Першая беларуская азбука для IOS ужо ў сеціве!
Даступная для спампоўвання ў APP STORE першая беларуская азбука для платформы IOS. Дадатак быў створаны супольна камандамі грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і выдавецтва «Kinderfox» пад кіраўніцтвам аўтара ідэі Андрэя Залатара.
Буквар «Родная азбука» з’яўляецца першай беларускай азбукай для IPAD, ён адаптаваны для ўсіх гаджэтаў лінейкі IPAD.
Каментуе каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» і кіраўнік МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская: «Беларуская мова, як любая іншая сучасная мова, увесь час мае адказваць на выклікі індустрыяльнага грамадства, быць сучаснай не толькі на паперы і ў гучных закліках. Менавіта таму для рэалізацыі такога праекта быў выбраны самы трэндавы дэвайс. Пытанне адукацыі на роднай мове стаіць у Беларусі востра, але яшчэ вастрэйшае яно для сем'яў беларускіх эмігрантаў. Цяпер жыхары метраполіі і дыяспар атрымалі добры дапаможнік для навучання сваіх дзетак, змест якога адпавядае памкненням бацькоў, а форма — патрэбам дзяцей».
Створаны з выкарыстаннем прафесійнай інтэрактыўнай анімацыі дадатак мае некалькі персанажаў на выбар. Адмыслова для іх буквар быў агучаны прафесійнымі акцёрамі, Ганнай Хітрык і Паўлам Харланчуком, якія прачыталі літары беларускага алфавіту, а таксама простыя вершы, якія дапамогуць іх запомніць. Каб захаваць успрыняцце мовы як сямейнай, ёсць магчымасць запісаць голас бацькоў. Музыку для праекта напісаў і выканаў лідар гурту «Палац» Алег Хаменка, аўтар вершаў — Кастусь Севярынец.
Кіраўнік групы распрацоўшчыкаў Андрэй Залатар дапаўняе калегу па праекце: «Істотным і важным для нас было знайсці партнёра, які б дапамог крэатыўна і арганізацыйна ў стварэнні азбукі, і мы рады, як хутка ў выніку спрацавала каманда і якім атрымаўся прадукт. Ёсць вялікае спадзяванне, што знойдуцца і праграмісты, якія змогуць адаптаваць такі важны дадатак і дляAndroid, боIpadкарыстаюцца далёка не ўсе. Нечакана для нас саміх прадукт хутчэй, чым звычайна, атрымаўapproveадApplestore— думаю, гэта добры знак. Добры знак для роднай мовы і для нас усіх».
Каманда Андрэя Залатара не так даўно прадставіла бясплатны дадатак пра гістарычную спадчыну Беларусі «Беларусь HD: Унікальныя фотаздымкі і 360º панарамы найлепшых мясцінаў Беларусі» .
Грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» з 2008 года займаецца падтрымкай культурніцкіх ініцыятываў, скіраваных на ўзмацненне самаідэнтыфікацыі беларусаў, сярод якіх — камунікацыйная праграма «Краіна Цмокаў», аднайменная анімацыя «Будзьма беларусамі!», штогадовы Фестываль беларускай рэкламы «Ad.nak!» і іншыя.
У планах распрацоўшчыкаў — пошук партнёраў для стварэння Android-версіі дадатку і рэалізацыя серыі казак у форме дадаткаў на платформе IOS.
Сайт праекта — bukvar.by
Спасылка для спампоўкі — https://itunes.apple.com/ru/app/abc-belarus-native-alphabet/id661715021?mt=8
Паводле прэс-службы «Будзьма беларусамі!»