Швецыя дэпартуе Вольгу Класкоўскую
Улады Швецыі адмовілі беларускай журналістцы Вользе Класкоўскай у атрыманні права на жыхарства і прынялі рашэнне аб яе дэпартацыі без магчымасці абскарджання. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзіла кіраўнік інтэрнэт-сайта Беларускага дома ў Празе Наталля Маковік.
Класкоўская павінна пакінуць тэрыторыю Швецыі разам з 11-гадовай дачкой. "Сітуацыя ўскладняецца тым, што шасцімесячны сын Вольгі — грамадзянін Швецыі — павінен застацца ў
Стакгольме", — паведамляе Маковік.
Класкоўская не мае права на палітычны прыстанак: раней яна ўжо атрымлівала статус палітбежанца, аднак у 2011 годзе падчас суда над братам Аляксандрам — былым міліцыянерам, фігурантам
крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года — "адмовілася ад міжнароднай абароны і вярнулася ў Мінск падтрымаць Аляксандра і яго сям'ю". 5
мая 2011 года журналістка была затрымана ў кватэры брата на пр. Ракасоўскага ў Мінску, дастаўлена ў Ленінскае РУУС і збіта.
Праз нейкі час Класкоўская вярнулася ў Еўропу, пазнаёмілася са шведам, сваім будучым мужам, і нарадзіла сына Адэма. "Я ў шоку, у дэпрэсіі. Я не магу сабе ўявіць жыццё без сына. Мне страшна,
што зараз прыйдуць чыноўнікі і выкінуць нас з Міраславай з краіны, і мы ўжо ніколі не ўбачымся. Я малюся, каб гэта быў проста жудасны сон", — заявіла Вольга Класкоўская.
Беларускі дом у Празе і рух салідарнасці "Разам" звярнуліся да кіраўніцтва Швецыі з просьбай адмяніць рашэнне аб дэпартацыі.