Кампанія «Права выбару» перадала ў заканадаўчыя ўстановы прапановы па зменах у выбарчае заканадаўства
9 красавіка прапановы па зменах у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь адасланыя ў Цэнтральную выбарчую камісію, як органу, які адказны за ўдасканаленне выбарчага заканадаўства, а таксама суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы — дэпутам Палаты прадстаўнікоў і ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Кампанія па назіранні за выбарамі «Права выбару» распрацавала змены ў выбарчае заканадаўства. Гэтыя прапановы законапраекта былі зацверджаныя на паседжанні кампаніі 7 красавіка арганізацыямі-удзельніцамі кампаніі па назіранні за надыходзячымі прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года
У бліжэйшы час лідары кампаніі плануюць сустрэчу са спікерам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Падчас сустрэчы будуць прадстаўленыя прапанаваныя змены і выказаныя аргументы кампаніі на карысць рэфармавання выбарчага заканадаўства.
Мэта распрацаванага законапраекта — дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства. У ім выкладзеныя канкрэтныя прапановы што да прадухілення фальсіфікацый у часе датэрміновага галасавання, павелічэння паўнамоцтваў назіральнікаў і палітычных партый у якасці удзельнікаў выбарчага працэса, прадухілення выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса. З улікам досведу папярэдніх кампаній прапануецца ўвесці дадатковыя гарантыі для кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку замацаваць іх асабістую недатыкальнасць і прадугледзіць магчымасць накіроўваць прадстаўнікоў кандыдатаў у склад выбарчых камісій.
У кампанію па назіранні за выбарамі «Права выбару» уваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя», грамадская кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ, «Рух за Свабоду», Партыя «Зялёных», Прафсаюз РЭП і аргкамітэт па стварэнні Партыі «Свабоды і прагрэсу». Ініцыятыва скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх. «Права выбару» грунтуецца на сваім вопыце назірання за галасаваннем на мясцовых выбарах 2014 года.
Паводле bchd.info