Пракуратура Мінскай вобласці выявіла значныя парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства ў ААТ "Будтрэст № 3"

Шэраг парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй выяўлены пракуратурай Мінскай вобласці ў ААТ "Будтрэст № 3", паведаміў БелаПАН старшы пракурор аддзела абласной пракуратуры Аляксандр Ганчар.



95xxr1.jpg

Праверка праводзілася ў канцы 2012 года.
Паводле інфармацыі Ганчара, у ААТ належным чынам не рэалізоўваецца адна з замацаваных у законе "Аб барацьбе з карупцыяй" мер у выглядзе ўстанаўлення абмежаванняў для дзяржаўных службовых асоб. У парушэнне закона на момант праверкі не былі пісьмова аформлены абавязацельствы 239 службовых асоб, у тым ліку 11 — апарату дырэкцыі. Пісьмовыя абавязацельствы, з якімі службовыя асобы ААТ "Будтрэст № 3" азнаёмлены пад роспіс, паказалі, што іх змест не адпавядае патрабаванням арт. 17 закона. У прыватнасці, яны не ўтрымліваюць устаноўленых абмежаванняў у выглядзе забароны займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю асабіста або праз давераных асоб, аказваць садзейнічанне мужу (жонцы), блізкім сваякам і г.д.


 

Падчас праверкі ўстаноўлена, што конкурснымі камісіямі пры ажыццяўленні закупак не выконваліся патрабаванні заканадаўства і конкурсных дакументаў. Больш за тое, мелі месца факты неправамернага абмежавання канкурэнцыі. У прыватнасці, конкурснымі камісіямі неабгрунтавана адхіляліся конкурсныя прапановы асобных удзельнікаў, або не былі запатрабаваны неабходныя дакументы, чым ствараліся больш спрыяльныя ўмовы для перамогі іншых прэтэндэнтаў.


 

Выяўлены факты няправільнага выбару працэдуры закупкі. Так, ажыццяўляліся закупкі з прымяненнем працэдуры падрадных таргоў па спрошчанай схеме абсталявання, механізмаў, транспарту, нягледзячы на тое што неабходнасць іх набыцця не выцякала з праектна-каштарыснай дакументацыі. Разам з тым такая працэдура падлягае прымяненню толькі пры пастаўцы тавараў для будаўніцтва аб'ектаў, і адпаведна неабходнасць іх набыцця павінна была быць прадугледжана праектна-каштарыснай дакументацыяй. У выніку гэтага парушэння істотна змяняліся ў бок скарачэння тэрміны на падрыхтоўку конкурсных прапаноў, чым парушаліся правы ўдзельнікаў.


 

Пракуратура выявіла выпадкі допуску да ўдзелу ў конкурсе несвоечасова пададзеных прапаноў, парушэння парадку падачы (прыёму) конкурсных прапаноў, фальсіфікацыі пратаколаў пасяджэння камісіі, парушэння парадку інфармавання ўдзельнікаў аб прынятых камісіяй рашэннях, парушэння патрабаванняў аб парадку правядзення працэдуры перамоў, заключэння дагавора пастаўкі да правядзення конкурснай камісіяй пасяджэння, на якім вызначаны пераможца.


 

У сувязі з дапушчанымі парушэннямі тры службовыя асобы ААТ прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН