"Наш дом" прапануе Гомельскаму гарвыканкаму палепшыць працу з электроннымі зваротамі

Прыняць дадатковыя меры па паляпшэнні працы з рэгістрацыяй электронных зваротаў грамадзян прапанаваў Гомельскаму гарвыканкаму праваабаронца грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Андрэй
Аксёнаў. 9 лютага ён сустрэўся з начальнікам аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб гарвыканкама Алай Белянок.



 



Як паведаміў БелаПАН Аксёнаў, у ліку яго прапаноў — ліквідаваць з інтэрнэту паралельны сайт гарвыканкама http://www.gorod.gomel.by і пакінуць для карыстання афіцыйны сайт http://www.gomel.gov.by. "Наш дом" прапануе дадаткова ўвесці для выбару грамадзянамі перад адпраўленнем іх электронных зваротаў поўны пералік усіх структурных падраздзяленняў гарвыканкама, якія маюць права самастойна весці перапіску.

 

Паводле слоў Аксёнава, адна з праблем, з якой сутыкаюцца грамадзяне пры адпраўленні электронных зваротаў у дзяржаўныя органы, — гэта няўпэўненасць у тым, што кожны іх зварот будзе атрыманы, зарэгістраваны і знаходзіцца на кантролі. Для гэтага "Наш дом" прапануе гарвыканкаму ўвесці "індывідуальны (праверачны) код рэгістрацыі звароту", які пацвярджае факт яго атрымання (адпраўлення).



У адпаведнасці з законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" электронныя звароты могуць накіроўвацца ў дзяржорганы пры дапамозе інтэрнэту на адрас іх электроннай пошты або размяшчаюцца ў спецыяльнай рубрыцы "Электронныя звароты" на іх афіцыйных сайтах. Практыка паказвае, што не на ўсіх афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў размешчаны адрасы іх электроннай пошты, а там, дзе яны размешчаны, сістэма зваротнай сувязі не заўсёды працуе, адзначыў Аксёнаў. Паводле слоў праваабаронцы, чыноўнікі не сочаць за ўваходнымі зваротамі і выкарыстоўваюць любую магчымасць іх не рэгістраваць. "Гэтым грашаць і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з Гомеля і Слуцка, якія не даюць "Нашаму дому" пісьмовыя адказы на электронныя звароты выбаршчыкаў", — сказаў Аксёнаў.

Алена Германовіч, БелаПАН.


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: