Па факце збіцця віцебскага актывіста БНФ узбуджаная крымінальная справа

Пракурор Першамайскага раёну Віцебску, старшы дарадца юстыцыі Юры Раманоўскі, разгледзеўшы матэрыялы праверкі па факце прычынення цялесных пашкоджанняў сябру партыі БНФ Аляксею Гудзіліну, прыняў пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы паводле артыкулу 153 КК.



gudzilin_1.jpg

Аляксей Гудзілін

Такая пастанова была прынятая пасля заявы ў пракуратуру Віцебскай вобласці старшыні віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніда Аўтухова з просьбай да пракурора ўзяць пад асабісты кантроль бесстароннасць, апэратыўнасць, паўнату і выніковасць следча-вышуковых мерапрыемстваў праваахоўных ворганаў па выяўленні і прыцягненні да адказнасці вінаватых. 

Нагадаем, сябра партыі БНФ Аляксей Гудзілін быў збіты 14 снежня 2012 году. На яго напалі двое невядомых мужчын магутнага целаскладу, якія вонкава і паводзінамі нагадвалі супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Адзін з іх мімаходзь паказаў нейкі дакумент, падобны да пасведчання праваахоўніка. Невядомыя сілай узялі актывіста пад рукі, падвялі да машыны, прымусілі сесці ў салон, а самі размясціліся па абодва бакі ад яго. У машыне таксама знаходзіўся кіроўца.

На пытанні хлопца, што адбываецца, быў адказ: «Не хадзі ў БНФ і не займайся тымі рэчамі, што цябе ня тычацца, а то лезеш і ў тэлевізар, і ў газеты…» Пасля гэтага той, хто сядзеў праваруч, двойчы ўдарыў актывіста кулаком у твар. З носа пацякла кроў. Збітага маладога чалавека нападнікі выкінулі з машыны, а самі зніклі ў невядомым напрамку. У той самы дзень «Хуткая дапамога» даставіла Аляксея Гудзіліна ў абласны шпіталь, дзе лекарамі быў выстаўлены дыягназ «Закрыты пералом костак носу».

Як адзначаецца ў пастанове пракурора, справы наконт злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 153 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання), з'яўляюцца справамі прыватнага абвінавачання і ўзбуджаюцца асобамі, што пацярпелі ад злачынства. Аднак пракурор мае права таксама ўзбуджаць такога кшталту справы, нават пры адсутнасці заявы пацярпелага, калі дзеянні вінаватай асобы закранаюць істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадства, законныя інтарэсы грамадзян. Менавіта з гэтага свайго права і скарыстаўся пракурор Юры Раманоўскі. Крымінальная справа для далейшага расследавання накіраваная ў Першамайскі райаддзел Віцебску Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Віцебская Вясна