Для апраўдання забудовы зоны Курапатаў падключаць грамадскасць?

На 17 красавіка а 15.00 у Доме культуры аграгарадку Лясны (Мінскі раён) прызначана прэзентацыя горадабудаўнічага праекту даталёвага планавання (ПДП) тэрыторыі вакол Курапатаў. 



kurapaty_ha_data_1_logo.jpg

У межах грамадскага абмеркавання ПДП, якое адбудзецца з 15 красавіка па 1 мая, з праектам можа пазнаёміцца (з панядзелка па пятніцу – з 8.00 да 17.00, у суботу – з 8.00  да 13.00) у фае  Бараўлянскага сельскага выканкама, што знаходзіцца ў аграгарадку Лясны. Кантакты прадстаўніка арганізатара прэзентацыі -- аддзела архітэктуры і будаўніцтва Мінскага райвыканкама: 220073, Мінск, вул. Альшэўскага, 8, тэлефоны 204-41-93 і 204-21-03.   

Згодна з інфармацыяй Мінскага райвыканкаму і ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкаму, арганізатарам грамадскага абмеркавання пректу вызначаны Мінскі райвыканкам.

У склад камісіі (рабочай групы) па грамадскім абмеркаванні ўключаюцца прадстаўнікі заказчыка і распрацоўшчыка горадабудаўнічага праекту, а таксама (з іх згоды) — прадстаўнікі мясцовых саветаў дэпутатаў і ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання.

Яны маюць права накіроўваць у Мінрайвыканкам пісьмовыя заўвагі і прапановы, якія грунтуюцца на нарматыўна-прававых актах, у тым ліку тэхнічныя, а таксама праводзіць за кошт уласных сродкаў прафесійную незалежную экспертызу выстаўленага праекту. Прычым, усе прапановы і заўвагі павінны ўлічвацца і прымацца камісіяй (рабочай групай) падчас правядзення грамадскага абмеркавання, а вынікі незалежнай экспертызы — накіроўвацца ў орган дзяржаўнай экспертызы.

Ад грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” ў склад камісіі (рабочай групы) па грамадскім абмеркаванні ПДП тэрыторыі вакол Курапатаў уключаны вядомы беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей.

Яна родам з гораду Петрыкаў, што на Гомельшчыне. Пасля заканчэння Беларускага дзяржуніверсітэту працавала ў БДУ, Гродзенскім дзяржаўным педагагічным інстытуце і Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асноўны кірунак дзейнасці — гістарыяграфія археалогіі Беларусі і гісторыя насельніцтва Беларускага Палесся жалезнага веку.

Для абаронцаў народнага мемарыялу ўдзел у грамадскім абмеркаванні мае вялікае значэнне, бо згодна адваротнаму прадугледжанаму законам алгарытму дзеянняў, плошча ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты” непасрэдна залежыць ад ПДП тэрыторыі вакол нацыянальнага некропалю.