Дэмакратычныя сілы Беларусі падрыхтавалі папраўкі ў выбарчае заканадаўства

Дэмакратычныя сілы Беларусі, у межах кампаніі назірання «Права выбару», прапануюць вынесці на разгляд парламента законапраект, які змяняе практыку правядзення выбараў і рэферэндумаў у краіне. Ініцыятыва падтрымана Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй, Партыяй БНФ, кампаніяй «Гавары праўду!», БСДП (Г), Рухам за Свабоду і іншымі арганізацыямі-ўдзельнікамі кампаніі назірання.



urna_golas1.jpg

Законапраект заснаваны на высновах і рэкамендацыях нацыянальных назіральнікаў па выніках выбарчых кампаній 2010–2014 гадоў, рэкамендацыях міжнародных місій па назіранні за выбарамі БДІПЧ АБСЕ, практыцы прымянення змяненняў і дапаўненняў, унесеных у Выбарчы кодэкс Беларусі ў 2013 годзе, і перадавой практыцы развіцця выбарчага заканадаўства ў Еўропе.

Мэта дакумента — дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства. Асаблівае значэнне прапанаваныя ў ім нормы маюць для забеспячэння захавання прынцыпаў свабодных і справядлівых выбараў, ўсеагульнага і роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні. Законапраект будзе спрыяць захаванню роўнасці правоў і абавязкаў кандыдатаў, свабоднаму ажыццяўленню агітацыі, раўнапраўя палітычных сілаў, выключэнню выкарыстання дзяржаўнай улады для незаконных маніпуляцый, прадухілення фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

«Мы распрацоўваем нашы прапановы па рэфармаванні выбарчай сістэмы, і будзем настойваць на іх унясенні. Але галоўнае змяненне, якое неабходна для таго, каб можна было сказаць, што выбары ў Беларусі прайшлі дэмакратычна, гэта правапрымяняльная практыка. Нават тыя законы, якія цяпер існуюць, не выконваюцца. Таму кампанія назірання "Права выбару» ў сваіх выніковых ацэнках будзе зыходзіць не толькі з «літары" закона, але ў першую чаргу з рэальнай сітуацыі на тых выбарчых участках, на якіх будуць прысутнічаць нашы назіральнікі», — адзначыў кіраўнік кампаніі «Права выбару» Дзяніс Садоўскі.

Законапраект прадугледжвае скасаванне палажэнняў, якія з'яўляюцца прадметам крытыкі з боку нацыянальных і міжнародных назіральнікаў, а таксама ўвядзенне дадатковых гарантый свабодных і справядлівых выбараў.

Так, павышаецца рэпрэзентатыўнасць тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, пашыраюцца магчымасці палітычных партый для ўдзелу ў правядзенні выбараў шляхам накіравання сваіх прадстаўнікоў у склад выбаркамаў, прадугледжваецца ўвядзенне інстытута членаў ЦВК з правам дарадчага голасу на парламенцкіх і мясцовых выбарах.

Таксама ўводзяцца дадатковыя гарантыі свабоднага і бесперашкоднага ажыццяўлення назірання за працэсам галасавання і падлікам галасоў, прадугледжваецца пашырэнне магчымасцяў інфармавання грамадзян аб дзейнасці выбаркамаў з дапамогай інтэрнэту.

Прапануецца стварэнне рэспубліканскага рэестра выбаршчыкаў, скарачэнне перыяду датэрміновага галасавання да двух дзён з увядзеннем дадатковых мер, накіраваных на прадухіленне прымусу да датэрміновага галасавання, датэрміновага галасавання без дастатковых падстаў, незаконных маніпуляцый са скрынямі для галасавання ў перыяд датэрміновага галасавання.

Прадугледжваецца магчымасць анлайн-трансляцыі, відэаназірання і відэазапісу з выбарчых участкаў, абавязковы выраб скрынь для галасавання з празрыстага матэрыялу.

Здымаюцца абмежаванні на правядзенне агітацыйных масавых мерапрыемстваў, адмяняецца забарона агітацыі на карысць няўдзелу ў выбарах.

Уводзіцца статус асабістай недатыкальнасці і іншыя гарантыі дзейнасці для ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, прадугледжваецца ўвядзенне інстытута члена ўчастковага, тэрытарыяльнага выбаркама з правам голасу, накіраванага ў якасці прадстаўніка кандыдата ў прэзідэнты пасля яго рэгістрацыі.

Пашыраюцца магчымасці для грамадскага кантролю за выбарамі шляхам ўрэгулявання працэдуры стварэння і фарміравання складу Назіральнай рады па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі, у якім абавязкова будуць удзельнічаць і прадстаўнікі недзяржаўных СМІ, праваабарончых і іншых аб'яднанняў.

Акрамя таго, пашыраюцца магчымасці для судовага кантролю за дзейнасцю органаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў, у тым ліку абскарджання дзеянняў выбаркамаў і іншых парушэнняў заканадаўства.

Прэсавая служба БХД