Жыхары Віцебску працягваюць скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу віцебскай каардынатаркі аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяны Севярынец. Нагодай для звароту ў КПЧ ААН стала рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску паўтарагадовай даўнасці, згодна з якім актывістка нібыта парушыла закон аб масавых мерапрыемствах, за што была пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічынь.



seviarynec_taciana.jpg

Таццяна Севярынец

Лета 2011 году запомнілася шмат каму зь беларусаў акцыямі «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі», хваля якіх пракацілася тады па гарадах краіны. 3 ліпеня, у афіцыйны «Дзень Незалежнасці», адна з такіх акцыяў маўклівага пратэсту адбылася і ў Віцебску. Больш за сотню жыхароў гораду прайшлі па цэнтральных вуліцах, пляскаючы ў ладкі. Сярод іх была і Тацьцяна Севярынец. Потым была супольная малітва за Беларусь на Ўспенскай горцы. А праз тыдзень адбыўся суд: суддзя Яўген Буруноў прызнаў Тацьцяну Севярынец арганізатарам несанкцыянаванага вулічнага шэсця і прыцягнуў яе да адміністрацыйнай адказнасці.

На думку спадарыні Тацьцяны, рашэньне суддзі Бурунова з'яўляецца беспадстаўным. Бо ніякага арганізаванага вулічнага шэсця, на якое трэба пытаць дазволу ва ўладаў, у той дзень не было. Ніхто з тых, хто ішоў на малітву, не выходзіў на праезную частку, не трымаў у руках сцягоў, плакатаў або іншых агітацыйных матэрыялаў. Ісці ж па ходніках, пляскаць у ладкі і маліцца законам не забаронена.

Тацьцяна Севярынец абскардзіла рашэнне суддзі Бурунова, але ні Віцебскі абласны, ні Вярхоўны суды не прыслухаліся да аргументаў актывісткі. Цяпер вырашаць, ці ёсць парушэннем правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, прыцягненне яе да адказнасці за рух групы грамадзян да месца малітвы, за саму малітву і за апладысменты будзе Камітэт па правах чалавека ААН.

Віцебская Вясна