
Пад Новы год усе думаюць пра мадэрнізацыю сваёй дзейнасці. ТБМ распачаў працу свайго дыскусійнага клубу яшчэ за некалькі месяцаў да святаў. І за гэты час выйшаў на рэгулярную арганізацыю
сустрэч гасцей: кожны аўторак, а 19-й гадзіне, у сядзібе, што месціцца на вул. Румянцава 13. Пра новую праграму журналісту “Новага часу Аляксею Хадыку распавядае яе каардынатарка
спадарыня Алена Анісім.
З канца верасня 2009 года ў нас у ТБМ дзейнічае праект “Дыялог, падтрыманы Амбасадай ЗША і Дэпартаментам па гуманітарнай дапамозе РБ пры Адміністрацыі прэзідэнта. Гэта
сур’ёзная падтрымка, якая дазваляе нам працаваць па некалькіх кірунках.
Першы накірунак, “мова, уключае ў сябе арганізацыю сустрэч з вядомымі мовазнаўцамі і лінгвістамі, якія распавядаюць пра апошнія змены ў правапісе. Існуе сапраўдны інтарэс аўдыторыі
да моўнай сітуацыі, да асаблівасцяў маўлення ў Беларусі – да тэндэнцый і да іх зменаў з пункту гледжання менавіта вучоных. Ёсць цікавасць да таго, наколькі правапіс закранае гэтыя тэндэнцыі,
да таго, што, магчыма, будзе патрабаваць бліжэйшага разгляду і дэталізацыі. Своеасаблівае спалучэнне тэорыі, законатворчасці і жывой практыкі.
Асобнае зацікаўленне – назвы, геаграфічныя аб’екты, беларуская тапанімія, якая шмат гадоў цярпела розныя змены, дапускала варыянтнасць, не была ўпарадкаваная, ды і зараз гэтая тэма
не знятая з парадку дня.
Кірунак “фальклор выходзіць за вузка фальклорныя рамкі, азначаючы веданне, знаёмства і прытрымліванне абрадавай традыцыі Беларусі. Натуральнае пачуванне сябе ва ўласнай культурнай
прасторы – уменне адзначыць уласныя святы, разумець іх, арганізаваць. За гэта ў нас адказвае Аляксей Галіч, ён прыцягвае да працы знакамітых і дасведчаных у культаралагічным плане
спецыялістаў. Да гэтага накірунку адносіцца і вывучэнне песень, у сувязі з чым ТБМ 5 студзеня правёў калядную вечарыну ў сваёй сядзібе.
Наступны кірунак можна назваць “краязнаўчым, бо ён уключае ў сябе знаёмства са славутымі мясцінамі Беларусі. Ужо прайшла сустрэча па сярэднявечных замках Беларусі, па мясцінах
Адама Міцкевіча ў краіне і крышку за яе межамі. Да гэтых сустрэч мы рыхтуем візуальную інфармацыю і суправаджальныя звесткі пра тое, як людзям можна самастойна арганізаваць падарожжа па цікавых
мясцінах: прывязку і арыентацыю на мясцовасці. Распрацоўкі прапануюцца ўвазе чытачоў “Нашага слова. Бліжэй да вясны мы рыхтуем гутарку з Уладзімірам Іллічом Содалем – яго
тэма будзе тычыцца, безумоўна, Францішка Багушэвіча. Задумваем наведаць мясціны Янкі Купалы і Якуба Коласа, асабліва тыя, якія ў меншай ступені разрэкламаваны ў розных турыстычных маршрутах.
Нарэшце, адзін з самых цікавых і перспектыўных кірункаў – стварэнне дыскусійнага моладзевага клубу. Моладзь зараз вельмі зацікаўлена ва ўтварэнні пляцоўкі для абмеркавання сваіх праблем,
рэалізацыі ўласных амбіцый і перспектыўных памкненняў. Бо маладыя грамадзяне і ў наш час застаюцца актыўнай часткай грамадства, а месца для рэалізацыі сваіх задум маюць не заўсёды.
У нас ужо прайшло некалькі пасяджэнняў анансаванага вамі дыскусійнага клуба. Першым пажаданнем удзельнікаў клуба была арганізацыя сустрэчы з эканамістам, і нас наведаў Яраслаў Раманчук, правёўшы
цікавую гутарку. Другую сустрэчу хацелі арганізаваць з Іосіфам Паўлавічам Сярэдзічам, але ўзніклыя праблемы з “Народнай воляй (папярэджанні Мінінфармацыі) забралі яго час. Замест
яго да нас прыходзілі маладыя журналісты “Звязды – Глеб Лабадзенка і Мікола Тамашэвіч, і сустрэча прайшла надзвычай плённа. Гутарка планавалася па пытанні “Мова ў
СМІ, але выйшла за гэтыя межы, закранула асаблівасці сённяшняй працы журналіста. Як яна арганізуюцца, як шукаюцца цікавыя тэмы і пераадольваюцца цяжкасці… У перспектыве мы плануем
прэзентаваць нашу праграму па-за межамі Мінска – у Лідзе, Баранавічах, Магілёве, Віцебску.
Варта паўтарыцца: кожны аўторак (за выключэннем 12 студзеня), з 19 па 21 гадзіну, у сядзібе ТБМ абавязкова праходзяць мерапрыемствы з праграмы “Дыялог, і ўваход на іх вольны.
Запрашаем!
З бліжэйшых мерапрыемстваў:
19 студзеня – сустрэча з вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук Веранікай Курцовай на тэму “Сучаснае беларускае маўленне і яго адлюстраванне ў
правапісе.
26 студзеня будзе абмяркоўвацца лёс беларускай нацыянальнай сімволікі з удзелам дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ склікання старшыні ТБМ Алега Трусава і, магчыма, яшчэ кагосьці з тых дэпутатаў, якія
бралі ўдзел у наданні нацыянальнай сімволіцы статусу дзяржаўнай 19 верасня 1991 года.
Нарэшце, анансуем канферэнцыю “Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасць грамадскіх арганізацый па яго паляпшэнні, якая запланавана на нядзелю, 24 студзеня, з 10 да 17 гадзін, месца
правядзення пакуль удакладняецца.
Даведкі па тэлефонах (017) 284-85-11, (029) 661-65-98, Алена Анісім, з 16 па 20 гадзін.