Гары Паганяйла: Я павінен пахваліць МЗС за праведзеную працу
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь падрыхтавала даклад «Парушэнні правоў чалавека ў асобных краінах свету ў 2012 годзе», — паведамляецца на афіцыйным сайце МЗС. Мэта дакладу — прыцягнуць увагу да парушэння правоў чалавека ў краінах, якія традыцыйна адносяць сябе да "развітых дэмакратый", прадэманстраваць на канкрэтных фактах невыкананне імі сваіх міжнародных прававых абавязацельстваў.
Дадзены даклад з'яўляецца пацвярджэннем, што ў сферы правоў чалавека няма і не можа быць эталонных дзяржаў. Усе краіны павінны пастаянна ажыццяўляць сістэмную працу ў гэтай галіне з улікам спецыфікі свайго палітычнага і гістарычнага шляху, забяспечваючы максімальна высокі ўзровень абароны правоў чалавека...
Беларускі бок з заклапочанасцю адзначае негатыўную тэндэнцыю, калі адносіны паміж дзяржавамі ў сферы правоў чалавека фармуюцца не па прынцыпу роўнасці партнёраў, якія маюць адну канчатковую мэту — дабрабыт сваіх грамадзян, — а на аснове дыктату, ціску і навязвання «адзіна правільнай» кропкі гледжання.
Кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла прагледзеў амаль 50 старонак даклада і пракаментаваў дзеянні МЗС наступным чынам:
— Я ўважліва прагледзеў даклад і павінен пахваліць МЗС за праведзеную працу. Публікацыя такога дакладу, спадзяюся, азначае, што МЗС заклапочаны станам правоў чалавека ў свеце, што
ён разумее, што захаванне правоў чалавека не толькі статутная мэта ААН, але і кожнай краіны, закліканай ажыццяўляць светапарадак, у якім паважаюць прынцыпы і стандарты правоў чалавека.
Такое стаўленне міністэрства да неабходнасці вывучэння і апублікавання фактаў парушэння правоў чалавека ўсяляе ў мяне глыбокую надзею, што і ўнутры Беларусі гэтым пытанням будзе нададзена самая
пільная ўвагуа ўсіх дзяржструктур.
З іншага боку, вядома, усе мы памятаем, што адпаведныя справаздачы міністэрства аб выкананні стандартаў правоў чалавека ў Беларусі, што накіроўваюцца ў ААН і іншыя інстанцыі ад імя дзяржавы,
адсылаліся не ў час, альбо не адсылаліся наогул, альбо былі залакіраваныя такім чынам, быццам бы ў краіне не існуе праблемаў з правамі чалавека. Гэта адбывалася ў той час, як нацыянальныя
праваабарончыя арганізацыі накіроўвалі ў міжнародныя структуры дыяметральна супрацьлеглыя паведамленні, поўныя пацверджаных фактаў.
БХК