У магілёўскіх тралейбусах з'явіліся вершы беларускіх паэтаў
Праект будзе адбывацца да канца года, пакуль Магілёў мае статус культурнай сталіцы Беларусі і СНД.
Ад пачатку гэтага тыдня магілёўцы могуць азнаёміцца з паэзіяй Максіма Багдановіча, Ніны Мацяш, Анатоля Вярцінскага, Эдуарда Акуліна, Сяргея Украінкі і Раісы Баравіковай, не набываючы кніг.
Арганізатарамі праекта сталі ўдзельнікі грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі».
Яны кажуць, што аўтары вершаў будуць абнаўляцца. З’явяцца ў тралейбусах і вершы новых магілёўскіх паэтаў, якія папярэдне будзе ацэньваць спецыяльнае журы.
Праект па размяшчэнні вершаў ў тралейбусах быў прапанаваны гісторыкам Аляксандрам Агеевым на кірмашы праектаў, які праводзілі кампанія «Будзьма беларусамі» і Магілёўскі гарвыканкам напрыканцы студзеня.