Мікалай Аўтуховіч пакутуе ў турме ад зубнога болю
Палітзняволены гарадзенскай турмы, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч да гэтай пары не можа вырашыць праблемы, якія ў яго ўзніклі з-за няякаснага зубнога пратэза. Зубны боль яго суправаджае ўвесь тэрмін зняволення, кажа праваабаронца Павел Сапелка.
Мікалай Аўтуховіч. Фота Юліі Дарашкевіч
З ягоных слоў, зараз будуць зроблены чарговыя захады для таго, каб праблема зварушылася з месца:
— Ягоная праблема з зубамі ўжо набіла аскому. Паспрабуем ізноў заняцца яе вырашэннем. Калі ён быў у Івацэвічах, яму зрабілі пратэз, але ён яму не падышоў. А ў гарадзенскай турме гэтым увогуле ніхто не займаўся.
Мікалай Аўтуховіч адбывае ў гарадзенскай турме 5 гадоў пазбаўлення волі за захоўванне патронаў. Палітвязень кажа, што, насамрэч, з ім паквіталіся за спробы выкрыць мясцовых і сталічных
карупцыянераў.
Радыё "Рацыя"