Дэлегаты з 17 краінаў свету прымаюць удзел у VI з’ездзе беларусаў свету
Дэлегаты з Беларусі, Велікабрытаніі, ЗША, Канады, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Малдовы, Украіны, Расіі, Венгрыі, Германіі, Чэхіі і Швейцарыі прымаюць удзел у VI з’ездзе беларусаў свету «Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці», які адкрыўся раніцай 23 ліпеня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў.
VI з’езд беларусаў свету
Як паведаміла старшыня рады міжнароднага грамадскага аб’яднання Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская, на 10.00 зарэгістраваныя 254 з 332 вылучаных дэлегатаў форуму, 87 беларускіх і замежных гасцей, а таксама акрэдытаваныя прадстаўнікі 35 СМІ.
Трэба мець на ўвазе, што многія выбітныя прадстаўнікі беларускай дыяспары не прыехалі ў Мінск з-за ўзросту і палітычных меркаванняў, у тым ліку — з-за мажлівага пераследу.
У сваім вітальным слове старшыня рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла адзначыла, што менавіта ад дэлегатаў форуму залежыць будучыня Беларусі і мажлівасць Бацькаўшчыны зноў заняць тое пачэснае месца ў сям’і народаў Еўропы, якое калісьці займалі нашыя продкі. На думку старшыні рады БНР, адной з найважнейшых задач беларусаў з’яўляецца інфармаванне свету «пра нашу зямлю, пра наш народ, пра нашу слаўную мінуўшчыну і нашу культуру». Сурвіла звярнулася да дэлегатаў і гасцей з’езду з прапановай прыдбаць у Мінску і падарыць уплывовым і выбітным людзям сваіх краінаў англамоўны варыянт кнігі Уладзіміра Арлова і Зміцера Герасімовіча «Краіна Беларусь».
«Нашым заданнем ёсць паказаць свету, што Беларусь жыве і будзе жыць вечна», — сказала старшыня рады БНР.
Жыхароў Беларусі яна заклікала любіць і шанаваць сваю Радзіму, а таксама цудоўную беларускую мову, якую пакінулі ў спадчыну нашыя продкі. Івонка Сурвіла параіла беларусам падручнік «Жывая мова», падрыхтаваны нядаўна адышоўшым ў лепшы свет журналістам беларускай службы Радыё Свабода Юрасём Бушляковым.
На здымках Марата Гаравога — моманты з’езду