Гомель: актывіст просіць дазволу размаляваць помнік Леніну

Гомельскі апазіцыянер Кастусь Жукоўскі звярнуўся з адкрытым лістом да начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкама, у якім просіць даць яму дазвол размаляваць помнік Леніну на аднайменнай плошчы.



gomel_gist_dom_1.jpg

Такая ідэя ўнікла ў заяўніка пасля таго, як ён убачыў на вуліцах Пралетарскай і Кірава дамы, якія з’яўляюцца помнікамі гісторыі, але якія пры гэтым размаляваныя (фота)

«Усё так ярка і прыгожа, у адпаведнасці з законам аб ахове гістарычнай і архітэктурнай спадчыны, вядома, навошта нам шэрая сцяна — замалюем і будзе прыгожа, трэба, мусіць, размаляваць увесь горад. Напэўна, дазвол уладаў ёсць. А іншы дом, помнік гісторыі, наогул знесці можна — месца прывабнае для інвестараў, і пабудаваць маналітны дом у дзесяць паверхаў. Колькі грошай дзяржава атрымае? Можа, і да рук чыноўнікаў некалькі кватэр прыліпне», — напісаў актывіст у адкрытым лісце.

Ён просіць «у мэтах прыцягнення замежных інвестыцый і турыстаў, і для стварэння пазітыўнага ўспрымання краіны ў цэлым, выкарыстоўваючы напрацаваныя навыкі па расфарбоўцы сцен дамоў па вуліцах Пралетарскай і Кірава» дазволіць яму размаляваць «шэры, змрочны, непрыгожа выглядаючы на фоне царквы і парка помнік Леніну».

Кастусь Жукоўскі абяцае аплаціць усе выдаткі па распрацоўцы праектнай каштарыснай дакументацыі і правядзенню працы.

Ён дадае, што на помніку Леніну размешчана такая ж таблічка, як і на размаляваных дамах (пра тое, што яны з'яўляюцца помнікам гісторыі).
 

spring96.org