Новы адукацыйны сезон Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! распачне ў Віцебску

У новы год Фестываль AD.NAK!, як і іншыя сусветныя фестывалі рэкламы, уваходзіць са зменамі і новымі прапановамі: хутка AD.NAK! абвесціць новыя фішкі і сюрпрызы для сваіх удзельнікаў і ўсіх, хто цікавіцца фестывалем.



3_1_.jpg

Асноўныя падрабязнасці яшчэ наперадзе, але аргкамітэт вырашыў распачаць чарговы фестывальны сезон у Віцебску, дзе будуць абвешчаныя асноўная ідэя і праграма сёлетняга Фестывалю.

Серыя майстар-класаў з удзелам прадстаўнікоў найбуйнейшых беларускіх агенцтваў, якія атрымлівалі ўзнагароды на мінулых Фестывалях, пройдзе 8 лютага 2013 года ў канферэнц-зале гасцініцы "Віцебск" па вул. Замкавая, 5/2 a. Большасць з хэдлайнераў таксама ў свой час былі ў складзе журы Фестывалю AD.NAK!

Асноўная мэта мерапрыемства — паведаміць пра наяўныя сучасныя тэндэнцыі на рэкламным рынку як Беларусі, так і іншых краін, больш падрабязна рассказаць пра Фестываль, заахвоціць да ўдзелу ў Фестывалі рэкламістаў Віцебска і вобласці і ўвогуле звярнуць увагу на тое, што рэклама на беларускай мове можа быць цікавай, крэатыўнай і сучаснай.

Удзел у майстар-класах будзе карысны перш за усё прадстаўнікам рэкламна-камунікацыйнага бізнэсу Віцебскай вобласці: прадстаўнікам аддзелаў маркетынгу кампаній і прадпрыемстваў вобласці, рэкламных агенцтваў і дызайн-студый, спецыялістаў у галіне медыяў і СМІ.

Цягам мінулага года такія сустрэчы прайшлі ў Гродна, Магілёве, Брэсце і Гомелі. У iх узялi ўдзел прадстаўнiкi найбуйнейшых кампаній і агенцтваў краiны.

“Рост колькасці ўдзельнікаў кожны год — вельмі добры паказчык, — кажа Ніна Шыдлоўская, адзін з арганізатараў Фестывалю, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!" — Падчас падрыхтоўкі кожнага з трох Фестываляў вялікую зацікаўленасць выказалі рэгіянальныя рэкламісты. Але не ўсе здолелі даехаць да сталіцы і падаць свае працы на конкурсную праграму. Менавіта таму мы вырашылі працягнуць серыю тэматычных майстар-класаў у абласных цэнтрах — каб людзі маглі абмеркаваць актуальныя пытанні беларускай рэкламы “не адыходзячы ад касы".

Сёлета Фестываль праходзіць ужо чацверты раз, і арганізатары чакаюць шмат работ ад рэгіянальных прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.

Глядзець ролік па выніках Трэцяга фестывалю AD.NAK!, які прайшоў 5 ліпеня 2012 года.

“Мы ўпэўненыя, што рэгіянальныя рэкламісты робяць шмат работ на беларускай мове, але яны з розных прычынаў не бачныя сярод прадстаўнікоў прафесійнай суполкі, — адзначае Сяргей Скараход, кіраўнік праекту Marketing.by. — Акрамя таго, трэба разумець, што сучасны рэкламны прадукт сёння робіцца больш моўным і камунікацыйным. Звычайныя сродкі адыходзяць на другі план, а дасягаюць поспеху незвычайныя ідэі і спалучэнні, таму кожная ідэя можа ператварыцца ў самы буйны праект дзякуючы простаму ўдзелу у Фестывалі AD.NAK".

Арганізатары Фестывалю таксама адзначаюць, што дзякуючы багатай конкурснай праграме Фестываль дае дадатковыя магчымасці рэкламістам, якія жадаюць выконваць работы на беларускай мове, паспрабаваць свае сілы і стварыць рэкламны прадукт у межах прапанаваных конкурсаў. У гэтым годзе конкурсная праграма таксама зменіцца, і большасць конкурсаў будзе падтрыманая найбуйнейшымі беларускімі брэндамі.

Акрамя прэзентацыі Фестывалю AD.NAK-2013 у межах праграмы семінараў таксама выступяць Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!".

Кіраўнік мінскай студыі “АдлігаАнатоль Лазар правядзе майстар-клас на тэму “Між творчасцю і маркетынгам", у якім падзеліцца вопытам арганізацыі рэкламнага бізнэсу ў Беларусі, асаблівасцямі ўзаемаадносін з кліентамі, а таксама пра асаблівасці выкарыстання беларуская мовы ў рэкламе.

Дырэктар рэкламнага агенцтва Capitalist Digital, Зміцер Вайноўскі, які яўляецца аўтарам ролікаў AD.NAK! і іншых праектаў правядзе майстар-клас пад назвай “Рэклама па-беларуску: ментальныя коды, стварэнне ўстойлівага словазлучэння, новыя словы ў рэкламе".

Тэма майстар-класа дызайнера інтэрактыўнага агенцтва Red GraphicЗахара Шлiмакова гучыць так: “Digital Love: Ooh, I don't know what to do about this dream". Захар падрабязна разгледзіць кейс інтэрактыўнага праекту 10.mts.by, а таксама паведаміць пра апошнія трэнды ў digital-маркетынгу.

Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by раскажа пра Фестываль AD.NAK!, а таксама прадэманструе работы пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы 2012 года.

Нагадваем, што майстар-класы адбудуцца 8 лютага 2013 года ў канферэнц-зале гасцініцы "Віцебск" (вул. Замкавая, 5/2 a). Колькасць удзельнікаў — да 60 чалавек. Удзел БЯСПЛАТНЫ.

Пра Фестываль:

AD.NAK! — гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнага грамадства ў галіне рэкламы, маркетынгу і PR, а яе галоўная мэта — звярнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама грамадства Беларусі на рэкламу і іншыя сродкі маркетынгавых камунікацый, выкананых на беларускай мове.

Сёлета Фестываль пройдзе ў Мінску 27 чэрвеня ўжо чацверты раз. Удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ.

У мінулым годзе Фестываль стаў рэкордным па колькасці пададзеных работ і ўдзельнікаў — было атрымана больш за 300 заявак ад больш чым 100 удзельнікаў!

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Фестывалю.

Усе пытанні наконт удзелу можна дасылаць прадстаўніку аргкамітэту Фестывалю па Віцебскай вобласці Уладзімеру Булаўскаму (тэл: +375 (29) 894-0517, е-mail: bulavskiv@gmail.com) альбо кіраўніку праекту Marketing.by Сяргею Скараходу (тэл.: +375 29 755-1434, 177-0121, e-mail: ss@marketing.by).

Алесь Плотка, PR-мэнэджар грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!"