разгляду гэтай справы. Столькі часу даецца кожнай дзяржаве ў выпадку ўстанаўлення парушэнняў Пакта ў адпаведнасці з працэдурай разгляду ў Камітэце. Мы чакаем, што Беларусь вернецца да добрасумленнага выканання сваіх міжнародных абавязацельстваў, прадугледжаных як Міжнародным пактам, так і Факультатыўным пратаколам да яго", — заявіў Кісляк. Ларыса Шыганава, БелаПАН