Любоў Кавалёва прызнаная "Чалавекам года Віцебска–2012"

Маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва, якога Вярхоўны суд прызнаў вінаватым у здзяйсненні выбуху ў мінскім метро разам Дзмітрыем Канавалавым, дагэтуль не спыняе змагацца за гонар свайго сына.



kavaleva_lubou_placha.jpg

Яна лічыць абодвух віцебскіх хлопцаў несправядліва асуджанымі, патрабуе вярнуць ёй цела расстралянага сына ці хаця б указаць месца ягонага пахавання,  і выступае за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

У сваім  змаганні за жыццё сына маці прайшла ўсе магчымыя інстанцыі ў Беларусі, неаднаразова звярталася асабіста да Аляксандра Лукашэнкі, патрабуючы аб'ектыўнага разгляду крымінальнай справы, паводле якой расстралялі Ўладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.

Спадарыня Кавалёва звярталася і ў міжнародныя інстанцыі. Паводле яе звароту,  Камітэт па правах чалавека ААН вырашыў, што ў дачыненьні да Уладзіслава Кавалёва былі парушаныя права на жыццё і абарону, прэзумпцыя невінаватасці і справядлівага судовага разбіральніцтва, права перагляду судовага рашэння. Таксама Беларусь, паводле высноваў КПЧ ААН, парушыла шэраг палажэнняў Пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы.

Даведаўшыся, што паводле вынікаў онлайн-галасавання яна стала "Чалавекам года Віцебска–2012", Любоў Кавалёва сказала:

"Гэта, безумоўна прыемна, бо гэта падтрымка мне ў маіх намаганнях. Тыя, хто аддаў за мяне галасы, падзяляюць мае меркаванні, падтрымліваюць у змаганні за чэснае імя Улада. Але гэткай славай я не ганаруся: лепей бы засталіся жывыя нашы дзеці. Таму гэткая вядомасць — гэта вельмі балючы напамін пра тое, што ні Улада, ні Дзіму ўжо не вернеш".

Званне "Чалавек году Віцебска" заснавана  рэдакцыяй сайту "Народныя Навіны Віцебску",  які праводзіць онлайн-галасаванне. Сёлета ў  галасаванні ўзялі ўдзел 839 чалавек. За Любоў Кавалёву было аддадзена 293 галасы, і, такім чынам, яна набрала 35%. На другім месцы апынуўся  віцебскі актывіст, былы палітвязень Сяргей Каваленка, які атрымаў 24% галасоў.
spring96.org