Беларусы, якія звярталіся ў Камітэт ААН па правах чалавека, ствараюць грамадскае аб'яднанне

У Гомелі 12 лютага прайшла сустрэча палітычных і грамадскіх актывістаў, якія звярталіся ў Камітэт ААН па правах чалавека па абарону. Яны вырашылі стварыць аргкамітэт для заснавання рэспубліканскай грамадскай арганізацыі, мэтай якой будзе абарона правоў тых грамадзян, у дачыненні да якіх Камітэт ААН па правах чалавека прыняў станоўчае рашэнне ці чые скаргі былі зарэгістраваны.

 



88508.jpg

Віктар Карняенка

Плануецца таксама, што новае грамадскае аб'яднанне будзе інфармаваць грамадзян пра механізмы міжнароднай абароны правоў чалавека.


Як паведаміў на сустрэчы сустаршыня кампаніі "За справядлівыя выбары" Віктар Карняенка, у Беларусі ўрад не выконвае рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, называючы іх рэкамендацыйнымі і не абавязковымі да выканання. З 1997 года камітэт прыняў па скаргах беларусаў 40 станоўчых рашэнняў, але яны не былі выкананы ўладай. "Праз грамадскае аб'яднанне мы маем намер дамагацца таго, каб прынятыя Камітэтам ААН рашэнні былі выкананы. Таксама мы маем намер уздзейнічаць на сам Камітэт па правах чалавека, які таксама, мы лічым, павінен дамагацца выканання яго рашэнняў ад дзяржаў, што ратыфікавалі пагадненне. Мы будзем дапамагаць людзям, якія прайшлі ўсе ўнутраныя працэдуры прававой абароны, аформіць скаргі ў камітэт належным чынам", — сказаў Карняенка.


Праваабаронца Леанід Судаленка, які падрыхтаваў дзясяткі скаргаў у камітэт, задачай новай арганізацыі бачыць "пошук шляхоў вырашэння для выканання з боку ўрада рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека".


Паводле яго слоў, плануецца стварэнне базы даных прынятых рашэнняў з указаннем чыноўніка, адказнага за парушэнні правоў, бо ў кожнага парушэння ёсць пэўны выканаўца. "Гэтыя людзі павінны разумець, што яны маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека і рана ці позна ім давядзецца несці за гэта адказнасць", — падкрэсліў праваабаронца.


Ён прапануе рабочую назву для новай асацыяцыі "Артыкул 61": гэты артыкул Канстытуцыі гарантуе кожнаму права звяртацца ў міжнародныя структуры па абарону.

Алена Германовіч, БелаПАН