Прафсаюзы: у Беларусі ўвялі прымусовую працу
Лідары прафсаюзных аб'яднанняў Беларусі і Расіі звярнуліся да кіраўнікоў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў сувязі з падпісаннем прэзідэнтам Беларусі ў снежні 2012 года дэкрэту № 9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці".
Яны заявілі, што дэкрэт, які забараняе работнікам галіны звальняцца, "фактычна ўводзіць у адной з частак Саюзнай дзяржавы прымусовую працу".
Зварот падпісалі прэзідэнт Канфедэрацыі працы Расіі Барыс Краўчанка, старшыня Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расіі Міхаіл Шмакаў і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр
Ярашук. Яны адзначылі, што прымусам работнікаў "немагчыма вырашыць праблему павышэння эфектыўнасці і прадукцыйнасці працы, хутчэй наадварот — можна атрымаць прама супрацьлеглы
вынік", паведамілі ў БКДП.
Прафсаюзныя лідары падкрэслілі, што "ў свеце не існуе іншага сродку павышэння адказнасці работнікаў, чым эканамічная зацікаўленасць, стымуляванне працаваць эфектыўна і
высокапрадукцыйна". Пры гэтым, дадалі яны, неабходна забяспечваць захаванне Канстытуцыі і нацыянальных законаў аб працы, Канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы.
Па словах прафсаюзных лідараў, адмена дэкрэту № 9 не толькі дазволіць ліквідаваць небяспечны прэцэдэнт працоўных адносін, заснаваных на прымусе, але і дасць магчымасць у далейшым фармаваць
заканадаўчую базу ў Расіі і Беларусі на аснове строгага захавання правоў і інтарэсаў работнікаў наёмнай працы, што паспрыяе працэсам інтэграцыі, развіцця і росквіту Расіі і Беларусі і забеспячэнню
"годнага жыцця народаў нашых брацкіх краін".
Як перадаваў “Тэлеграф”, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў безумоўнай рэалізацыі на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах дэкрэту № 9. Згодна з дэкрэтам, скасаваць
кантракт работнікі дрэваапрацоўчай галіны ў перыяд рэалізацыі інвестпраектаў змогуць толькі са згоды наймальніка.